Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі ўпэўненыя, што іх пакінуць у спакоі


Вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” правялі нядзельнае набажэнства. На сходзе ў нядзелю яны пастанавілі не рабіць дадатковых захадаў, каб абараніць свой будынак. Вернікі паведамілі, што будынак царквы на менскай вуліцы Кавалёва будзе працаваць у звычайным рэжыме.

Каля сотні вернікаў сабраліся сёньня ў будынку царквы “Новае жыцьцё” на нядзельнае набажэнства. Пастар Вячаслаў Ганчарэнка заклікаў усіх устрымацца ад акцый пратэсту, а жыць так, нібыта нічога не адбылося.





Гаворыць Вячаслаў Ганчарэнка:

Вячаслаў Ганчарэнка
“Гэтым разам мы цалкам аддаліся волі Госпада. Прайшоў у нас маратон-пакланеньне малітоўны. Усю ноч былі разам з намі пастары і каманды, якія прыехалі з розных гарадоў. Мы адчулі салідарнасьць і вялікую падтрымку.

Мы ідзем такім шляхам, бо адчуваем, што Бог моцны і ён усё вырашыць. Дзейнічае ён рознымі шляхамі. Гэтым разам мы не галадаем, мы жывем і добра сябе адчуваем”.

Вернікі вычарпалі ўсе магчымасьці ў судовых інстанцыях дабіцца замацаваньня за сабой набытага напачатку 90-х будынку. За той час, што былі судовыя паседжаньні, вернікі за свае грошы зрабілі новы рамонт. Усталявалі аўтаномныя камунікацыі, каб не залежыць ад гарадзкіх.

Гаворыць юрыст царквы Сяргей Луканін:

Сяргей Луканін
“Бог сам будзе за нас рабіць тое, што ён павінен рабіць у гэтай сытуацыі. Мы будзем жыць, як звычайна ладзіць набажэнствы, маліцца – жыць так, як і жылі. Будзем спадзявацца на Госпада”.

У будынку царквы ў суботу адбылося моладзевае набажэнства. Падлеткі з клюбу “Палова лімона” сабраліся, каб яшчэ раз прыгадаць падрабязнасьці іх вандроўкі на возера што на Пастаўшчыне. Тэрыторыя клюбу месьціцца ў канцы будынку. Для дзяцей зроблена сцэна, кавярня, музычная студыя. Для зусім маленькіх дзетак існуюць адпаведныя пакоі, дзе зь імі займаюцца выхавацелі.

Дзеці сабраліся, каб ўзгадаць вандроўку, у якую яны хадзілі ад царквы


Дзеці разглядваюць здымкі з вандроўкі

Вернікі лічаць, што ўлады ня пойдуць на тое, каб выкінуць вернікаў з будынку. Яны ўпэўненыя, што ніводная арганізацыя не адважыцца разьмясьціць свой офіс у храме, зробленым рукамі вернікаў.



У жніўні 2005 году гарадзкія ўлады пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым і будынку (былога калгаснага кароўніка на ўскрайку Менску), дзе быў юрыдычны адрас рэлігійнай суполкі. Наступствам гэтага стала тое, што суполка не прайшла перарэгістрацыю. У 2006 годзе вернікі трымалі галадоўку. Пастара царквы выклікалі ў адміністрацыю прэзыдэнта і паабяцалі вырашыць у судзе ўсе пытаньні. Сёлета Вышэйшы гаспадарчы суд пастанавіў адабраць у вернікаў будынак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG