Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БНФ на сёньняшні дзень задае моду”


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Новае кіраўніцтва Партыі БНФ заявіла пра паніжэньне прадстаўніцтва Партыі БНФ у складзе АДС, пра выхад з працэдуры АДС у справе абраньня адзінага кандыдата і пра стварэньне нацыянальна-дэмакратычнага блёку. Ці прывядзе гэта да перафарматаваньня аб’яднаных дэмакратычных сілаў? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з мэтадолягам Уладзімерам Мацкевічам.

Дашчынскі: Як вы ацэньваеце новы паварот у стаўленьні Партыі БНФ да Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, структуры, якую новае кіраўніцтва партыі называе забюракратызаванай, якая страціла мабільнасьць і дынамізм ?

Мацкевіч: “Я лічу, што гэта вельмі своечасова, што менавіта БНФ выказаў досыць разважлівае стаўленьне да ініцыятывы праймэрыз і наагул да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Сапраўды, сёньня ў ніводнай з партыяў няма нейкага абсалютна слушнага праекту адносна прэзыдэнцкіх выбараў. І таму такая ўзважаная пазыцыя БНФ сёньня вельмі дарэчы. І яна напэўна вымусіць і астатніх палітыкаў, астатнія партыі таксама падыйсьці да гэтага не наскокам, а аналітычна.
Сёньня ў ніводнай з партыяў няма нейкага абсалютна слушнага праекту адносна прэзыдэнцкіх выбараў.
Добра, што зьезд вырашыў не адмаўляцца цалкам ад гэтых ініцыятыў, а панізіць статус свайго ўдзелу ў іх. Не адхіляючы адразу, а, напэўна, яшчэ раз вярнуцца да гэтага ў рабочым працэсе, узважыць усё плюсы і мінусы, знайсьці нейкія кампрамісы і толькі пасьля гэтага ўжо канчаткова вырашыць пытаньне. Я думаю, што гэта добры прыклад для астатніх палітыкаў”.

Дашчынскі: Такім чынам працэдура АДС па вылучэньні адзінага кандыдата на выбары будзе спыненая?

Мацкевіч: “Менавіта тыя прапановы, якія зараз гучаць, найперш праймэрыз, — я спадзяваўся б, што гэта будзе спынена. Бо гэта не гатовая працэдура. Яна прынятая бяз добрага аналізу, аналітыкі, праектаваньня. Таму было б добра, каб гэтая працэдура была спыненая”.

Дашчынскі: Такія заявы новага кіраўніцтва Партыі БНФ — ці не прывядуць яны наагул да перафарматаваньня шэрагаў аб’яднаных дэмсілаў?

Мацкевіч: “Я б нават спадзяваўся на гэта. Гэта было б вельмі добра, гэта вяло б да аздараўленьня наагул беларускай апазыцыі. Як бы там ні ставіліся да БНФ розныя людзі, і я ў тым ліку, трэба прызнаць, што БНФ на сёньняшні дзень задае моду. І Янукевіч мае рацыю, калі кажа, што зь яго прыходам, а гэта чалавек цалкам з новай генэрацыі, які зь юнацкіх гадоў выгадаваны ў беларускай апазыцыі, то гэта можа паслужыць штуршком, каб і астатнія партыі абнаўлялі сваё лідэрства. І шмат хто з аналітыкаў казаў ужо пра неабходнасьць амаладжэньня беларускіх партыяў, і гэта добры прыклад”.

Дашчынскі: Яшчэ адна ініцыятыва — гэта стварэньне нацыянальна-дэмакратычнага блёку. Наколькі гэтая ініцыятыва будзе плённай?

Мацкевіч: “Такая прапанова вынікае з самой сутнасьці фронту. Думаю, для БНФ гэта цалкам арганічная прапанова. Іншая справа, наколькі гэта атрымаецца. Бо я на сёньняшні дзень пакуль ня чуў ад маладых палітыкаў, якіх Янукевіч вакол сябе аб’яднаў, прапановаў менавіта канкрэтных, адпаведных сёньняшнім рэаліям, праблемам Беларусі. Калі гэта будуць здольныя зрабіць гэта людзі, калі яны змогуць аб’яднаць намаганьні ня толькі палітычных лідэраў, але і грамадзянскай супольнасьці, аналітычных цэнтраў, то гэта вырашальная задача”.

Дашчынскі: Калі гэта атрымаецца, то тады нацыянальна-дэмакратычны блёк можа замяніць АДС?

Мацкевіч: “Так, на гэта і разьлічваецца. І думаю, што для гэтага ўжо надышоў час. Ёсьць патрабаваньне часу менавіта для такіх дзеяньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG