Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкорднае падзеньне таваразвароту паміж Беларусьсю і Расеяй


За 10 месяцаў 2009 году таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй упаў амаль на 40 працэнтаў. Урады спадзяюцца, што гэтае падзеньне ўдасца прыпыніць з пачаткам дзейнасьці Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану.

Летась таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй дасягнуў рэкорднай адзнакі ў 34,3 мільярда даляраў. Сёлета чакаецца рэкорднае падзеньне. Паводле статыстыкі за 10 месяцаў гэтага году, двухбаковы таваразварот склаў 18,7 мільярда даляраў — то бок упаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 38,3 працэнта. Прычым беларускі экспарт у Расею ўпаў больш — на 42 працэнты, а адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй склала 8 мільярдаў даляраў.

Васіль Хрол
Васіль Хрол
з пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы прычынамі такога падзеньня называе глябальны эканамічны крызіс, зьмены цэнавай каньюнктуры, скарачэньне попыту на беларускія тавары. Паспрыялі і гандлёвыя войны паміж Беларусьсю і Расеяй.

Менскі эканаміст Леанід Заіка так ацаніў рэкорднае падзеньне таваразвароту паміж Беларусьсю і Расеяй:

“Увогуле, гэта правал гэтага расейска-беларускага саюзу. Столькі часу затрацілі на перамовы, на мытны саюз, а ў выніку ўсё прыхлопнулася. Гэта жудасна! Ад аб’ёму продажу ў Расею беларускіх грузавікоў засталося толькі 18 працэнтаў”.

Леанід Заіка
У Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця Расеі мяркуюць, што прыпыніць падзеньне дапаможа Мытны саюз паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам, які павінен запрацаваць ад новага году.

Кіраўнік Дэпартамэнту эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі СНД Сяргей Чарнышоў мяркуе, што Мытны саюз паспрыяе і спыненьню так званых гандлёвых войнаў паміж Беларусьсю і Расеяй:

“Мытны саюз і адзіная эканамічная прастора ствараюць зусім новы ўзровень правілаў. Яны ствараюць магчымасьці, праўда, якімі яшчэ трэба здолець скарыстацца, для таго, каб жыць без гандлёвых войнаў. Мы разьлічваем, што пасьля пэўнага пераходнага пэрыяду ў нас ня будзе, напрыклад, асобных рынкаў малака Расеі і Беларусі, у нас будзе агульны рынак малочных прадуктаў, аб’яднаны агульнымі тэхнічнымі патрабаваньнямі”.

Сяргей Чарнышоў, аднак, ня мае пэўнасьці, што беларускія і расейскія рынкі ўдасца неўзабаве аб’яднаць. Разыходжаньні застаюцца. Раздражненьне ў Маскве выклікала заява міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Сямёна Шапіры пра паступовы пераход да эўрапейскіх стандартаў у АПК.

Эканаміст Леанід Заіка сумняваецца, што беларускія чыноўнікі адмовяцца ад сваіх кіроўных функцый і перададуць рэгуляваньне наднацыянальным органам. Апрача таго, ён зьвяртае ўвагу на тое, што пры агульных рынках будуць дамінаваць буйныя расейскія прадпрыемствы, яны ж будуць лабіяваць нормы.

“І будуць вымывацца і выкідвацца слабыя вытворцы… Адзіныя рынкі ўсё ж будуць стварацца, будзе ісьці працэс цэнтралізацыі капіталу, беларускія прадпрыемствы будуць захоплівацца, і ні Аляксандар Рыгоравіч і ніхто іншы ня зможа гэтаму перашкодзіць”.

Леанід Заіка прагназуе, што адзіныя таварныя рынкі могуць прывесьці і да росту цэн. Напрыклад, закупная цана літра малака ў Расеі складае 17 рублёў, што пакуль даражэй, чым у Беларусі. Ва ўмовах адзінага таварнага рынку малако ў Беларусі падаражэе раза ў паўтара, кажа Леанід Заіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG