“Пяцікніжжа Свабоды” адкрывае пісьменьнік, філёзаф, майстар спорту па турызьме краіны, якая сканала 18 год таму, але які сам ніколі не спыняўся вандраваць па прасторы і часе ў пошуках самога сябе – Валянцін Акудовіч.
Прыватны рэйтынг - вандроўныя эсэ.
Леанід Дранько-Майсюк “Стомленасьць Парыжам”. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1995.
Як вядома, для кожнага вандроўніка памерці, не пабачыўшы Парыж, гэтаксама вусцішна, як мусульманіну абмінуцца з Мекай. Вось і Леанід Дранько-Майсюк прызнаецца: “Я вельмі баяўся, што не ўбачу Парыж”. Дзякаваць Богу, чалавеку пашчасьціла і па вяртаньні да хаты ён нават напісаў сваё славутае эсэ “Стомленасьць Парыжам”. Мяркую, Мішэль Мантэнь, стваральнік жанру эсэ, яго б таксама ўпадабаў. Праўда, у Парыжы Дранько-Майсюку фатальна бракавала прыгожых жанчын. Паводле яго, на прыгажуні “Парыж бяднейшы нават за Баранавічы”. Зрэшты, прычына тут можа не толькі ў парыжанках, але і ў самім паэце, які ня так выглядаў жанчынаў, як шукаў сярод вулак Парыжу паэзію і мудрасць? Да прыкладу (цытую): “Калі мы сапраўды адстаём ад сваіх суседзяў на сто, дзьвесьце ці нават на больш гадоў… то адставаньне нашае (я ўпэўнены!) вельмі блізкае да той відавочнай розніцы, якая некалі існавала паміж пакутнаю хадою босых галілейскіх рыбакоў і зладжаным крокам абутых рымскіх легіянераў”.
Уладзімер Арлоў “Лёнданскі вітраж”. Арлоў У. “Сланы Ганібала”. Менск, “І.П. Логвінаў”, 2005.
Падарожнік Уладзімір Арлоў найбольшы сантымэнт, здаецца, мае да Лёндану. Згадаем хаця б эсэ ”Лёнданскі вітраж”, якое пачынаецца з досыць нечаканай характарыстыкі Брытанскіх выспаў (цытую): “Англія можа здацца вам утульным зялёным хутарам з авечкамі на спадзістых пагорках, з расквітнелымі ў сакавіку вішнямі, “жабінымі вочкамі” і магноліямі, а таксама з тубыльцамі, што – як і належыць сапраўдным хутаранцам – глядзяць на вас троху звысоку”. Але параўнаньне Англіі з беларускім хутарам неўзабаве перастае дзівіць, бо празь некалькі старонак у пісьменьніка ўжо нават і Лёндан апынаецца цалкам зьбеларушчаным. Арлоў моліцца ў беларускай (грэка-каталіцкай) царкве, ходзіць за чытанкай у бібліятэку Скарыны, бавіць час з айцом Надсанам і Гаем Пікардам, а пасьля проста шпацыруе зь беларускімі дзяўчатамі па вулках гораду… З усяго гэтага ў вас ствараецца ўражаньне, што Лёндан – сапраўды беларускі горад, можа нават больш беларускі за Вільню.
Адам Глобус, “Карыда”. Глобус А.“Толькі не гавары маёй маме”. Менск, “Сучасны Літаратар”, 1995.
Любімы горад Адама Глобуса – Барсэлёна. Ён шмат пісаў пра яго, але я прапаную найперш зьвярнуць увагу на эсэ “Карыда”. Праўда, праз гэты тэкст мы, лічы, нічога не даведаемся пра ўласна сам горад, і ўсё ж такі я вылучаю менавіта яго, бо ні ў чым сутнасьць Гішпаніі і гішпанцаў не выяўляецца так поўна, як у карыдзе. Між іншым, бязьлітасна жорсткае пісьмо Глобуса тады яшчэ не цуралася рамантычных парываньняў і таму аўтар шалёна кідаўся то абараняць тарэадора, то быка… Прыкладам (цытую): “ Ён – бык. Адзіны і сапраўдны Бог на зямлі. Ён выйшаў на змаганьне супроць узброенай зграі танцораў. Ён усьпеніў пясок і ўспароў рагамі неба. Ён кінуў сваё цела на пурпуровае крыло тарэадора…”
Ігар Бабкоў “Балканскі сон”. Бабкоў І. “Каралеўства Беларусь.Вытлумачэнне ру(і)наў”. Менск, “І.П.. Логвінаў”, 2005.
Ігар Бабкоў ніколі не апісваў свае вандроўкі. За адным выключэньнем, якое называецца “Балканскі сон”. Хаця тапаграфічна гэтае эсэ пераважна зьвязанае з Македоніяй і яе ляндшафтамі (цытую): “Няма нічога больш адрознага ад беларускай прасторы з яе архетыпамі лесу, балота, твані і адначасова шырокіх прастораў, чым гэты край бясконцых уздымаў, вечных вышыняў, гасьцінных сэрпантынаў, што блукаюць па схілах, пяшчотна абвіваючы горы, ахутваючы іх пракаветным памкненьнем узнесьціся.” Аднак назва гэтаму эсэ больш адпавядае, чым тапаграфія. Бо з “балканскага катла”, дзе народы жывуць і крывявяць у нейкай адной неверагоднай мяшанцы, складана нештаа вылучыць упаасобку, як і нешта зразумець увогуле. Таму слушна заўважае аўтар: “Балканы для Беларусі могуць быць толькі сном: прыгожым, нечаканым, небяспечным, фантасмагарычным… сном, ад якога не хочацца прачынацца…”.
Янка Брыль”Душа не падарожніца”. БрыльЯ. Збор твораў, 4 том. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1981.
Парад вандровак я завяршаю падарожжам Янкі Брыля ў Індыю. Ён яго апісаў у нарысе/эсэ “Душа не падарожніца”. Не скажу, што сёньняшняму чытачу, бітма набітаму відэамалюнкамі з самых патаемных куткоў свету, той даўні тэкст адкрые нейкія новыя дзівосы. Але такой сардэчнай замілаванасьці гэтай чароўнай краінай ня шмат у каго цяпер сустрэнеш. Нездарма пісьменьнік падчас свайго аповеду некалькі разоў паўтарыў індыйскую прымаўку: “Што за карысьць з вачэй, калі ў іх няма дабраты?”.