Канвэнцыя аб правах інвалідаў сьцьвярджае, што ім павінны быць забясьпечаныя ўсе ўмовы для нармальнага жыцьця ў грамадзтве. У Беларусі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі сёньня болей за пяць адсоткаў. Паводле намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы, сацыяльнай абароне, справах вэтэранаў і інвалідаў Зінаіды Мандроўскай, “у цяперашнім заканадаўстве прапісаныя ўсе нюансы, зьвязаныя з забесьпячэньнем адукацыйнага працэсу, працаўладкаваньня, міжасабовых стасункаў і рэабілітацыі інвалідаў, стварэньня безбар’ернага асяродку”.
На думку сябраў Таварыства інвалідаў па зроку, да стварэньня сапраўды безбар’ернага асяродку ў беларускіх рэаліях пакуль вельмі далёка.
Але, прынамсі, паступова пашыраюцца магчымасьці чытаньня для сьляпых людзей. Прыкладам, для іх працуе адмысловая спэцыялізаваная бібліятэка ў Менску, на Камуністычнай, 42.
“Чытач” — паняцьце тут умоўнае: літаратуру для інвалідаў па зроку бібліятэка перасылае ў выглядзе аудыёкніг на касэтах.
Той, хто жыве ў Менску, можа зь нечай дапамогай дабрацца да бібліятэкі на Камуністычнай, 42 асабіста. А для завочных чытачоў дзейнічае асобны аддзел рэгіянальнай падпіскі. На дадзены момант зарэгістраваны 221 чытач па ўсёй Рэспубліцы Беларусь.
Касэты з кнігамі бібліятэка адпраўляе поштай, пасылкамі. Супрацоўнікі бібліятэкі працуюць з фармулярамі чытачоў, з анкетамі, якія яны запаўняюць, калі запісваюцца ў бібліятэку. Там пазначаецца, якую літаратуру чалавек любіць, якіх аўтараў, якія кнігі ўлюбёныя. Усё гэта аналізуецца, і літаратуру чытачам падбіраюць у індывідуальным парадку:
“У звычайнай кнізе ёсьць анатацыя, і чытач можа яе пагартаць, зарыентавацца, наколькі яму цікава тое ці іншае. А тут гэтая адказнасьць на нас — мы пастаянна працуем з фармулярам, калі справа датычыцца завочнага абслугоўваньня”.
Пасылкі бібліятэкары пакуюць самі. Паводле нормы, рассылаць іх трэба штомесяц, але калі чалавек праслухоўвае кнігі хутчэй — то і наступныя яму дасылаюць хутчэй. Для інвалідаў па зроку гэтыя паслугі бясплатныя — грошай за атрыманьне і адпраўку пасылак зь іх не бяруць.
Аўдыёкніжкі ў бібліятэцы — беларускай вытворчасьці, іх выпускае фірма “Звукотекс”.
Але асартымэнту хацелася б шырэйшага, зазначаюць супрацоўнікі бібліятэкі:
“Натуральна, хацелася б расшырэньня. Цікавасьць да літаратуры ў нашых чытачоў зусім рознабаковая: уся, абсалютна ўся літаратура, якая ёсьць у нас у наяўнасьці, карыстаецца сталым попытам: як мастацкая, так і дакумэнтальная, навукова-папулярная, галіновая. Але заўсёды хацелася б большага”.
У Нацыянальнай бібліятэцы “для людзей са слабым зрокам і сьляпых карыстальнікаў прадугледжаныя месцы ў індывідуальных кабінах, абсталяваных спэцыяльнымі прыстасаваньнямі: прыладай для павелічэньня плоскадрукаваных тэкстаў (лупа), пэрсанальным кампутарам з русыфікаванай праграмай сынтэзу маўленьня на рускай і ангельскай мовах, брайлеўскім дысплэем да пэрсанальнага кампутара, чытальнай машынай для чытаньня плоскадрукаваных тэкстаў з выкарыстаньнем сынтэтычнага маўленьня, навушнікамі”.
Відэа Алега Грузьдзіловіча