Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Заіка: “Калі б Сідорскі меў Нобэлеўскую прэмію...”


Старшыня Савету міністраў Сяргей Сідорскі на нарадзе 29 сьнежня паставіў перад прамысловасьцю задачу прыцягнуць і асвоіць 5,6 мільярда даляраў замежных інвэстыцый, зь іх 2,7 мільярда — прамых інвэстыцый. Таксама пастаўленая мэта праз 3—4 гады выйсьці на станоўчае сальда зьнешняга гандлю. Ці рэальныя гэтыя задачы?


Незалежны эканаміст Леанід Заіка камэнтуе заявы Сяргея Сідорскага.

“Спачатку трэба пацікавіцца: куды ідуць цяпер інвэстыцыі? Зараз у сьвеце інвэстыцыі ў разьвітыя краіны не ідуць, у тым ліку і ў такія другарадныя эўрапейскія краіны, як Беларусь. Зараз інвэстыцыйныя плыні ідуць у краіны з сыравіннай арыентацыяй. Таму сёньня інвэстыцыі маюць краіны Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі, дзе ёсьць нафта і дзе карысныя выкапні, у тым ліку мэталы. Гэта трэнд, які будзе працаваць у 2010—11 гадах і далей. А што прывабнага ў нас? Калійныя ўгнаеньні? Дык мы іх прадалі толькі на 38% ад леташняга ўзроўню. Нафты ў нас няма, газу няма, дык на што “лавіць” інвэстараў? Адзінае, гэта калі ўрад будзе прадаваць прадпрыемствы. За кожны з нафтаперапрацоўчых заводаў можна гэтыя 2 мільярды атрымаць ды яшчэ і ў кішэню нешта пакласьці. Вось, прыкладам, калі Абрамовіч ці ягоная была жонка няшчасная, якая засталася з парай мільярдаў даляраў, вырашыць купіць тут прадпрыемства за 2 мільярды — чым не інвэстыцыі? З пункту гледжаньня прэм’ера гэта будуць інвэстыцыі, з майго пункту гледжаньня, як падаткаплатніка, гэта крадзеж маёй маёмасьці. Бо гэты завод будавалі мае бацькі і часткова я, як чалавек таксама з таго часу”.

Карэспандэнт: “А ці магчыма за 3—4 гады, як плянуе Сяргей Сідорскі, дамагчыся станоўчага сальда ў гандлёвым балянсе Беларусі?”

Леанід Заіка: “Бачна, што ва ўрадзе не рабіўся аналіз працэсаў з гандлёвым і плацёжным балянсам у краінах трансфармацыйнага тыпу. І гэта дрэнна. Бо адзіная краіна, якая мае станоўчае гандлёвае сальда, — гэта Расея. Усе астатнія постсавецкія і постсацыялістычныя краіны маюць адмоўнае сальда. Толькі Кітай, калі да яго далучыўся Ганконг, крыху выправіў становішча. Малая краіна без сыравіны, без высокапрыбытковых рэсурсаў ня можа дасягнуць станоўчага сальда. Гэта магчыма толькі тады, калі яна будзе лідэрам у тэхналёгіях. Ніводнай краіне, якая знаходзіцца ў трансфармацыйнай стадыі, за апошнія 20 гадоў гэта не ўдалося. Але, магчыма, Беларусь скарыстае нейкія абсалютна новыя, невядомыя эканамічныя тэхналёгіі... Ну, гэта толькі калі прэм’ер Сідорскі стане ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі. Тады шанец ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG