Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, вуліца Максіма Багдановіча, 7а



Шыльда свабоды

Менск, вуліца Максіма Багдановіча, 7а

Музэй Максіма Багдановіча на прыканцы 1980-х і ў 1990-я гады быў адным з асяродкаў беларускага асьветніцтва, фармаваньня няўрадавых арганізацыяў і праваабарончага руху.

У другой палове 1980-х гадоў на хвалі перабудовы ў СССР сталі папулярнымі абраньні кіраўніцтва самім калектывам. Вось і пры стварэньні музэя Максіма Багдановіча яго калектыў прагаласаваў за 28-гадовага літаратара Алеся Бяляцкага. Міністэрства культуры было ў разгубленасьці: Бяляцкі ўжо засьвяціўся як актыўны нацыяналіст-адраджэнец, нават быў арыштаваны за арганізацыю Дзядоў у 1988 годзе. І тым ня менш, праз месяц ваганьняў яго ўсё ж прызначылі. Прывёў з сабой Бяляцкі і групу маладых амбітных аднадумцаў.

Закіпела праца і ў стварэньні музэя, і ў беларускім асьветніцтве. Пад бел-чырвона-белым сьцягам, які яшчэ ня быў дзяржаўным, ладзіліся адна за другой вечарыны, паэтычныя і фальклёрныя сьвяты. А ў “Беларускай хатцы” (філіі музэю) адбываліся нават соймы БНФ.

Тым часам пачалі ўзьнікаць першыя беларускія няўрадавыя арганізацыі, перад якімі паўстала праблема юрыдычных адрасоў, і Бяляцкі дазволіў зарэгістравацца на музэйнай плошчы некалькім дзесяткам суполак. У музэі знайшлі прытулак рэдакцыі газэт “Свабода“ і “Наша ніва”. Узгадвае былая супрацоўніца музэю Паліна Качаткова:

“У 1990 годзе ў маленечкі пакойчык, які быў у нас, заехала на арэнду газэта “Свабода”. Тады там зьявіліся Ігар Гермянчук, Сяргей Харэўскі, Сяргей Дубавец. Жыцьцё кіпела. У нас былі сумесныя сьвяты. Штогод мы ладзілі Каляды. Пасьля Алесь Бяляцкі ўвёў такі панятак, як “сябра музэю”. Тыя, хто працаваў у газэтах “Свабода” і “Наша ніва”, лічыліся сябрамі музэю”.

У 1998 годзе Алеся Бяляцкага выклікалі ў Міністэрства культуры:

“На той час сытуацыя з правамі чалавека рэзка пагоршылася, і мы паралельна зь беларускай культурніцкай працай у музэі распачалі працу і ў праваабарончым цэнтры “Вясна-96”. Адпаведна, пытаньне ў міністэрстве было пастаўлена рубам: ці, як яны тады казалі, мы займаемся палітыкай, ці культурай? Я напісаў заяву па ўласным жаданьні і сышоў з музэю”.

Разам зь ім зышлі таксама Тацяна Равяка, Паліна Качаткова, Алена Кісялевіч. Далей іхняя дзейнасьць будзе зьвязана з праваабарончым рухам.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG