Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае пахаваньне Радзівілаў


Сёньня у Вільні пачынаецца цырымонія разьвітаньня з князямі Радзівіламі. Парэшткі 8 прадстаўнікоў знакамітага роду магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, знойдзеныя архэолягамі 4 гады таму, дакладна ідэнтыфікаваныя. У іх ліку – канцлеры ВКЛ, віленскія ваяводы Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды. Пасьля двухдзённага разьвітаньня саркафаг будзе перавезены ў замчышча Дубінкі, у 50 км ад Вільні.

Цяпер невядома, дзе пахаваныя многія знаныя дзеячы і князі Вялікага княства Літоўскага. Таму ў Літве сэнсацыяй і найвялікшым адкрыцьцём апошніх дзесяцьцігодзьдзяў назвалі знаходку архэолягаў у Дубінцы (Dubingiai) каля возера Асьвея, у 50 км ад Вільні, дзе месьцілася рэзыдэнцыя Радзівілаў.

Знаходкі на замчышчы

Тут праводзіліся архэалягічныя раскопкі цягам сямі сэзонаў. Сярод іншага, знойдзеныя і каля 40 пахаваньняў, у іх ліку 8 пахаваньняў на месцы цэнтральнай часткі колішняй эвангеліка-рэфармацкай царквы ў закапаных у зямлю адмыслова зробленых трунах накшталт скрыняў.

Спэцыялісты высьветлілі, што гэта парэшткі князёў Радзівілаў і іх жонак.

Сярод іх – канцлер ВКЛ, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны і яго жонка Альжбэта з уплывовага польскага роду Шыдлавецкіх; канцлер ВКЛ, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Руды, яго жонка Алена і сын Мікалай Радзівіл (1546-1589), Мікалай Радзівіл – унук Мікалая Радзвіла Рудога, Януш Радзівіл (1579-1620).

Ужываліся самыя розныя сучасныя мэтодыкі, дапамагла і досыць багатая іканаграфія, і немалая колькасьць зьвестак пра Радзівілаў (якія апошнія знаходкі значна дапоўнілі) – да прыкладу, Радзівіл Чорны пакутваў на хваробу суставаў, ягоная жонка Альжбэта нараджала 9 разоў.

Агульнае сьвята

Гэта вялікае сьвята для навукі, адзначае віленскі гісторык Сяржук Вітушка, кіраўнік грамадзкай арганізацыі Віленскі белаурскі музэй імя І.Луцекевіча:

Сяржук Вітушка


“Гэта нашая агульная гісторыя, нашая агульная спадчына. Радзівілы – хай яны літоўскага паходжаньня, але яны і нашыя беларускія князі. Таму, думаю, што і беларусам трэба адзначыць гэтую падзею як і нашае сьвята і парадавацца за навукоўцаў Літвы, якія зрабілі такую складаную работу”.

Адкрытае для ўсіх

Цырымонія разьвітаньня з князямі і іх жонкамі ў віленскім палацы Радзівілаў працягнецца два дні, у суботу саркафаг будзе перавезены ў замчышча Дубінкі і пахаваны на месцы колішняй рэфармацкай царквы.

Раскопкі ў замчышчы працягнуцца яшчэ да 20 верасьня і пасьля будуць закансэрваваныя і адкрытыя для наведнікаў. Над месцам раскопак будуць пабудаваныя ходнікі, і усё разам разьмесьціцца пад адмысловай пабудовай.

На месцы адкрытай архэолягамі рэфармацкай царквы, дзе былі знойдзеныя пахаваньні, ужо зробленыя працы па кансэрвацыі, месца адкрытае для наведнікаў. Тут ужо усталяваная пахавальная крыпта і надмагільная пліта на тым месцы, дзе ў суботу ўрачыста пахаваюць саркафаг з парэшткамі Радзівілаў.

Пакуль працягваюцца раскопкі, можна наведваць і архэолягаў у часе працы. На сайце віленскага унівэрсітэту паведамляецца, што ўсе ахвотныя, каму цікавая архэалёгія, могуць наведваць замчышча – архэолягі там знаходзяцца штодня ў працоўныя дні ад 9 да 16 гадзінаў. У выходныя замчышча можна наведваць самастойна.

Возера Дубінкі


***

Сям''я Радзівілаў у ВКЛ мела найбольшую моц і ўплыў у 16 і 17 стагодзьдзях і пазьней, да канца 18 ст. захоўвала сваю значную ролю ў палітычным і культурным жыцьці краіны. Радзівілы валодалі вялікімі абшарамі зямлі, мелі сотні сядзібаў, іх багацьце дазваляла ўтрымліваць уласнае войска. З 16 ст. найбольш вядомыя стрыечныя браты, абодва Мікалаі – Чорны і Руды.

Вялікі гэтман Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584) быў знаным вайскоўцам. Яго імя ў Эўропе праславіла перамога пры Уле (1564) над расейскімі войскамі Івана Жахлівага, амаль у дзесяць разоў большымі па колькасьці. Радзівіл Руды і ў палітыцы абараняў самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага. На Люблінскім сойме 1569 году ён не падпісаў акт уніі.

Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) быў маршалкам і канцлерам ВКЛ. У якасьці сьведчаньня таго, наколькі ён быў шанаваны як канцлер ВКЛ, гісторыкі падаюць такі факт: калі Радзівіл Чорны спазьняўся на паседжаньне сэнату, сам Жыгімонт Аўгуст уставаў, каб зь ім павітацца. Менавіта Радзівіл Чорны адстойваў у часе перамоваў з Польшчай патрабаваньне, каб вялікі князь стала жыў у ВКЛ.

Стрыечныя браты Радзівілы, Руды і Чорны, увогуле вядомыя як абаронцы незалежнасьці і самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага і як прагрэсіўныя мэцэнаты – яны падтрымлівалі ідэі рэфармацыі, стваралі рэфармацкія школы, цэрквы.

Цырымонія развітаньня цягам двух дзён, у чацьвер і пятніцу, будзе праходзіць у Вільні ў Палацы Радзівілаў (вул. Вільняус, 22/1) ад 12 да 18 гадзінаў. Па вечарах у гэтыя дні тамсама будуць праходзіць імшы, у суботу 5 верасьня саркафаг будзе перавезены на замчышча Дубінка і пахаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG