Нагадаем, што да канца ўчорашняга дня не было вядома, дзе менавіта адбудзецца заплянаваная сустрэча зацікаўленых бакоў – у Менску ці Маскве. Сёньня раніцай беларускі бок пацьвердзіў, што перамоўнай пляцоўкай абраны Менск. Аднак неўзабаве зьявілася іншае паведамленьне – разгляд спрэчных пытаньняў адтэрмінаваны. Калі перамовы адновяцца – пакуль нават не прагназуецца.
Папярэднія энэргетычныя раўнды адбыліся 12 студзеня ў Менску і 14 студзеня ў Маскве. Аднак беларускія перамоўнікі ад “Белэнэрга” і расейскі пастаўшчык у складзе прадстаўнікоў канцэрну “Інтэр РАО ЕЭС” так і не ўзгаднілі ўмовы камэрцыйных паставак расейскай электраэнэргіі праз Беларусь у 2010 годзе. Між тым, расейскі бок абураны намерамі Менска падвысіць кошт паслугаў за транзыт болей чым у 5 разоў. У “Белэнэрга” такі крок патлумачылі меркаваным падвышэньнем аб’ёмаў падачы электраэнэргіі ў Літву ў зьвязку з закрыцьцём Ігналінскай АЭС. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе істотнага росту выдаткаў з беларускага боку.
У канцэрне “Белэнэрга” запэўніваюць, што адтэрміноўка заплянаваных на сёньня перамоваў выкліканая менавіта “арганізацыйна-тэхнічнымі” момантамі, а не непераадольнымі супярэчнасьцямі ў пазыцыях бакоў”.
Аднак напярэдадні супрацоўнік “Інтэр РАО ЕЭС” у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што памылкова лічыць энэргетычную спрэчку выключна эканамічнай. Па словах расейскага мэнэджэра, падтэкст, як і ў выпадку з дамоўленасьцямі па пастаўках у Беларусь расейскай нафты, цалкам палітычны. І пакуль у сытуацыю не ўмяшаюцца вышэйшыя кіраўнікі Расеі і Беларусі, плёну ад сустрэчаў прадстаўнікоў ніжэйшага зьвяна чакаць не выпадае.