Тацяна Шапуцька вызначыла найлепшыя матэрыялы сайту "Свабоды" за 15 сьнежня, аўторак:
Радуе, што “Радыё Свабода” актыўна сочыць за экалягічнай канфэрэнцыяй у Капенгагене, дзе, між іншым, удзельнічаюць і прадстаўнікі беларускіх экалагічных супольнасьцяў, і прысьвяціла ажно некалькі рэпартажаў гэтай тэматыцы. Адзін зь іх - Канфэрэнцыя ў Капэнгагене: багатыя супраць бедных – зразумелаю моваю тлумачыць асноўныя праблемы, што ўздымаюцца на канфэрэнцыі.
На фоне экалагічнай тэматыкі нельга не заўважыць і навіну, што закранае экалагічную набалелую праблему канкрэтна датычна Беларусі – Эўразьвяз прафінансуе чарнобыльскі праект у Беларусі. Праграма “Дзеці Чарнобыля” – вядомая ў Беларусі й яе лёс і разьвіцьцё ня могуць застацца незаўважнымі.
Зноўку ўздымаецца пытаньне аб палітвязьнях. Дарэчы, “Свабода” ледзь не адзіная інфармацыйная крыніца, што ўвесь час сочыць за лёсам прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі, статус якога праваабаронцы яшчэ ня вызначылі – ці тое палітвязень, ці тое не. Менавіта гэта ёсьць чыньнікам заняпаду ўвазі да пэрсоны Бандарэнкі з боку журналістаў. “Свабода” ж не засталася абыякавай, за што й была ўзнагароджана – першай дазналася аптымістычную навіну пра тое, што прысуд адменены - Бандарэнку мусяць вярнуць з Бабруйскай калёніі на Валадарку. Адмена прысудаў у Беларусі – справа рэдкая, а ў дачыненьні палітвязьняў – амаль неверагодная.
Працягнуў тэму “палітзьняволеных” артыкул Палітзьняволеныя “зоны” by. Навіна мае прыцягваючый арыгінальны назоў, акрамя таго, вельмі займальна даведацца меркаваньне наконт праекту Указу Лукашэнкі пра віртуальную сэтку непасрэдна з вуснаў экспэртаў у гэтай справе.
Ну й не без аналітыкі, якой на “Свабодзе” заўсёды дастаткова. Аналіз асноўных падзеяў апошніх двух тыдняў цікавымі і інтэлектуальнымі суразмоўцамі - Выкраданьне актывістаў, адлічэньне Т. Шапуцькі, 10 гадоў саюзнай дзяржавы. Актуальна й зьмястоўна.