Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка грыпозна-эканамічнага крызісу: 1 – 7 лістапада


Крызісу няма. Эпідэміі няма. І лекаў – таксама няма... У Беларусі пад такім лёзунгам прайшоў увесь тыдзень, бо быў падмацаваны грыпознай навалай. Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя сьцьвярджаюць, што лекавыя ўстановы краіны забясьпечаныя ўсімі неабходнымі прэпаратамі для прафіляктыкі і лячэньня грыпу. Аднак у менскіх аптэках трымаецца ажыятажны попыт на лекі, якіх не хапае або і зусім няма. Эканамічны крызіс узмацніўся супрацьстаяньнем грамадзянаў з мэдычнай галіной.

Чыноўнікі адмаўляюцца называць канкрэтныя лічбы людзей, якія захварэлі на грып і вірусныя інфэкцыі і памерлі ад пнэўманіі і грыпу. Намесьніца начальніка Ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч на пытаньне, колькі чалавек захварэла на грып і колькі памерла, адказала так:

“Сытуацыя па сьмяротнасьці не перавышае парог мінулага году. На сёньняшні дзень зьмяншаецца і цяжкасьць захворваньня, зьмяншаецца колькасьць хворых, якія патрабуюць больш інтэнсіўнай тэрапіі. А тое, што высокі ўзровень захворваньняў, — гэта праблема ўсяго сьвету”.

У той жа час лекарка аднаго са сталічных шпіталяў на ўмовах ананімнасьці распавяла “Свабодзе”:
ЛОР-аддзяленьне перапрафілюем і пераводзім пад пульманалёгію. Задыхаемся... ...

“Вось сёньня яшчэ адно аддзяленьне — ЛОР-аддзяленьне перапрафілюем і пераводзім пад пульманалёгію. Задыхаемся... І так было дзьве пульманалёгіі, наша аддзяленьне трэцяе, і яшчэ адно пад пульманалёгію пераводзіцца. І нэўралёгію, кажуць, таксама перавядуць пад пульманалёгію”.

На пытаньні, чаму адбываюцца перабоі зь лекамі, у аптэках няма арпэтолу ды іншых прэпаратаў, няма марлевых павязак, прадстаўніца ўпраўленьня Людміла Жылевіч адказала:

“Павязку абсалютна лёгка можна зрабіць самому з марлі. Праз кожныя 4 гадзіны яе трэба мыць і высушваць. Арпэтол — гэта прэпарат, які мае імунамадэлюючыя ўласьцівасьці, такія ж самыя, як у эхінацэі, элеўтэракоку, іншых адаптагенаў”.

“Часова ўезд закрыты — карантын"


Жыхары Гомеля, якія езьдзяць у суседнюю Украіну па танную вопратку і абутак, занепакоены пашырэньнем там эпідэміі грыпу. Шмат хто лічыць, што выезд у суседнюю краіну будзе абмежаваны. Малады гамяльчук распавёў, што памежнікі на аўтапераходзе Новая Гута забаранілі яму ехаць на прыватнай аўтамашыне ў Чарнігаў:

“Часова ўезд закрыты — карантын. У форме быў якісьці вайсковец і так сказаў. Ня сталі размаўляць — проста не пусьцілі. Раілі заварочваць, не чакаць, не марнаваць час. Забарона часовая, а на колькі яна будзе — ня ведаю”.

Прадстаўнік Гомельскага памежнага атраду абвяргае сьцьвярджэньне пра абмежаваньне выезду ва Ўкраіну:

“Меры абароны прымаем у пунктах пропуску — “хуткая дапамога” там знаходзіцца, але ніхто нічога не забараняў. Перамяшчэньні празь мяжу не абмежаваныя”.

Мэдыкі на мяжы мераюць тэмпэратуру ў тых, хто выглядае прастуджаным ці хворым на грып. Пільней зважаюць на фізычны стан тых, хто прыяжджае з Украіны ў Беларусь. Любыя вонкавыя сымптомы грыпу — і чалавека ўжо аглядаюць мэдыкі.

ДЭПУТАТ: Друкуйце праўдзівыя зьвесткі


Зьміцер Кухлей
Тым часам дэпутат Мастоўскага райсавету Гарадзенскай вобласьці Зьміцер Кухлей зьвярнуўся ў мясцовую “раёнку” са зваротам публікаваць праўдзівыя зьвесткі пра сытуацыю з грыпам.

Ён просіць рэдакцыю друкаваць аб’ектыўную інфармацыю наконт сытуацыі з захворваньнем на грып у раёне, дзеля таго каб прадухіліць распаўсюджваньне ілжывых зьвестак, чутак, якія, на яго думку, прыводзяць да дэзінфармацыі і панікі сярод насельніцтва.

Зьміцер Кухлей просіць таксама журналістаў арганізаваць сэрыю матэрыялаў пра тое, як ладзіць прафіляктыку сэзонных захворваньняў. Зьміцер Кухлей — адзіны апазыцыйны дэпутат ва ўсёй вобласьці. Ён сябра партыі БХД.

ШКЛОЗавод піша міністру


Ліст іншага зьместу паляцеў у сталіцу зь Бярозаўкі на Гарадзеншчыне. У звароце да міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Селязьнёва рабочыя шклозаводу “Нёман” пішуць, што зьвярнуцца іх прымусіла крытычная сытуацыя на прадпрыемстве. Пад лістом паставілі подпісы звыш 1 тысячы чалавек.

У звароце паведамляецца: заробак адміністрацыя выдае з парушэньнем заканадаўства — раз на месяц і з пастаяннымі затрымкамі. Гэта прыводзіць да таго, што людзі своечасова ня могуць разьлічыцца за камунальныя паслугі, крэдыты і вымушаны потым плаціць дадатковыя працэнты.
заробак складае ў сярэднім 600 тысяч рублёў,...

Што датычыць самога заробку, то ён складае ў сярэднім 600 тысяч рублёў, тым часам як сярэдні заробак у прамысловым сэктары краіны, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, перавышае мільён рублёў. Гаворыць рабочы гуты:

“Кіраўніцтва гуты выдала загад аб падвышэньні нормы выпрацоўкі. Гэта азначае, што за тыя самыя грошы трэба зрабіць на 20% болей нават. Як мы палічылі, то заробкі яшчэ і зьменшацца. Вось гэта, напэўна, і стала апошняй кропляй...”

Скардзяцца рабочыя і на тое, што на месцах са шкоднымі ўмовамі працы не атрымліваюць своечасова дадатковага харчаваньня, што за апошнія гады адміністрацыя ўжо некалькі разоў падвышала нормы выпрацоўкі, пры гэтым ніяк не зьмяняючы тэхналёгіі працы. У лісьце пералічваецца яшчэ шэраг парушэньняў, а таксама зьмяшчаецца патрабаваньне працоўных да міністра: асабіста ўзяць пад кантроль іх праблемы. Інакш яны пагражаюць страйкам.

Паводле дадзеных Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, найменшыя заробкі ў кастрычніку былі ў сельскай гаспадарцы, ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі і культуры.
Сярэднямесячны заробак у верасьні на Магілёўшчыне складаў 909 тысяч рублёў...

Сярэднямесячны заробак у верасьні на Магілёўшчыне складаў 909 тысяч рублёў. З улікам росту спажывецкіх цэнаў на тавары й паслугі ў параўнаньні зь леташнім верасьнем ён зьменшыўся амаль на 5%, а ў параўнаньні зь сёлетнім жніўнем — на 2,5%.

Афіцыйныя крыніцы рэгіёну рапартуюць пра самыя высокія ў Беларусі тэмпы разгрузкі складоў і пра нарошчваньне аб’ёмаў вытворчасьці. Кіраўнік абласной вэртыкалі Пётар Руднік лічыць недапушчальнай сытуацыю зь нізкімі заробкамі:

“Эканоміць на заработнай плаце недапушчальна. І там, дзе гэта сёньня адбываецца, гэта нядобрая тэндэнцыя. Сёньня трэба рэсурсы шукаць у іншых кірунках. Заданьне, якое да вобласьці даведзена, мы абавязаныя выконваць”.

Тым часам, паводле інфармацыі галоўнага статыстычнага ўпраўленьня рэгіёну, запазычанасьць прадпрыемстваў па крэдытах на выплату заробкаў на 1 верасьня склала амаль 80 мільярдаў рублёў. Дзеля параўнаньня: на складах незапатрабаванай прадукцыі ляжыць на 613 мільярдаў.

Самы нізкі заробак у рэгіёне — у бібліятэкараў і артыстаў: меней за 600 тысяч. Крыху больш за іх зарабляюць калгасьнікі — 660 тысяч.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, сярэдні заробак у прамысловасьці Беларусі складае звыш мільёна рублёў. На Гарадзеншчыне на шмат якіх прадпрыемствах падобны паказчык ніжэйшы ў два разы. Рабочыя прадпрыемства “Мастоўдрэў” кажуць, што пра падвышэньне заробкаў нават няма чаго і казаць. Яны баяцца, каб ня стала горш:

“У рабочых — 400 тысяч з хвосьцікам, у некаторых — 300 зь нечым, залежыць ад працы. Кошты растуць паўсюль, а ў нас заробкі на месцы. Сёньня казалі, што нібыта начальства хоча падняць заробак, але няма з чаго яго падвысіць: няма адкуль грошы ўзяць. Магчыма, яшчэ з панядзелка фанэрны цэх спыніцца — сыравіны няма і грошай няма, за што купіць”.

на фабрыцы ў Слоніме падвысілі заробкі


А вось на камвольна-прадзільнай фабрыцы ў Слоніме назіраецца адноснае ажыўленьне. Прадпрыемства запрацавала ў дзьве зьмены, абвясьцілі пра падвышэньне сярэдняга заробку. Калі яшчэ ў верасьні сярэдні заробак рабочых складаў каля 300 тысяч рублёў, то цяпер — каля 500 тысяч. Вось што наконт гэтага кажа адзін з рабочых прадпрыемства:

“На 15% заробкі дабавілі. Але гэта раз на год, а кошты ўжо ў колькі разоў павялічыліся? Атрымліваецца, што гэта ўжо нейкая кампэнсацыя. Няма прасьвету, і наагул народ у нейкай роспачы, ні ў ва што ня вераць, адно ходзяць сабе і ўхмыляюцца. Безнадзёга, карацей...”

Дзеля таго, каб нейкім чынам пракарміць сям’ю, са слоў суразмоўцы, рабочыя з гэтай фабрыкі імкнуцца шукаць дадатковую працу.

На паперы адно, на рукі - іншае


Афіцыйна на прадпрыемстве “Полацак-Шкловалакно” сярэдні заробак — 1 мільён 50 тысяч рублёў. Аднак тамтэйшыя супрацоўнікі кажуць, што лічба гэтая штучная, бо на паперы сярэдні заробак застаецца нязьменным ужо паўгода. Да прыкладу, кажа работнік “Шкловалакна”, пасьля рамонту так і ня быў адчынены адзін з цэхаў, а людзей зь яго перавялі на іншую працу з удвая меншым заробкам:

“Калі чалавека пераводзяць і плацяць, адпаведна, меней — замест мільёна 500 тысяч, то гэта істотна ўплывае на ўзровень жыцьця. Асабліва калі сытуацыя крытычная — калі ёсьць крэдыты і калі яны валютныя. Адміністрацыя ўсё неяк падразае, падраўноўвае, каб быў нейкі агульны невысокі ўзровень”.
са “Шкловалакна” сышлі 300 чалавек ...

Праз тое, што рэальныя заробкі на прадпрыемстве ўпалі, за апошнія месяцы са “Шкловалакна” сышлі 300 чалавек, хаця афіцыйных скарачэньняў не было. Аднак працаўнікі мяркуюць, што ня будзе і нейкіх масавых праяваў незадавальненьня:

“Скарачаюць заробкі найперш тым, хто ня будзе абурацца. Думаю, страйкаў у нас ня будзе, бо ўсе запалоханыя. Разумееце, у нас хто першы высунецца — таму і галаву з плячэй далоў! А прафсаюз адно ўгаворвае: “Трэба пацярпець! Мы ў цяжкім становішчы, грошай няма, падвышэньне заробку і не прадбачыцца, нават і не прасіце!”. Такая вось апрацоўка людзей вядзецца.

Па дакумэнтах у галіне будаўніцтва на Віцебшчыне таксама адносна высокі сярэдні заробак. Аднак насамрэч прыватныя будаўнічыя фірмы апынуліся на мяжы банкруцтва, бо зь імі несвоечасова і ня поўнасьцю разьлічваюцца за выкананую працу. Адпаведна, і заробкі ў людзей падаюць, гаворыць прадстаўнік аршанскай фірмы па рамонту вытворчых памяшканьняў:

“Прыкладна на 30—40% я стаў меней атрымліваць. Калі прыходжу дамаўляцца пра працу і кажу, што будаўнік, адказваюць: “Калі ласка! Толькі ты купі гэта і гэта, усё зрабі, а мы з табой потым разьлічымся — празь месяц ці два. Зараз грошай няма, вы ж ведаеце — крызіс”. І калі такія ўмовы не задавальняюць — ідзі шукай у іншым месцы. Так во і б’ю ногі”.

Беларускае кіраўніцтва шукае магчымасьці дывэрсыфікацыі паставак прадукцыі, вырабленай у Беларусі. Падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну было заяўлена, што паўднёвая суседка будзе ў пэрспэктыве адным з асноўных бізнэс-партнэраў Беларусі. Пра магчымыя формы супрацоўніцтва -- палітоляг Вячаслаў Оргіш:
Беларусь трапляе ў пастку ...

“Ранейшая арыентацыя выключна на расейскі рынак паказала: у гэтым ёсьць моцныя хібы. Бо ў сытуацыі крызісу Беларусь трапляе ў пастку. Такая аднабаковая залежнасьць, недывэрсыфікаванасьць вядзе да звужэньня магчымасьцяў эканамічных паводзінаў. Таму тое, што сёньня адбываецца ў стасунках паміж Беларусьсю і Ўкраінай, мае нядрэнную пэрспэктыву. Яшчэ раней Лукашэнка выказваўся: трэба рабіць захады, каб наладзіць Балтыйска-Чарнаморскі шлях, пашыраць транзытныя магчымасьці ўзаемадзеяньня з Украінай. Ну і трэба ж разумець: Украіна зьяўляецца буйным рынкам, дзе могуць быць запатрабаваныя тавары нашай беларускай вытворчасьці”.

Паводле афіцыйных дадзеных, аб’ём тавараабароту Беларусі з Расеяй і Ўкраінай скараціўся на 40% і за 9 месяцаў 2009 году склаў 3,5 мільярдаў даляраў (61% ад аналягічнага леташняга пэрыяду). У прыватнасьці, аб’ём гандлю з Расеяй склаў блізу 60%, з Украінай – 51%. Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю ў гэтым годзе – 5 мільярдаў даляраў.

На гэтым тле – аптымістычная навіна для сотняў тысячаў беларускіх аўтааматараў: мыта на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь ня будуць уніфікаваныя з расейскімі з пачаткам функцыянаваньня Мытнага Саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Як сказаў у чацьвер кіраўнік ўпраўленьня тарыфнага рэгуляваньня і мытных плацяжоў Беларусі Сяргей Полудзень, вырашэньне гэтага пытаньня адкладзенае з 1 студзеня на ліпень наступнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG