Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе Папу сустракаюць прэзэрватывамі


Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI упершыню прыбыў у Чэхію ў якасьці ачольніка Каталіцкага Касьцёлу.

Па прылёце васьмідзесяцідвухгадовага Пантыфіка чакала ўрачыстая сустрэча на аэрадроме. Прэзыдэнт рэспублікі Вацлаў Клаўс упершыню выступіў з прамовай па ангельску. Папа адплаціў некалькімі словамі па-чэску. Бэнэдыкт асудзіў прыгнёт рэлігіі пры камуністычным рэжыме і заклікаў чэхаў вярнуцца да сваіх хрысьціянскіх каранёў. У нядзелю на паўднёвым усходзе краіны, у Маравіі, дзе, паводле паданьня, памерлі вынаходнікі ўсходнеэўрапейскага пісьменства сьвятыя Кірыл і Мятод, адбудзецца багаслужба пад адкрытым небам, на якой чакаецца прынамсі сто тысяч паломнікаў.

Трэба, аднак, зазначыць, што, нягледзячы на тое, што каталіцкая царква мае найбольшую колькасьць вернікаў сярод чэскіх цэркваў, агульная колькасьць рэлігійных людзей у краіне прапарцыйна – бадай найменшая ў Эўропе. У гэтым ёсьць гістарычныя прычыны: каталіцызм заўсёды зьяўляўся для Чэхіі штандарам заваёўнікаў. Сярэднявечныя каталіцкія клерыкі ініцыявалі спаленьне народнага героя краіны – рэфарматара Яна Гуса. Напрыканцы Эпохі Адраджэньня каталіцкія нямецкія імператары захапілі краіну з мэтай здушэньня пратэстанцкага руху і пазбавілі яе незалежнасьці на чатыры стагоддзі.

Сярод нядаўніх гучных інцыдэнтаў – канфлікт каталіцкага касьцёлу і магістрату чэскай сталіцы за правы ўласнасьці над велічнай Катэдрай Сьвятога Віта ў праскім старым горадзе. Ва ўсім сьвеце засталіся адзінкавыя краіны, якія, як Чэхія, дагэтуль не падпісалі стандартнага двухбаковага пагадненьня з Ватыканам.

На пытаньні карэспандэнтаў Ройтэрс праскія мінакі найчасьцей выказвалі абыякавасьць да візыту пантыфіка. Іншыя абурана закідаюць Ватыкану адказнасьць за шырэньне вірусу ВІЧ, з-за забароны на карыстаньне кантрацэптывамі, якую Апостальскі пасад наклаў на мільярд сваіх вернікаў па ўсім сьвеце. Найбольш актыўныя крытыкі Папы зьбіраюцца пратэставаць супраць яго прыезду, раздаючы надзьмутыя прэзэрватывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG