Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ушанавалі памяць змагароў за незалежнасьць


7 чэрвеня пад Мілавідамі ля помніку паўстанцам 1863 году адбылася традыцыйная імпрэза баранавіцкай грамадзкасьці. Сёлета яна была адметнай прысутнасьцю шырокага спэктру актывістаў нацыянальнага руху.


На ўшанаваньне памяці па тых, хто загінуў у бітве з расейскімі войскамі 146 гадоў таму, прыехалі баранаўцы са сваімі дзецьмі, мясцовая моладзь, беларускія палітыкі, літаратары, - усяго каля 50 чалавек. На імпрэзе прагучалі ўрачыстыя прамовы, выступы з экскурсамі ў гісторыю, патрыятычныя песьні і саксафон з “Палянэзам Агінскага”.

Уладзімер Арлоў узрушана расказвае пра свае ўражаньні:

“І раней я бываў тут. Яле гэта проста быў прыпынак у падарожжы для хвілінаў роздуму, успамінаў пра паўстанцаў. А на такой урачыстасьці я ўпершыню. Зараз я вельмі натхнёны. Гэта сэрца Беларусі. Шмат чаго захавалася. Гэта змагарныя мясьціны. Мне вельмі прыемна, што тут існуе паўстанцкі, вальналюбны дух, які я бачу па маладых тварах, што я сабе адзначыў”.

Моладзь адказвае ва ўнісон:

“Гэта мой абавязак – прыехаць сюды. Да тых, хто бараніў сваю будучыню ад маскоўскай навалы. Тое, што яны мелі ідэю Літвы, то трэба сказаць, што гэта ня сёньняшняя Літва. Беларусь – спадкаемца той ідэі. Адметнасьць сёньняшняй іпрэзы заключаецца ў тым, што прыехала шмат знакамітасьцяў: Арлоў, Янукевіч, Мех…”, - кажа 19-гадовы Павал Свірыд.

“Я ўпершыню тут, у Мілавідах. Уражаньне вельмі добрае: сьвята, набажэнства, моладзь… Надвор’е распагодзілася – Боскі знак. Урачыста: сьцягі бел-чырвона-белыя. Такія імпрэзы даюць сілы, каб працягваць дзейнасьць!” – пракамэнтаваў падзею намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Актывіст БНФ Сяргей Бахун таксама адзначае, што першы раз пабыць на такой імпрэзе яму імпанавала:

“Але я пастаянна, калі еду па трасе Менск – Берасьце, то завітваю: і кветкі ўскласьці, і проста пастаяць і падумаць над мінулым і будучыняй Беларусі”.



Бітва пад Мілавідамі паміж прыхільнікамі Кастуся Каліноўскага і войскам Расейскай імпэрыі адбылася 22 траўня 1863 году і стала самай значнай у паўстаньні Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі. Зь беларускага боку ў ёй удзельнічалі 800 чалавек, ім супрацьстаялі 600 добра ўзброеных царскіх салдат і артылерыя. Паўстанцам удалося атрымаць перамогу, але замацаваць посьпех яны не змаглі і пакінулі лягер.







Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG