Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бог з машыны” Выбарчага кодэксу


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) Беларусі маюць намер дабівацца вынясеньня пытаньня аб зьменах у выбарчае заканадаўства на шырокае абмеркаваньне. Як паведаміў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, дэмакратычныя сілы будуць прапаноўваць Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ўзяць на сябе ініцыятыву па правядзеньні канфэрэнцыі, дзе ўсе зацікаўленыя бакі абмяркуюць Выбарчы кодэкс, пытаньні яго карэкціроўкі. Наколькі рэальнай выглядае магчымасьць зьмяніць выбарчае заканадаўства да прэзыдэнцкіх выбараў? Ці будзе апазыцыя байкатаваць выбары, калі ўлады так і ня пойдуць ні на якія істотныя зьмены? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.


Цыганкоў: Апазыцыя ўжо некалькі гадоў спрабуе зьмяніць выбарчае заканадаўства і ставіць гэта адной з сваіх галоўных палітычных мэтаў. Наколькі рэальна, што беларускія ўлады гатовыя ня толькі імітаваць нейкі дыялёг па выбарчым заканадаўстве, але і рэальна зьмяніць яго паводле парадаў АБСЭ?

Чавусаў: Ня трэба забываецца, што дыялёг па пытаньні ўдасканаленьня выбарчага кодэксу паміж беларускімі ўладамі і АБСЭ ідзе ўжо год. Напачатку было заяўлена, што прапановы АДС будуць тут улічаны. Але нагадаю, што адной з умоваў правядзеньня дыялёгу, адной з умовай удзелу беларускіх уладаў ў ім быў непублічны характар гэтага дыялёгу. Беларускія ўлады пагадзіліся абмяркоўваць зьмены ў Выбарчы кодэкс толькі пры ўмове захаваньня таямніцы гэтых перамоваў. Таму ў прэсу трапляюць час ад часу толькі нейкія адгалоскі. Грамадзтву, зразумела, гэта не падабаецца, але факт ёсьць факт.

Так што наўрад ці ўлады пагадзіцца адчыніць усю тую сфэру непублічных кулюарных перамоваў, якія вядуцца з эўрапейцамі ў пытаньнях выбарчага заканадаўства.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
Анатоль Лябедзька таксама лічыць, што ў выпадку нэгатыўнай рэакцыі на прапановы дэмакратычных сіл апазыцыя павінна зафіксаваць сваю пазыцыю ў сувязі з гэтым. "Калі ня будзе зьменена выбарчае заканадаўства, захаваецца практыка яго правапрымяненьня — губляецца сэнс самога ўдзелу ў выбарах", — заявіў ён. Наколькі рэальна, што апазыцыя можа пайсьці на байкот прэзыдэнцкіх выбараў у выпадку, калі ўлады ня пойдуць на істотныя саступкі ў гэтым пытаньні?

Чавусаў: У Беларусі ўжо некалькі апошніх выбарчых кампаніяў тэма байкоту актыўна абмяркоўваецца, некаторыя палітычныя суб’екты дзейсна гэтую стратэгію ўжываюць. Але ня будзем забывацца, што нарматыўнае рэгуляваньне выбарчага працэсу – гэта толькі форма. Сам ход выбараў у значнай ступені залежыць ад іншых чыньнікаў, ад агульнай палітычнай атмасфэры ў грамадзтве.

Зьмены ў Выбарчым кодэксе сталі для часткі беларускай апазыцыяй нейкім “Богам з машыны” – вось гэта зьявіцца, і мы адразу апынемся на кані, здабудзем галасы выбарнікаў. Але гэта ня так. І калі апазыцыя будзе моцная, яна здолее перамагчы і па гэтым выбарчым заканадаўстве. Таму я думаю, што зьмяненьне выбарчага заканадаўства – не такая прыярытэтная тэма, якая б карэнным чынам вызначыла зьмену палітычнага рэжыму ў Беларусі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG