Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі прадпрымальніка, які ня стаў дэпутатам


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Першамайскі суд Менска асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку, які год таму прэтэндаваў на мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Воклічамі “Ганьба!” сустрэлі прысутныя ў судовай зале прысуд Андрэю Бандарэнку, зачытаны судзьдзём Леанідам Ярмоленкавым. Андрэй Бандарэнка ў момант, калі яму надзявалі кайданкі, пасьпеў зрабіць некалькі іранічных рэплік.

“Што сказаць: наш суд самы гуманны суд у сьвеце. Што тут камэнтаваць? Прававое бязьмежжа! Будзем змагацца за апраўданьне!”

Андрэя Бандарэнку абвінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Пракурор патрабаваў падсуднаму 9 гадоў пазбаўленьня волі. Абарона прасіла прадпрымальніка апраўдаць. Андрэй Бандарэнка ў апошнім слове заявіў пра сваю невінаватасьць, а пазыцыю пракуратуры назваў неаб’ектыўнай.

Абвінавачаньне ня можа даказаць маю датычнасьць да дзеяньняў, якія мне інкрымінуюцца.
“Абвінавачаньне ня можа даказаць маю датычнасьць да дзеяньняў, якія мне інкрымінуюцца. Што да дакумэнтальных доказаў віны — іх няма. Прычым дзіўна, як кожны раз, калі гаворка заходзіць пра доказы маёй невінаватасьці, пракурор губляе інтарэс. А калі зьяўляецца нейкі сьведка, гатовы паказаць пальцам на Бандарэнку, гэты інтарэс аднаўляецца”.

Да арышту ў траўні 2009 году Андрэй Бандарэнка працаваў кансультантам акцыянэрнага таварыства “Белвысотстройгрупп”, якое раней сам заснаваў, а потым саступіў кіраўніцтва. Фірма займалася будаўніцтвам і гандлявала будаўнічымі матэрыяламі. Паводле сьледзтва, Андрэй Бандарэнка нібыта скраў ў фірмы 20 мільёнаў рублёў. Некаторыя сьведкі на працэсе казалі пра пэўныя парушэньні ў захоўваньні матэрыялаў і справаздачнасьці, але дакладных доказаў віны кансультанта Андрэя Бандарэнкі прадстаўлена не было.



Восеньню 2008 году Андрэй Бандарэнка балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89 як незалежны кандыдат. Дэпутатам Бандарэнку не абралі. Паводле актывіста АГП Аляксандра Дабравольскага, перасьлед прадпрымальніка і выбары наўпрост зьвязаныя.

Аляксандар Дабравольскі
“Відавочна, што у яго пачаліся праблемы пасьля таго, як паўдзельнічаў у выбарах і не пагадзіўся зь іх вынікамі. Дакладна ведаю, што ён правёў моцную кампанію, таму дамагаўся справядлівасьці. У тым ліку хадзіў у адміністрацыю прэзыдэнта, дзе ў яго былі сябры. Яго папярэдзілі, каб супакоіўся, — ён гэтага не зрабіў. І тады сказалі: усё, даражэнькі, ты дагуляўся”.

Адвакат Бандарэнкі Вячаслаў Сычоў заявіў “Свабодзе”, што прысуд Першамайскага суду абавязкова будзе абскарджаны.

“На мой погляд, прамых доказаў таго, што Бандарэнка зрабіў крадзеж, прадстаўлена не было. На падставе чаго суд прыйшоў да такіх высноў, мне пакуль адказаць цяжка. Нам невядома матывіроўка суду. Азнаёмімся, падрыхтуем скаргу ў касацыйныя інстанцыі. Будзем змагацца за адмену прысуду паводле закону”.



Кандыдаты на дэпутаты, як і дэпутаты парлямэнту не ўпершыню аказваюцца на лаве падсудных. Тройчы быў асуджаны дэпутат Вярхоўнага Савета 13 скліканьня Андрэй Клімаў, больш за два гады ў калёніі адбыў былы дэпутат таго ж скліканьня Уладзімер Кудзінаў. Клімаў і Кудзінаў падчас дэпутацтва ўваходзілі ў апазыцыйныя фракцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG