Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інавацыі году: разгадка ўтварэньня сусьвету і вакцына ад ВІЧ?


Магнітны асяродак Вялікага гадроннага калайдэра
Магнітны асяродак Вялікага гадроннага калайдэра

"Свабода" знаёміць вас з вынікамі году. Агляд найважнейшых навінак навукі і тэхналёгіяў 2009-га падрыхтаваў міжнародны аглядальнік “Свабоды” Рычард Солаш.


Пазнаньне сусьвету

2009-ы год мае шанец стаць паваротным у гісторыі чалавецтва, праясьніўшы нарэшце загадку аб стварэньні сусьвету, над якой чалавецтва ломіць дзіды, бадай, з пары паляваньня на мамантаў. Нягледзячы на неаднаразовыя адтэрміноўкі і тэхнічныя складанасьці, некалькі тыдняў таму пачаў паўнавартасную працу Вялікі гадронны калайдэр. Паводле навуковага пляну, велізарная цэнтрыфуга, зьмешчаная пад зямлёю на швайцарска-францускім памежжы, на працягу трох гадоў зможа пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць папулярную гіпотэзу аб стварэньні сусьвету, змадэляваўшы так званы Вялікі выбух.

Мэдыцына

Ня менш сэнсацыйным стаў гэты год і ў мэдыцыне. У Тайляндзе была пасьпяхова выпрабаваная першая вакцына ад СНІДу. Праўда, гэта пакуль не панацэя. Згодна з вынікамі досьледу, прышчэпка толькі на траціну памяншае рызыку заражэньня. Тым ня менш зьяўленьне першага прэпарату з даказаным (хоць і абмежаваным) абаронным дзеяньнем ад вірусу ВІЧ, стала, паводле дырэктара Глябальнай ініцыятывы для распрацоўкі вакцыны супраць вірусу ВІЧ Алана Бэрнштэйна, тым фундамэнтам, зь якога навукоўцы змогуць павялічваць эфэктыўнасьць гэтых лекаў.

Адметным стала вынаходзтва біямаскі, якая зьнішчае фактычна 100% грыпозных бацылаў.

Камунікацыі і стыль жыцьця

Камунікацыйныя тэхналёгіі ўпершыню выйшлі сёлета на першы плян змаганьня за правы чалавека. “Гітом сэзону” сталі сацыяльныя сеткі. У прыватнасьці, гэта тычыцца “Твітэру”, які замяніў сабою заблякаваныя ўрадамі Ірану і Малдовы незалежныя мэдыі падчас пасьлявыбарчых пратэстаў у Тэгеране і Кішынэве.

Наагул, “Твітэр”, які яшчэ толькі чакае свайго прыходу да беларускай масавай аўдыторыі ўсьлед за “Фэйсбукам”, дазваляе ня толькі абменьвацца інфармацыяй аб месцы збору на дэманстрацыю, але й часткова замяніў сабою сродкі масавай інфармацыі: гэта і імэйл, і тэлефон. Служба дазваляе чалавеку адчуваць сябе ў блізкім штодзённым кантакце з сотнямі сяброў, знаёмцаў ды публічных фігураў, надзвычайна пашыраючы магчымасьці міжчалавечых кантактаў.

Своеасаблівым “штурмам Зімняга”, які ўвянчаў перамогу рэвалюцыі сацыяльных сетак, – стаў бум разьвіцьця смартфонаў, якія ўсё далей разьвіваюць памежную зону паміж мабільным тэлефонам і кампутарам. Сёньняшняя прапанова праграмнага забесьпячэньня для мабільнікаў ад карпарацыі “Эпл” складае больш за 100 тысяч праграмаў. Сучасныя смартфоны умеюць ужо вельмі шмат – пачынаючы ад стандартных функцыяў імэйлу ды электроннай бібліятэкі, якая дазваляе цягам хвіліны загрузіць “Вайну і мір”, калі заманулася перачытаць улюбёную сцэну ў трамваі, і канчаючы спадарожнікавай навігацыяй і распазнаваньнем сузор'я, на якое вы накіроўваеце свой тэлефон.

Экалёгія

Пакуль на Капэнгагенскім саміце палітыкі паступова топяць аптымістычныя спадзяваньні на пагадненьне аб супольным фронце супраць кліматычных зьменаў, навукоўцы ў сваіх лябараторыях адтэрміноўваюць прыродныя катаклізмы. Галоўныя экалягічныя інавацыі хоць і не стракацелі ў газэтных перадавіцах, але ж на мільёны тонаў скарацілі забруджваньне плянэты. Да вынаходак году міжнародны аглядальнік “Свабоды” Рычард Солаш аднёс заменьнік хімічнай пены “Стырафом”, якая зьяўляецца найбольш ужываным у прамысловасьці кампанэнтам для ізаляцыі ад вільгаці. Цяпер ізаляцыйны матэрыял можа вырабляцца на аснове грыбковага арганізму, што дазваляе арганічна зьнішчаць гэты матэрыял пасьля заканчэньня тэрміну ўжываньня.

Другой “зялёнай” навінкаю году быў названы парашок для ачышчэньня ад мэталаў ужытай у прамысловасьці вады – гэты парашок пры масавым выкарыстаньні можа кардынальна паправіць водныя экасыстэмы індустрыялізаваных раёнаў.

Космас

2009-ы год быў названы Арганізацыяй Аб'яднаных Нацыяў Міжнародным годам астраноміі – у гонар чатырохсотай гадавіны вынаходзтваў Галілея. Касьмічныя агенцтвы сьвету, аднак, найбольш вызначыліся сёлета шэрагам няўдалых ракетных запускаў. Хаця зусім безь юбілейнага падарунка не абышлося. Амэрыканская арбітальная абсэрваторыя “Планк” ахаладзіла свой высокачастотны інструмэнт для дасьледаваньня мікрахваляў у космасе, які працуе тым дакладней, чым ніжэйшая яго тэмпэратура, да мінус 273 градусаў Цэльсія. Гэта зрабіла названы інструмэнт найхаладнейшым вядомым навуцы аб'ектам у космасе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG