Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чартэр алігархаў: Масква — Менск — Казіно


Крушэньне напачатку тыдня элітнага расейскага самалёта блізу Нацыянальнага аэрапорту “Мінск” паступова стала ўспрымацца як працяг змаганьня ўладаў Расеі з гульнявым бізнэсам. Вывеўшы па-за межы вялікіх гарадоў казіно і залі гульнявых аўтаматаў, чыноўнікі прымусілі гульцоў шукаць забавы ў іншых краях.


Муж стуардэсы, якая загінула ў авіякатастрофе, паведаміў журналістам: перад адлётам у Менск тая сказала, што будзе суправаджаць гаспадара авіякампаніі “С-Эйр” Марата Рамашкіна, які ляцеў у казіно “Шангры Ла”. Ці варта чакаць масавага расейскага дэсанту ў беларускія гульнявыя ўстановы? І якія пэрспэктывы прагназуюць для свайго бізнэсу ўдзельнікі рынку?

Паводле Міністэрства спорту і турызму Беларусі, гульнявы бізнэс штогод прыносіць у бюджэт 10—12 мільярдаў рублёў. Між тым актыўныя гульцы гэтага сэктару рынку лічаць: улады робяць усё дзеля таго, каб урэшце прыдушыць курыцу, якая нясе залатыя яйкі. Ад канца жніўня накладзены мараторый на рэгістрацыю суб’ектаў гаспадараньня ў гульнявым бізнэсе, а таксама рыхтуецца прынцыпова
Гульнявы бізнэс штогод прыносіць у бюджэт 10—12 мільярдаў рублёў.
новая канцэпцыя разьвіцьця на будучыню. Канчатковы лёс казіно і гульнявых аўтаматаў вызначыць Аляксандар Лукашэнка. Кантралёр-рэвізор галіновага ведамства Алег Арыненка кажа, што мэта навацыі — татальны кантроль над галіной. Ня выключана, што беларусам увогуле не дазволяць прайграваць больш за 40 даляраў штомесяц:

“Поўны кантроль гэтай сфэры дзяржавай, каб не было залішняга ажыятажу, размоваў пра тое, што ў гэтай сфэры дзейнасьці адбываецца легалізацыя прыбыткаў, хаваюцца сродкі ад дзяржавы, што народ прайграецца і г.д. Новая сыстэма, якая ўкараняецца, можа дасягнуць таго, што гулец, які прайграў пэўную суму — скажам, тры базавыя велічыні ў месяц — ужо ня здолее пагуляць на тэрыторыі краіны. То бок усё гульнявое абсталяваньне будзе зьвязанае ў адну сетку і дадзеныя пра гульца адразу ж паступяць у залю, куды ён прыйдзе. Там, зноў жа, абазначыцца, што ён прайграўся ў гэтым месяцы, і яго папросту не дапусьцяць да стала. Іншымі словамі, татальны дзяржаўны кантроль. Прыбыткі будуць усе празрыстыя, па кожнай гульні будзе бачна, колькі грошай увайшло, колькі выйшла. Кожная апэрацыя будзе сьцякацца ў адзін цэнтар на сэрвэр”.

У Беларусі працуе блізу 20 казіно, зь іх палова дысьлякаваныя ў Менску. Паказальна, што грамадзяне Беларусі ў гэтай статыстыцы якраз у меншасьці: гаспадары бальшыні — грамадзяне Турэччыны і арабскіх краінаў, а таксама расейцы. Элітнае казіно “Шангры Ла” — першы
Бальшыня гаспадароў казіно ў Беларусі — грамадзяне Турэччыны і арабскіх краінаў, а таксама расейцы.
гульнявы дом, які пасьля вымушанай эміграцыі пераехаў з Масквы ў Менск і якому беларускія ўлады выдалі ліцэнзію. За тыдзень працы ў беларускай сталіцы прадстаўніку ўстановы Лаўрэнцію Губіну давялося даваць дзясяткі тлумачэньняў у зьвязку з авіякатастрофай 26 кастрычніка, у якой загінуў іхны сталы кліент, расейскі мільянэр Марат Рамашкін. Але ў інтэрвію інтэрнэт-радыё ТUT.by Губін даў зразумець, што масаваму дэсанту расейскіх гульцоў у Менск можа перашкодзіць ня столькі трагічнае здарэньне, колькі жаданьне мясцовых уладаў узяць галіну пад кантроль. І зусім ня выключана, што пусьціць карані так глыбока, як хацелася б, ня ўдасца:

“Калі бізнэс ня будзе прыбытковым і ня будзе эфэктыўна працаваць, то ён натуральным чынам закрываецца. Па-мойму, гэта відавочна, што ў чымсьці сытуацыя нагадвае “вялікага брата”, напамінак “адтуль”. То бок нейкі глябальны татальны кантроль за народам. Гэта ня вельмі правільна. Чалавек павінен сам вырашаць, колькі ён можа сабе дазволіць патраціць у казіно, рэстаране ці начным клюбе. Каму б спадабалася, каб яму паставілі ўмовай, што нельга траціць больш за 10 даляраў у начным клюбе? Чаму хтосьці за вас павінен вырашаць, якая гэта мусіць быць сума? У Эўропе была такая практыка, калі ўсталёўвалі працэнт ад прыбытку чалавека, які той можа сабе дазволіць патраціць. Гэта больш адэкватны падыход, але таксама ня вельмі зразумела: вы ідзяце нібыта адпачываць, забаўляцца, а ад вас патрабуюць нейкія паперкі запаўняць, дэклярацыі падаваць. Больш правільна разьвіваць культуру адносінаў да азартных гульняў у грамадзтве ў цэлым”.

Губін кажа, што не разумее некаторыя нормы, якімі кіруецца Міністэрства спорту і турызму. Прыкладам, калі казіно мае да 10 гульнявых сталоў, то ўстанова плаціць 3,5 тысячы эўра падатку за кожны стол. Калі больш за 10 — то ўжо 4 тысячы эўра, што не зусім лягічна, бо звычайна ад колькасьці ідуць якраз зьніжкі.

Юрый Данькоў, гаспадар шматфункцыянальнага комплексу “Dankoff”, у якім ёсьць і казіно, перакананы: расейскім бізнэсоўцам яшчэ давядзецца рабіць адкрыцьці ў Беларусі. На яго перакананьне, размовы пра тое, што расейцы ў безвыходнай сытуацыі паедуць у Беларусь, моцна перабольшаныя:

“Я вам скажу, што ніякі сюды расеец не паедзе. Таму што расейцу прасьцей сесьці ў самалёт і паляцець у Манака ці іншыя краіны
Ніякі сюды расеец не паедзе. Таму што расейцу прасьцей сесьці ў самалёт і паляцець у Манака ці іншыя краіны Эўропы, у тую ж Літву.
Эўропы, у тую ж Літву, дзе ў яго і сэрвіс эўрапейскі будзе, і зусім іншае абслугоўваньне. У яго галаўных боляў ня будзе ні з мытняй, ні з праваахоўнымі органамі. Але галоўнае, што яму забясьпечаць сэрвіс і якасьць — тое, чаго ў Беларусі сёньня няма. А з такой палітыкай і ня будзе. У нас вельмі ўсё зарэглямэнтавана, у нас усё забюракратызавана. У нас сёньня чалавек адкрывае справу па арганізацыі якога-небудзь клюбу дзеля кантактаваньня людзей, дык яму могуць прывязаць зводніцтва. Таму ў Беларусі ніколі ня будзе разьвівацца гульнявы бізнэс, як бы яны ні “петушыліся”. Яны могуць яго толькі канчаткова забіць, і ўсё. Расейцы пастаяць, паглядзяць, да канца году яшчэ дацягнуць і, наколькі я ўжо ведаю, людзі згортваюць свае гісторыі”.

Яшчэ два гады таму дэпутатка Менгарсавету, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Менску Людміла Шыпай прапанавала выканкамаўскім службам распрацаваць нарматыўна-прававую базу на разьмяшчэньне і дзейнасьць гульнявых установаў. Праўда, па словах чыноўніцы, яе ініцыятыва так і заглухла — невядома, каму на карысьць, а каму на шкоду:

“Прайдзіце па праспэкце Незалежнасьці, наш раён пачынаецца ад вуліцы Казлова. У 44-м доме адзін клюб, другі клюб. Крыху далей праходзіш — пошта і зноў клюб. Зайшоў за ЦУМ — яшчэ адзін клюб. Навошта такая неабходнасьць? Ды ў нас іх, як ні ў якім іншым раёне. Што яны так аблюбавалі наш раён? Ці то таму, што тут Камароўка і думаюць, што тут народ з грашыма круціцца? На Куйбышава, на Харужай — ну проста празьмерная колькасьць! І практычна ніхто не ўзгадняе з намі рэжым працы. А я зачыніць яго не магу. Бо ў яго ёсьць узгадненьне з ГУУС на кругласутачны рэжым працы, арэнда памяшканьня ў прыватніка, дзе ён памяшканьне зьняў, і ў яго ёсьць ліцэнзія Мінспорту. А я ўвогуле ніякіх адносінаў ня маю, пад “я” — гэта я разумею раён. Дык вось я нічога не магу зрабіць, хоць зь мяне непасрэдна патрабуюць адказу — чаму такая сытуацыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG