У часы Другой Усясьветнай вайны Міхай быў фармальным кіраўніком Румыніі, аднак рэальная ўлада знаходзілася ў рукох вайсковага дыктатара Антанэску. 23 жніўня 1944 года Міхай аддаў загад арыштаваць Антанеску за ягоную адмову падпісаць перамір’е з Савецкім Саюзам, што паскорыла разгром гітлераўскай кааліцыі. Міхай быў ўзнагароджаны савецкім ордэнам “Перамога” (сёньня ён адзіны жывы кавалер гэтага ордэну). У 1947 годзе ён быў вымушаны пад ціскам Масквы адмовіцца ад трону. Жыў у Вялікабрытаніі і Швэйцарыі. У 1997 годзе яму было вернутае румынскае грамадзянства. Адмовіўся ад прапановы дэмакратычных партыяў Румыніі балятавацца на пасаду прэм’ер-міністра краіны.
Карэспандэнт Радыё Свабода сустрэўся з былым каралём Румыніі Міхаем у ягонай рэзыдэнцыі ў Швэйцарыі. Прапануем вашай ўвазе фрагмэнты інтэрвію.
Карэспандэнт: Некаторыя гісторыкі кажуць, што калі б Румынія вырашыла супрацьстаяць савецкаму ўльтыматуму 1940 году і абараніць Бесарабію і Паўночную Букавіну, хаця гэта і прывяло б да страты некалькіх дзесяткаў тысяч салдатаў, але краіна б выйграла маральна і нават палітычна, як Фінляндыя. Чаму Румынія не змагалася?
Кароль Міхай: Я шмат разважаў над гэтым... Зусім магчыма, што тады ў выніку мы б маглі мець інтэрвэнцыю рускіх па ўсёй краіне. Вы ніколі ня можаце такога прадбачыць, але ведаеце, вы павінны быць вельмі, вельмі асьцярожныя адносна некаторых рэчаў.Таму магчыма, што было больш бясьпечна прынізіцца і паспрабаваць абараніць спакой і незалежнасьць краіны. Гэта тое, што шмат якія людзі на Захадзе, канешне, не зусім разумеюць, бо ня бачаць рэальную сытуацыю...
...Злучаныя Штаты вельмі далёка, а Вялікабрытанія і Францыя, наколькі я маю вопыт, не клапаціліся пра гэтую частку Эўропы. Я вельмі добра памятаю, як у 1938 годзе мой бацька (кароль Караль Другі — рэд.) ўзяў мяне ў Лёндан з афіцыйным візытам. Я не браў непасрэднага ўдзелу ў перамовах, але я памятаю, што ён спрабаваў атрымаць нейкае разуменьне з боку брытанскага ўраду, ня тое каб абараніць нас, але хаця б, як мінімум, мець цікавасьць да нашай краіны і да таго, што адбываецца ў гэтай частцы Эўропы. Іх не хвалявала тое, што здарылася, і калі б мы згубілі незалежнасьць – іх гэта не цікавіла б.
Карэспандэнт: У 2005 годзе Вы былі запрошаныя тагачасным расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным ў Маскву для ўдзелу ў урачыстасьцях з нагоды 60-годзьдзя завяршэньня Другой Усясьветнай вайны. Вы неаднойчы казалі, што дзеяньні Савецкага Саюзу былі “надзвычай страшныя для румынаў” і заяўлялі, што Расея павінна афіцыйна асудзіць пакт Молатава-Рыбэнтропа. Вы ўсё яшчэ настойваеце на гэтым?
Кароль Міхай: Я казаў гэта задоўга да 2005 году. І калі я быў запрошаны ў Маскву на ўрачыстасьці, я быў вельмі зьдзіўлены, бо пасьля ўсёй той гісторыі мы і Расея былі разам, і я ня мог паверыць сваім вушам. Але я павінен сказаць, што цяпер, калі Савецкі Саюз не існуе, я хацеў бы, аб і Расея – як бы гэта сказаць – была б крыху больш адкрытай і шчырай у гэтых рэчах. Яны павінны выказацца адносна пакта Молатава-Рыбэнтропа. Я дума, гэта было б правільным рашэньнем.
Карэспандэнт: Як наконт Гітлера, Вы калі-небудзь сустракаліся зь ім?
Кароль Міхай: Так, я сустракаўся з Гітлерам двойчы. Аднойчы з маім бацькам, калі мы вярнуліся з Англіі і Францыі ў 1938 годзе. Мой бацька меў зь ім гутаркі. Ня ведаю, пра што, бо не размаўляю на нямецкай. І другі раз разам з маці... Мы абедалі з Гітлерам недзе ў Бэрліне. Як я ўжо сказаў, я не размаўляю на нямецкай, але мая маці магла крыху размаўляць па-нямецку. Ня вельмі атрымалася гутарка, хаця мы і мелі перакладчыка.
Карэспандэнт: Прабачце за пытаньне, але Вы насамрэч той, хто бачыў яго. Было страшна?
Кароль Міхай: Не, ведаеце (сьмяецца)... Ён мяне і маю маці не ўразіў зусім.