Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць пастара царквы “Новае жыцьцё”


Вячаслаў Ганчарэнка ў судзе.
Вячаслаў Ганчарэнка ў судзе.

У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнкі. Пракуратура склада адміністрацыйны пратакол, абвінаваціўшы пастара ў тым, што ён замінае супрацоўнікам Міністэрства надзвычайных сытуацый наведаць для агляду будынак.

У судзе знаходзяцца прадстаўнікі рэлігійнай суполкі "Новае жыцьцё", а таксама юрыст царквы Сяргей Луканін. Адзін з дапытаных сьведак з МНС распавёў, што яго не дапусьцілі ў будынак царквы, калі ён меў намер агледзець яго з нагоды правіл пажарнай бясьпекі.

Вячаслаў Ганчарэнка й Сяргей Луканін

Намесьнік кіраўніка службы нагляду Міністэрства надзвычайных сытуацый у Маскоўскім раёне Аляксандр Ляшкевіч патлумачыў “Свабодзе”:

“У нас ёсьць графік праверкі ўсіх аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Маскоўскага раёну. Разумееце, мы не правяраем арганізацыі – сядзяць там, ці не сядзяць людзі. Нас цікавіць пажарная бясьпека будынку. Наша мэта – прывесьці будынак, у прыватнасьці, будынак з масавым знаходжаньнем людзей, у належны супрацьпажарны стан.

Мы ўсе аб’екты павінны правяраць раз на год. Не пускалі нас цягам доўгага часу, за што пракуратура і склала на кіраўніка царквы пратакол ”.

У судзе прагучала, што прадстаўнікі камунальных службаў і міністэрстваў ня змогуць увайсьці ў будынак таму, што так пастанавіў сход вернікаў, якія пратэстуюць супраць дзеяньняў уладаў.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка так патлумачыў сваю пазыцыю:

“Праўдападобна, што ў іх плянах ёсьць ліквідацыя царквы. Таму яны да нас і накіроўваюць розныя службы. Цяпер пажарных, а летась гэта былі прадстаўнікі энэрганагляду. Мы іх не пускаем.

Гэта рашэньне нашага сходу. Гэта наша акцыя непадпарадкаваньня, акцыя пратэсту на ўсе іх дзеяньні, якія яны рабілі цягам апошніх гадоў.

Гэты будынак ёсьць нашым адзіным месцам для набажэнстваў. Іншага ўлада гэтага гораду нам не прапаноўвала і не прапаноўвае”.

Канфлікт паміж гарадзкімі ўладамі і вернікамі пачаўся ў 2005 годзе. Вернікаў пазбавілі зямельнага надзелу, а потым і будынку -- былога кароўніка на ўскрайку Менску. Тады вернікі пачалі судзіцца з гарадзкімі ўладамі, патрабуючы, каб іх будынак прызналі культавым. Пастара царквы і адміністратара судзілі за несанкцыянаваныя набажэнствы, памер штрафаў вырас да 6 млн. рублёў.
Будынак царквы Новае жыцьцё

Пасьля таго, як вернікі пачалі галадоўку, пастара запрасілі ў адміністрацыю прэзыдэнта і паабяцалі вырашыць усё на карысьць царквы. Але сёлета Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў рашэньне на карысьць гораду.

Вернікі зноў адмаўляюцца пускаць у будынак прадстаўнікоў улады, і пастара царквы могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за тое, што ён не выконвае судовую пастанову.

Сёньня вернікі вырашылі не чакаць у судзе абвяшчэньня рашэньня, яны даведаюцца яго заўтра.

Вячаслаў Ганчарэнка й Сяргей Луканін пасьля судовага паседжаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG