Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўленыя чыноўнікі зноў атрымліваюць высокія пасады


Як склаўся лёс былых высокапастаўленых чыноўнікаў, якіх кіраўнік краіны публічна назваў карупцыянэрамі, запатрабаваўшы іх звальненьня?

Падчас леташняй нарады 13 лістапада, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў звольніць некалькіх чыноўнікаў, а іх катэджы, пабудаваныя на беразе Менскага вадасховішча, перадаць дзецям-сіротам.

Найбольш пашанцавала міліцэйскім службоўцам — нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка патрабаваў, каб сілавікоў звольнілі з органаў унутраных спраў, яны толькі пазбавіліся сваіх ранейшых пасадаў. А потым, згодна з указамі, паступілі ў распараджэньне міністра ўнутраных спраў.

Былы намесьнік міністра ўнутраных спраў Віктар Філістовіч першым выканаў распараджэньне кіраўніка дзяржавы. Цягам месяцу ён разабраў свой катэдж і чакаў новага прызначэньня. Нарэшце яго прызначылі прадстаўніком МУС Беларусі ў Расеі. Ягоная пасада мае дыпляматычны статус, і міліцыянт лічыцца дарадцам у амбасадзе. Цягам трох гадоў ён будзе падпарадкоўвацца намесьніку міністра ўнутраных спраў — статс-сакратару. Сёньня гэтую пасаду займае Анатоль Курылец.

Калі Віктар Філістовіч адразу выканаў распараджэньне кіраўніка дзяржавы і разабраў свой катэдж, то іншыя з гэтым не сьпяшаліся.

Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Рыгор Новік у судовых інстанцыях намагаецца даказаць, што пабудаваў загарадны дом за заробленыя грошы. Ён даслаў лісты генэральнаму пракурору, Віктару Шэйману, намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч ды іншым высокапастаўленым асобам.

Палітык Вінцук Вячорка выказаў сваё меркаваньне на гэты конт:

Вінцук Вячорка
“Для мяне ад самага пачатку было зразумела, што гучныя заявы з барабанным боем пра барацьбу з карупцыяй гэта чарговая паказуха ў разьліку на тое, што грамадзтва гэта пачуе, усьцешыцца, што Лукашэнка прыгадаў свае абяцанкі 1994 году. Ну, а потым, калі хваля грамадзкай увагі схлыне, усё вернецца на свае колы.

Так яно і адбылося. Безумоўна, яму трэба абапірацца на тых, каго ён выкарміў, дакладней, падпусьціў да кармушкі. Ён іх здаваць ня будзе”.

Палітык Мікола Статкевіч выказаў такую думку:

Мікола Статкевіч
“Улада вельмі карумпаваная. У нас у рэгіёнах бізнэс павязаны з уладай. Мясцовыя кланы ўсё кантралююць. Менск тут не выключэньне. Лукашэнку такая сытуацыя задавальняе, бо гэтыя людзі сваім гаманцом зацікаўленыя ў ягонай падтрымцы”.

Дагэтуль ня вырашана канчаткова пытаньне, каму перадаць на балянс дамы, якія засталіся без гаспадароў. Вядома толькі, што пакуль яны ня маюць непасрэднага ўласьніка. Інфармацыя пра тое, у якім стане дамы і калі туды заселяць дзяцей, не разгалошваецца.



Летась 13 лістапада кіраўнік краіны на нарадзе сярод іншых назваў прозьвішчы намесьнікаў міністра ўнутраных спраў Аляксандра Шчурко і Віктара Філістовіча, кіраўніка Дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС Віктара Мельнікава, кіраўніцы Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС палкоўніка Лідзіі Іванчыкавай, пракурора Менскай вобласьці Мікалая Сьнягіра, намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава, судзьдзяў Тацяны Паўлючук, Валерыя Есьмана і Алены Ільіной.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб чыноўнікаў звольнілі з пасадаў і правялі расьсьледаваньне. Тым жа зь іх, хто пабудаваў катэджы на беразе Менскага вадасховішча ў пасёлку “Крынічны”, даў адзін месяц на дэмантаж сваіх збудаваньняў. У іншым выпадку прэзыдэнт паабяцаў адабраць нерухомасьць, каб перадаць яе дзецям-сіротам.

Усе названыя асобы цягам месяца страцілі свае пасады. Пракурора менскай вобласьці Мікалая Сьнягіра арыштавалі і распачалі супраць яго крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG