Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М. Крывальцэвіч: беларуская гістарычная навука не свабодная


Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі гэтымі днямі адзначае 80-годзьдзе. З нагоды юбілею ў галоўнай навуковай установе краіны распачалася міжнародная канфэрэнцыя “Гістарычная навука на пераломе эпох: выклік часу”. Ужо падчас урачыстых віншаваньняў была закранутая тэма аб’ектыўнасьці ацэнкі мінуўшчыны з гледжаньня гістарычнай навукі сёньняшняга дня.


Чыноўнікі найвышэйшых дзяржаўных устаноў краіны і міністэрстваў, якія прыйшлі віншаваць юбіляраў, у пераважнай бальшыні прамаўлялі па-беларуску. Адна зь нямногіх на расейскай мове выступіла намесьніца міністра адукацыі Тацьцяна Кавалёва. Яна і заявіла пра, нібыта, “перапісваньне гісторыі апошняй вайны на карысьць інтарэсаў пэўных груп”. Наколькі аб’ектыўна сучасная навука падае гісторыю савецка-нямецкай вайны, чаму ў Беларусі наноў папулярызуецца асоба Сталіна цікаўлюся ў дырэктара інстытута гісторыі Аляксандра Кавалені:

Ва ўсе часы людзі жаніліся, абдымаліся, мілаваліся, у тым ліку падчас вайны.
“Я хацеў бы, каб мы разьдзялілі: адна тэма — гістарычная, а другая — выкарыстаньне гісторыі у палітычных мэтах. Канечне, мы, як навукоўцы, павінны бачыць і складаныя старонкі гісторыі. Але, калі мы наперадзе будзем ставіць толькі складанасьці і супярэчнасьці, калі мы ня будзем…. Ва ўсе часы людзі жаніліся, абдымаліся, мілаваліся, у тым ліку падчас вайны. І вось гэтыя старонкі мала асьветленыя. Таму мы павінныя стаяць на пазыцыі навуковага асьвятленьня”.

Загадчык катэдры гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржунівэрсытэту Ігар Марзалюк мяркуе, што на аб’ектыўнасьць і эфэктыўнасьць навуковых дасьледаваньняў істотна уплывае палітыка ўлады, якая зьяўляецца кіроўнай на пэўным гістарычным адрэзку часу:

Дзяржаўная палітыка заўсёды уплывае.
“Дзяржаўная палітыка заўсёды уплывае. Безумоўна, заўсёды ёсьць кан’юнктуршчына, заўсёды ёсьць пазыцыя ўраду, палітыка дзяржавы. Ня трэба проста блытаць розныя рэчы: інфармацыю, агучаную ў СМІ, газэтах і агучанае ў тэкстах гісторыкаў, а таксама ў манаграфіях і публікацыях, — гэта зусім іншае”.

Гістарычная навука ў Беларусі за 80 гадоў перажыла многія складаныя пэрыяды, у тым ліку, рэпрэсіі супраць навукоўцаў у 1930-я гады, забароны і цэнзуру савецкага часу; несвабода навуковай думкі трывае і па сёньня. Гэта і ёсьць адной з прычынаў, чаму беларуская гістарычная навука не рэалізоўвае творчы патэнцыял навукоўцаў і, адпаведна, належным чынам не разьвіваецца, мяркуе навуковец-архэоляг Мікола Крывальцэвіч:

“Любая навука, у тым ліку гістарычная, можа эфэктыўна разьвівацца, калі ёсьць шырокае поле для навуковых дыскусій, адкрытасьць
Мы яшчэ ня вольныя людзі.
абмеркаваньня. Адсутнасьць забароны на тэмы, якія “не павінны абмяркоўвацца”. З гэтага складваецца таксама стан аб’ектыўнасьці і эфэктыўнасьці дзейнасьці гісторыкаў. Я думаю, што гэтага не хапае нашай сучаснай навуцы. Бо ў нас ёсьць гісторыкі, якія могуць працаваць адкрыта, ёсьць і гісторыкі, якія вымушаныя працаваць напаўпадпольна. У гэтым, мне падаецца, праблема нашай сучаснай гістарычнай навукі. Мы яшчэ ня вольныя людзі. Няма той творчай і дзелавой свабоды, якая разьнявольвае людзей, робіць іх адкрытымі, творчымі, крэатыўнымі і адказнымі за сваю справу, якую мы робім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG