Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Мая невядомасьць ёсьць маім моцным плюсам


Першае інтэрвію на пасадзе старшыні партыі Аляксей Янукевіч даў Радыё Свабода.


Цыганкоў: Што вы адчуваеце ў гэты момант, адразу пасьля перамогі – радасьць, хваляваньне, пачуцьцё адказнасьці?

Янукевіч: Пачуцьцё адказнасьці самае моцнае. Таксама ёсьць шкадаваньне ад таго, што шмат якія прадстаўнікі нашай фронтаўскай эліты, больш сталага адмовіліся вылучацца ў Сойм. Не скажу, што гэта мяне бянтэжыць, але гэта сумны для мяне факт і зараз я думаю, як можна гэтых людзей прыцягнуць да актыўнай партыйнай дзейнасьці ў будучыні. Я спадзяюся, калі яны пабачаць, што нічога страшнага з партыяй не адбываецца, нікому партыю не зьбіраюцца прадаваць (на жаль, шмат якіх непраўдзівых стэрэатыпаў было запушчана) – то гэтая першая эмацыйная хваля сыдзе і яны далучацца да працы. Можа, не з усімі атрымаецца наладзіць зноў добрыя працоўныя стасункі, але я буду прыкладаць да гэтага ўсе намаганьні, буду асабіста зь імі размаўляць. Буду прапаноўваць некаторым зь іх узначаліць камісіі Фронту. Спадзяюся, што праз некалькі месяцаў іхнія нэгатыўныя эмоцыі саступяць месца адказнасьці і партыйнаму патрыятызму.
Ёсьць задавальненьне тым, што большасьць дэлегатаў абрала новы курс, абрала шлях наперад


Але, безумоўна, ёсьць і задавальненьне тым, што большасьць дэлегатаў абрала новы курс, абрала шлях наперад. І людзі, якія мяне падтрымалі, я спадзяюся, далучацца да вырашэньня новых задач партыі.

Цыганкоў: Якімі будуць вашы першыя крокі на пасадзе старшыні?

Янукевіч: У панядзелак зьбярэм кіраўніцтва партыі з удзелам рэгіянальных кіраўнікоў. У найбліжэйшы час мы павінны заняцца кампаніяй дзеля зьменаў у заканадаўства аб выбарах, а таксама зьвярнуцца да грамадзтва з нацыяльна-эканамічнымі праблемамі.

Цыганкоў: Вы ўжо казалі пра міты і стэрэатыпы, але яны гучаць нават з вуснаў дэлегатаў зьезду тут, у кулюарах. Што вы адкажаце тым, хто сьцьвярджае, што БНФ ляжа пад рух Мілінкевіча “За свабоду”?

Янукевіч: Ведаеце, я нават не лічу, што пасьля зьезду трэба нешта казаць такім людзям. Я думаю, што справамі ў вельмі хуткім часе мы здолеем прадэманстраваць, што партыя, наадварот, будзе выходзіць з ценю іншых палітычных сілаў і набываць сваё ясна выразнае аблічча. Я думаю, мае справы адкажуць гэтым людзям.

Цыганкоў: Вы ўжо 6 гадоў былі намесьнікам Старшыні партыі БНФ, але я не пайду супраць ісьціны, калі скажу, што па-за рамкамі БНФ вы зусім мала вядомы як палітык. Вы таксама менш вядомыя ,чым кіраўнікі іншых апазыцыйных партыяў. Што вы будзеце рабіць, каб выходзіць на агульнанацыянальны ўзровень?

Янукевіч: Я лічу гэта вялікім плюсам. Бо старое пакаленьне ў дэмакратычных партыях жорстка асацыявалася з назвамі сваіх партыяў, з пэўнымі стэрэатыпамі. Я пакуль першы прадстаўнік маладога пакаленьня беларускіх палітыкаў, які ўзначаліў партыі, мяркую, гэта наперадзе ў іншых партыях. Гэта ёсьць моцным маім плюсам, каб здабыць прыхільнасьць у грамадзтве. Гэта, з аднаго боку, прыцягне ўвагу людзей, а зь іншага – пэўныя стэрэатыпы, якія замацаваліся за апазыцыйнымі лідэрамі за шмат гадоў, яны не распаўсюджваюцца на менш вядомых асобаў, такія як я. І гэта дае магчымасьць пазыцыянаваць сябе ў шырокім грамадзтве “з чыстага ліста”, што заўсёды прасьцей, чым ламаць і мяняць нейкія стэрэатыпы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG