Міт 1: МС адкрывае беларускі рынак для расейскай экспансіі
Беларусь і Расея і так гандлююць з нулявой стаўкай падатку. Таму ніякіх новых выгадаў у параўнаньні з айчыннымі вытворцамі расейскі бізнэс на беларускім рынку не атрымлівае. Наадварот, у пагадненьні прапісанае права кожнай з краінаў на "сьпецыяльныя, антыдэмпінгавыя і штрафныя" тарыфныя санкцыі, якімі пры жаданьні можна абкласьці і беларускі цукар, і расейскія Камазы.
Чым чужынцам плаціць, лепей братоў падтрымаць?
Адзіная выгада, якую расейскія вытворцы могуць атрымаць на беларускім рынку – гэта перавага перад іншымі імпарцёрамі, за кошт падвышэньня агульнага зьнешняга мыта. З уступленьнем ад новага году ў сілу Адзінага мытнага тарыфу расейскі Аўтаваз спадзяецца пацясьніць на беларускіх дарогах патрыманыя іншамаркі. Узамен для беларускіх трактароў ды грузавікоў агародзяць мытным бар'ерам Казахскую ды Сібірскую цаліну.
Але ж акрамя некалькіх ключавых пазіцыяў, зьмены і ў гэтым рэчышчы чакаюцца нязначныя. На сёньняшні дзень беларускія мытныя тарыфы на 95% адпавядаюць расейскім. Адзіны мытны кодэкс пакідае нязьменнымі 80% расейскіх імпартных пошлінаў і 75% беларускіх.
Назарбаеў у ролі папялушкі?
Найбольш адчувальнымі зьмены стануць для імпарцёраў і інвэстараў. Замежныя карпарацыі з цэнтрам вырабу ці складам у адной з краінаў атрымаюць доступ да рынкаў усёй тройкі.
У барацьбе за інвэстараў найгоршыя пэрспэктывы лунаюць перад малаіндустрыялізаваным Казахстанам. Суседні зь ім Кітай так дагэтуль і не наважыўся ні на водзін сур'ёзны інвэстпраект у гэтую краіну, нягледзячы на шматлікія высілкі Астаны па стварэньні спрыяльных умоваў для прыходу кітайскага капіталу.
Менск – трэці які сьмяецца
Беларусь жа, наадварот, можа спадзявацца на істотныя выгады, дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу і невялікім памерам, якія нягледзячы на ўсе недахопы рынкавага сацыялізму, абмяжоўваюць карупцыю і ставяць краіну далёка наперадзе ў сусьветным рэйтынгу прывабнасьці для інвэстыцыяў перад таварышамі па Саюзе.
Менавіта таму Назарбаеў загадзя прыляцеў у Менск і два дні ўлешчваў Лукашэнку, спрабуючы дабіцца падтрымкі, каб разам ціснуць на Расею ў пытаньні разьмеркаваньня мытных плацяжоў. Можна не сумнявацца, што Менск згуляе на засьцярогах багатай нафтай Астаны напоўніцу.
Міт 2: МС - адмова ад Эўропы на карысьць Расеі
Мытны саюз з Расеяй ня можа перашкодзіць беларуска-эўрапейскай эканамічнай інтэграцыі хаця б таму, што Брусэль неаднаразова называў стварэньне зоны свабоднага гандлю з Расеяй галоўным прыярытэтам сваёй усходняй палітыкі. Праект такога пагадненьня з Эўразьвязам стаіць, аднак, на мёртвай кропцы як для Менску, так і для Масквы да ўступленьня краінаў ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.
Усходнім шляхам на Захад
Пераадоленьнем аднаго з ключавых патрабаваньняў для ўступленьня ва ЎГА для Менску стане адаптацыя агульнага мытнага кодэксу, распрацаванага на аснове расейскага. Расейскае мытнае заканадаўства 2004 году, распрацаванае Пуціным спэцыяльна паводле патрабаваньняў УГА і месяц таму ўдасканаленае – зьяўляецца непараўнальна больш простым, празрыстым і эфэктыўным, чым беларускія правілы, і на 95% адпавядае крытэрам арганізацыі.
Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў на саміце Эўразьвяз-Расея ў Стакгольме два тыдні таму, што Расея будзе ўступаць у арганізацыю сынхронна з партнэрамі па Саюзе ці паасобку – у залежнасьці ад таго, што атрымаецца хутчэй. Улічваючы нецярпеньне, зь якім эўрапейцы чакаюць уступленьня Расеі ва ЎГА (якое, аднак, немагчымае без дапамогі Менску прынамсі год) – Мытны саюз можа стаць для Беларусі найкарацейшым шляхам у Эўропу, як у свой час Атлянтыка для Калюмба.
************************
Стась Івашкевіч працаваў рэгіянальным аналітыкам рынку і мэнэджарам па разьвіцьці кансалтынгавых прадуктаў у сфэры фінансавых інструмэнтаў для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў найбуйнейшых эўрапейскіх кансалтынгавых агенцтвах Euromonitor International Plc i Marcus Evans Plc.
Напісаць аўтару можна на адрас ekanomik@gmail.com.