Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская выстава ад вэтэранаў Войска Польскага


Сёньня Маўгілёве ў мясцовым Доме польскім адкрываецца выстава “Палякі на франтах другой усясьветнай вайны”. Яна прысьвечаная сямідзясятай гадавіне пачатку вайны і ўдзелу палякаў у змаганьні з фашысцкай Нямеччынай. Выстава перададзена Дому польскаму вэтэранамі Войска Польскага Раманам Арлоўскім і Францішкам Грэкам.

Каля чатырох дзясяткаў фотаілюстрацыяў з тлумачэньнямі на польскай мове апавядаюць пра змаганьне палякаў з ворагам і пра іх унёсак у справу перамогі над фашызмам:

“Польшча цягам усяе вайны актыўна змагалася з фашысцкай Нямеччынай. Тут паказаныя галоўныя напрамкі дзейнасьці палякаў у барацьбе з ворагам. Тут і падпольшчыкі, і барацьба на Заходнім і Ўсходнім франтах, Ваенна-марскі флёт, і Ваенна-паветраныя сілы, і Варшаўскае паўстаньне”, – кажа пра выставу мэтадыст Дома Польскага Сяргей Маршалкоўскі.
Сяргей Маршалкоўскі

Выстава будзе экспанавацца да 12 кастрычніка. У гэты дзень у 1943 годзе першая польская дывізія імя Тадэвуша Касьцюшкі, сфармаваная ў Расеі на Разаншчыне, упершыню ўступіла ў бой з фашыстамі. Баявы хрост яна прыняла каля вёскі Раманава, што паблізу Горак на Магілёўшчыне. Раман Арлоўскі і Францішак Грэк ваявалі ў той дывізіі. Працягвае Сяргей Маршалкоўскі:

“Палякі ўступалі ў шэрагі гэтай дывізіі і потым з баямі ішлі ў Польшчу й вызвалялі гарады, у тым ліку й Бэрлін”.
Экспанат выставы

Пасьля двух дзён баёў польская дывізія страціла больш за 500 сваіх салдат і была выведзена зь перадавой. Ваенныя гісторыкі цьвердзяць, што пільнай неабходнасьці ў бітве пад Раманавам не было. Яна была не падрыхтаваная, як і сама дывізія. Палякаў кінулі штурмаваць вышыню, каб прадэманстраваць саюзьнікам па антыгітлераўскай кааліцыі, што Савецкі Саюз стварыў баяздольную вайсковую адзінку.

Паводле разанскага таварыства “Мэмарыял”, “касьцяк” дывізіі склалі рэпрэсаваныя НКУС палякі, якія дамагліся вызваленьня зь лягераў і ссылак дзеля барацьбы зь гітлераўцамі ў польскіх вайсковых фармаваньнях. Было і шмат беларусаў, якія паходзілі з заходняй Беларусі й выдавалі сябе за палякаў, каб выбавіцца з савецкіх лягераў.

Колькі дакладна ваявала беларусаў у Войску Польскім, зьвестак няма. Вядома, што па заканчэньні вайны шмат хто зь іх вярнуўся ў Савецкі Саюз да сваіх сем’яў. У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 году 890 чалавек, якія ваявалі ў арміі Андэрса, былі арыштаваныя й сасланыя ў Іркуцкую вобласьць Расеі. Сярод іх — 285 жаўнераў, узнагароджаных Памятным крыжам Монтэ-Касіна.

Экспанат выставы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG