Гаворыць Юльяна Захаранка:
“У Дзень маці хачу, каб мой сын вярнуўся. Гэта быў бы падарунак на ўвесь сьвет. Я дзень і ноч думаю пра сыноў — аднаго няма й другога няма. Мне, каб Юры вярнуўся. Уладзімер ужо ня вернецца, бо на могілках ляжыць. Я адна, як быліначка, у хаце.
Для мяне галоўнае — сын. Хоць бы сказалі, куды яны яго падзелі, а то балбочуць і балбочуць. Я так хварэю, так хварэю. У гэтую ноч “хуткую дапамогу” выклікала. Думала, што ўжо канцы будуць. Мне ўколаў далі, дык крыху адпусьціла. Але я ня здужаю нават па хаце хадзіць”.
ВОЛЬГА ЗАВАДЗКАЯ: “Мару, каб сын прынёс мне кветкі”
Гаворыць Вольга Завадзкая:
“Канечне, хацелася б, каб сын прынёс мне кветкі. Але...(гаворыць праз сьлёзы), напэўна, жыцьцё маё так складваецца, што прымаю віншаваньні ад іншых.
Зрэшты, я лічу, што сёньня ў Беларусі не павінна быць вялікіх масавых мерапрыемстваў, бо некаторыя людзі пачынаюць ужо галадаваць. У прыватнасьці, і я пайшла зноў на працу, бо на сваю цяперашнюю пэнсію пражыць не магу”.
ЛІЛІЯ АЎТУХОВІЧ: “Хачу аднаго — каб мой сын хутчэй вярнуўся дамоў...”
Лілія Аўтуховіч наведала сёньня царкву — праваслаўныя адзначаюць Пакровы:
“Я хацела б, каб мой сын як найхутчэй вярнуўся дахаты, вы ж ведаеце, што ён там столькі галадаў... Вось гэта быў бы падарунак...
Я чакаю сына, каб ён вярнуўся (плача), а потым пайду па лекарах. Дзякуй вам вялікі, дзякуй. Каб даў Бог, мой сын вярнуўся дахаты — гэта быў бы самы вялікі падарунак”.
Ліліі Аўтуховіч пайшоў 71 год.
У 87-гадовай ТАМАРЫ АСІПЕНКІ пасьля арышту сына Ўладзімера вельмі пагоршылася здароўе.
Пра гэта паведаміла “Свабодзе” дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла. Яна таксама папярэдзіла, што ня зможа паклікаць да слухаўкі бабулю.
А на пытаньне: якога б падарунка найболей чакала бабуля ў Дзень маці, спадарыня Людміла адказала без развагаў:
“Я думаю, гэта вядомы і вам адказ — галоўнае, каб яе сын вярнуўся дахаты”.
АЛЕНА ДУБСКАЯ: “Мяне бадзёрыць, што сын патрэбен людзям”
“Мой сын загадзя даслаў ліст зь віншаваньнямі, бо асьцерагаўся, што цэнзура можа затрымаць.
Увага да Арцёма з боку сяброў й знаёмых — вельмі шмат людзей тэлефануюць, цікавяцца, што і як у Арцёма. Гэта мяне бадзёрыць. І ўдвая прыемна, што ён патрэбен людзям”.
Арцём Дубскі
У 2008 годзе маладафронтавец Арцём Дубскі быў асуджаны да хатняга арышту паводле гэта званай “справы 14” — справы ўдзельнікаў недазволенага мітынгу ў абарону індывідуальных прадпрымальнікаў. Улетку 2009-га за парушэньне правілаў хатняга арышту Арцёма Дубскага пакаралі паўторна да году зьняволеньня. “Міжнародная амністыя” прызнала ўдзельнікаў “справы 14”, у тым ліку Арцёма Дубскага, вязьнямі сумленьня.