Шыльда свабоды
Вёска Мілавіды Баранавіцкага раёну.
Тут, на месцы бітвы паміж расейскімі карнікамі і паўстанцамі Кастуся Каліноўскага 22 траўня 1863 году, з 1993 году мясцовыя патрыёты ўшаноўваюць памяць беларускіх ваяроў.
Тут, на месцы бітвы паміж расейскімі карнікамі і паўстанцамі Кастуся Каліноўскага 22 траўня 1863 году, з 1993 году мясцовыя патрыёты ўшаноўваюць памяць беларускіх ваяроў.
Найбольшую працу для гэтага зрабіў тагачасны старшыня Баранавіцкай рады ТБМ, краязнавец Міхась Бернат. Адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку 22 траўня 1993 году адбылося ўрачыста, з удзелам вучняў мясцовай школы, грамадзкасьці і кіраўніцтва сельсавету.
З тых часоў кожны год у гэты дзень на Мілавідзкім полі адбываюцца ўрачыстыя цырымоніі. Ля помніка зьбіраецца мясцовая грамадзкасьць, прыяжджаюць госьці зь Менску — палітыкі, пісьменьнікі, мастакі, гісторыкі. Але пасьля 1994 году — без удзелу ўладаў і мясцовай школы, дзе ёсьць, дарэчы, музэй Каліноўскага. Патрыёты ўскладаюць кветкі, сьпяваюць беларускія змагарныя песьні. Улады не чапаюць, хоць і назіраюць. Тым болей што абавязковы атрыбут сьвята — бел-чырвона-белы сьцяг, — кажа цяперашні старшыня Баранавіцкай рады ТБМ Віктар Сырыца:
«Там побач шаша, вельмі шмат машын езьдзіць. І машыны спыняюцца, трубяць у трубы — падтрымліваюць нас. Два гады таму праехала машына, а затым спынілася. Зь яе выйшаў прадстаўнічы чалавек у белай кашулі, у гальштуку. Стаяў здалёк, глядзеў. Калі мы скончылі мерапрыемства, я падышоў да яго, прадставіўся і запытаў, а хто ён? Ён адказаў, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Івацэвіцкага раёну Аляксандар Сьвірыд. Так што і ён, хай сабе і ўскосна, але паўдзельнічаў у нашым сьвяце. Напэўна ж, быў зьдзіўлены, што ў вёсцы лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі і людзі нешта гавораць».
Віктар Сырыца лічыць Мілавідзкае поле месцам свабоды ў баранавіцкім рэгіёне, бо:
«Туды прыяжджаюць людзі вольна. Гэта — тэрыторыя, дзе вольна лунаюць нашы бел-чырвона-белыя сьцягі. Гэта — наша баранавіцкая Ворша».