Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гэта апошні шанец Беларусі заключыць выгадную зьдзелку"


Сёньняшняе выданьне The Wall Street Journal піша, што Беларусь мае "абмежаваныя рычагі ўплыву", каб дабіцца станоўчага выніку ў спрэчцы з Расеяй пра мыта на пастаўкі расейскай нафты.


Паводле The Wall Street Journal, Эўропа, якая мае бясьпечныя запасы нафты і магчымасьці давезьці яе ў танкерах у выпадку вострай неабходнасьці, няма чаго баяцца гэтага чарговага расейска-беларускага энэргетычнага канфлікту. Затое Беларусь можа страціць у ім значна больш, чым толькі цяперашнія даходы ад перапродажу расейскай нафты.

Газэта прыгадвае, што ў 2012 годзе Расея хоча закончыць пабудову трубаправоду па дне Балтыкі, якім расейская нафта пойдзе ў Эўропу ў абыход Беларусі.

"Гэта апошні шанец Беларусі заключыць выгадную зьдзелку перад тым, як гэты трубаправод будзе закончаны", — The Wall Street Journal цытуе брытанскага экспэрта ў энэргетычнай сфэры. — "Аднак усе карты — у руках Расеі".

Гэта апошні шанец Беларусі заключыць выгадную зьдзелку перад тым, як гэты трубаправод будзе закончаны.Аднак усе карты — у руках Расеі
Газэта сьцісла нагадвае сваім чытачам, у чым сутнасьць расейска-беларускага нафтавага канфлікту: Трубаправодам “Дружба” штогод ідзе 37 мільёнаў тон нафты ў Польшчу і Нямеччыну ды 21.5 мільёна тон у Беларусь. Беларусь спажывае прыблізна 8 мільёнаў тон з гэтай нафты, а астатнюю перапрацоўвае і прадае ў Эўропу. Да гэтай пары Расея брала зь Беларусі мыта роўнае больш-менш траціне стандартнага мыта на нафту, прадаваную ў Эўропу. Цяпер Расея хоча, каб Беларусь плаціла поўнае нафтавае мыта, як і іншыя (гэта значыць, 267 даляраў за тону нафты). Калі б Расея гэтага дамаглася, Беларусі трэба было б адмовіцца ад сумы каля 5 мільярдаў даляраў (а гэта прыблізна 10 адсоткаў ВУП краіны).

А сёньняшняе выданьне The New York Times апошнія "эканамічныя войны" паміж Расеяй і Беларусьсю (газавая вайна 2007 году, малочная вайна летась) увязвае наўпрост з палітычным манэўраваньнем Аляксандра Лукашэнкі паміж Расеяй і Захадам. Паводле The New York Times, колішняя ідэя "саюзнай дзяржавы" Расеі і Беларусі сёньня зводзіцца ўсяго да агульнай мытнай прасторы, але нават і пагадненьне аб мытным саюзе знаходзіцца пад вялікім пытаньнем.

Агенцтва Reuters у сваёй ацэнцы эканамічнай сытуацыі Беларусі ставіць пад сумненьне здольнасьць беларускай эканоміі дасягнуць росту 1,8 адсотка ў 2010 (паводле прагнозу МВФ), калі краіне давядзецца плаціць Расеі поўнае нафтавае мыта. Агенцтва нагадвае, што продаж перапрацаванай расейскай нафты летась дала 37 адсоткаў усіх даходаў Беларусі з экспарту. Агенцтва таксама нагадвае, што адмоўнае сальда краіны ў замежным гандлі за 11 месяцаў 2009 году дасягнула 6,3 мільярды даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG