Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўганцы накіравалі Лукашэнку ліст у падтрымку Аўтуховіча


Ці будзе ў чарговы раз працягнутае расьсьледаваньне справы Мікалая Аўтуховіча? Чаму спынілася ліставаньне з Арцёмам Дубскім? Здароўе галадоўніка Андрэй Бандарэнкі рэзка пагоршылася.

8 лістапада будзе 9 месяцаў, як у Ваўкавыску былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка, якіх абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта ды іншых пабудоў у Ваўкавыску і дагэтуль трымаюць у менскім сьледчым ізалятары. Напярэдадні актывісты арганізацыі вэтэранаў Аўганістану, у якую уваходзіць і Мікалай Аўтуховіч, накіравалі Аляксандру Лукашэнку адкрыты ліст ў сувязі з гэтай справай. Праваабаронца Алег Воўчак, таксама былы аўганец, кажа пра просьбы да Лукашэнкі.

Алег Волчак
“Першае, мы не давяраем сьледзтву зь міліцыі і просім перадаць справу на расьсьледаваньне ў рэспубліканскую пракуратуры. Другое, просім вызваліць Мікалая Аўтуховіча на час сьледзтва пад падпіску пра нявыезд. Мяркуем, што адмова ў выкананьні гэтых просьбаў ударыць па іміджы беларускай улады, адаб’ецца на дачыненьнях з Эўропай. Усё больш відавочна, што справа Мікалая Аўтуховіча – палітычная, што гэта чарговы палітвязень”.

З Мікалаем Аўтуховічам на гэтым тыдні бачыўся ягоны адвакат Павал Сапелка. Адвакат паведаміў, што Аўтуховіч пачуваецца “нядрэнна, але яшчэ не да канца завяршыў працэс выхаду з галадоўкі”.

Нагадаю, Мікалай Аўтуховіч галадаваў з сярэдзіны траўня па сярэдзіну жніўня і страціў болей за 30 кіляграм вагі. Што думае Павал Сапелка пра верагоднасьць прадаўжэньня расьсьледаваньня справы Аўтуховіча?

Павал Сапелка
“Яно не можа ня быць падоўжанае. Хіба што гэтага не адбудзецца таму, што справу зараз закрыюць, але ... А падоўжыць мусяць хаця б дзеля таго, каб азнаёміць з матэрыяламі перад судом”.

Матэрыялы справы і дзеяньні сьледчых адвакат па-ранейшаму не камэнтуе. Між тым вядома, што другі фігурант справы Аўтуховіча, Уладзімер Асіпенка дагэтуль ня быў азнаёмлены з матэрыяламі справы. На гэтай падставе сваякі Асіпенкі мяркуюць, што расьсьледаваньне працягнуць яшчэ на месяц ці нават болей.

Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі за мінулы тыдзень не прыслаў дамоў ніводнага ліста, што выклікае трывогу у ягонай маці, Алены Дубскай.

Алена Дубская
“Спачатку як прыйшлі ад яго адразу два лісты, на гэтым усё і спынілася. Магчыма, ён каму іншаму піша, а мне – пакуль цішыня”.

Нагадаем, у ранейшых лістах дамоў актывіст скардзіўся на тое, што яму ў калёніі не дазваляюць апранаць цёплую вопратку пад турэмную куртку і абмежавалі ў атрыманьні грошай з рахунку для набыцьця харчоў у турэмнай краме.

6-га лістападу, на 21-ы дзень прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка спыніў галадоўку пратэсту. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў адвакат Зьміцер Лаеўскі, як толькі выйшаў з рэспубліканскага турэмнага шпіталя пасьля спатканьня са сваім падабаронным. Спыненьне галадоўкі Бандарэнкам адвакат патлумачыў дрэнным станам ягонага здароўя.

Зьмцер Лаеўскі
Паводле адваката Зьмітра Лаеўскага працэс, на якім будзе разглядацца касацыйная скарга Андрэя Бандарэнкі ў Менскім гарадзкім судзе, яшчэ не прызначаны, але гэта адбудзецца цягам бліжэйшага тыдня.

“Будзем чакаць назначэньня дня касацыйнага разгляду і ад гэтага ўжо рабіць іншыя крокі. Не магу спрагназаваць вынікаў разгляду, але спадзяюся, што ён будзе аб’ектыўны. А далей паглядзім, што рабіць”

Андрэй Бандарэнка

9 кастрычніка Першамайскі суд Менску прызнаў прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьці фірмы і асудзіў на 7 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Актывісты з АГП мяркуюць, што іх аднадумца перасьледуюць паводле палітычных прычын.

Арцём Дубскі

Арцём Дубскі
Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня — за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году.

Аўтуховіч, Лявонаў, Асіпенка

Мікалай Аўтуховіч
Юры Лявонаў
Уладзімер Асіпенка
8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Усіх трох абвінавацілі у падпалах дамоў і маёмасьці мясцовага міліцыянта і супрацоўніка падатковай інспэкцыі. Праз паўгода Юрыя Лявонава вызвалілі і зьнялі з яго абвінавачаньні. Праваабаронцы і шмат хто ў Беларусі мяркуюць, што Аўтуховіча і Асіпенку перасьледуюць за іх барацьбу з карупцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG