Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ДУБАВЕЦЬ?


Выбраныя літары з тэксту, які яшчэ пішацца. Як Дубавец? Напрыклад, так:


Аляксандар Лукашук
Б
— падлеткам прачытаць Шэксьпіра па-беларуску і захапіцца мовай так, каб потым друкаваць на ёй падпольную літаратуру на абсталяваньні Менскага апэратыўнага палка Ўнутраных войскаў СССР.

NGO — за царом гарохам, калі яшчэ ніхто ня ведаў слова «NGO», стварыць зь нефармальнымі беларусамі сапраўдную «Майстроўню» і зусім не местачковых «Тутэйшых».

В — стаць менскім віленчуком, абараняць летувіскі парлямэнт ад савецкіх танкаў і атрымаць мэдаль «За адвагу».

Сяргей Дубавец
Г
— знайсьці ў нацыянальнай гісторыі найлепшае імя для газэты — «Свабода», год выдаваць яе і потым перадаць сябру, каб яна стала самым масавым незалежным выданьнем незалежнай Беларусі.

НН
— адрадзіць затым «Нашу Ніву» так, што яе маглі б лічыць сваёй заснавальнік і рэдактар Аляксандар Уласаў, аўтар Янка Купала, стваральнікі БНР браты Луцкевічы.

П — пайсьці да паэта, які пасьля вершу пра аднаго вусатага знаўцу паэзіі паміраў у турме КДБ у сухой галадоўцы, і вярнуць яго да жыцьця.

Р — паглядзець на айчынную літаратуру, як францускія імпрэсіяністы на Лёндан, і паказаць тое, чаго не хацелі бачыць іншыя — ружовы туман.

С — дзевяць гадоў штотыдня выходзіць у этэр «Свабоды» з новай праграмай «Вострая Брама», якая адразу стала культам ягонай асобы.

Ь — выйсьці на суд за беларускую мову і перамагчы.

Ц
— здавацца заўсёды цьвёрдым, бяз нэрваў, адчаю, трывогі і страху, аддаваць іншым свае ідэі й праекты, радавацца за іх посьпех і не сьпяшацца з асуджэньнем, памыляцца і папраўляцца, мець правільных ворагаў і невядомых прыхільнікаў і ня ведаць, што гэта і азначае — быць лідэрам пакаленьня.

? — у 50 гадоў напісаць кнігу, якая замест дубовых запытаў «хто вінаваты?» і «што рабіць?» задасьць магічнае і музычнае, такое неістотнае і такое біблійнае, галоўнае для свабоды, вайны і каханьня пытаньне — «як?».

І адказаць як чалавек, які любіць: так, як ты хочаш.

Так, як ты можаш.

Так, як найлепш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG