Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацёмкінскія Гервяты


Калі будзеце на Астравеччыне, абавязкова наведайце мястэчка Гервяты. Дзе на вуліцах яшчэ можна пачуць жывую літоўскую мову. Дзе ў маляўнічай сажалцы адбіваецца старасьвецкі млын, 1875 году пабудовы. Мураваны, у прускім стылі. Дзе над навакольлем пануе высачэзны касьцёл Сьвятой Тройцы. Нэагатычная спаруда, пабудаваная ў 1903 годзе. Але з такім насьледаваньнем старажытнай готыцы, што ствараецца ўражаньне, нібы гервяцкі храм — равесьнік парыскага Нотр-Даму. А каля касьцёла падарожніка чакае сапраўдны батанічны сад, створаны мясцовым ксяндзом Леанідам. Толькі японскай сакуры пакуль няма.


Я прыехаў у Гервяты ў жніўні 2007 году. Каб паслухаць літоўскіх песень ды палюбавацца касьцёлам. Але ж не ўдалося. Бо за тыдзень да майго прыезду Гервяты з афіцыйным візытам наведаў прэзыдэнт Беларусі. Сьляды яго візыту былі паўсюль. У ідэальна вымеценых вуліцах. У вазонах з кветкамі ўздоўж галоўнай вуліцы. А галоўнае — у нейкай палахлівасьці гервятцаў. Ад чалавека з дыктафонам шарахаліся, як ад чумнога. Толькі стары настаўнік-пэнсіянэр распавёў мне крыху пра сваю сустрэчу з галавой дзяржавы.



Настаўнік: “Цікава было самога прэзыдэнта ўбачыць. Сабралася там людзей нямала. Прэзыдэнт умее зь людзьмі ўвайсьці ў кантакт. Адразу падышоў. “Ой, колькі вас тут сабралася! Ні аднаго п’янага ня бачу. Хоць гаварылі мне, што тут п’яныя. У вас ня п’юць?” Жанчыны: “Ня п’юць!”

Карэспандэнт: “А чаму не было п’яных? Алькаголікаў не пусьцілі туды?”

Настаўнік: “Гэта ж быў цэнтар дня. Яшчэ не пара была і алькаголіку выпіць. Тут маладыя ня маюць калі. Уборка ідзе, камбайны, усе ўключаны ў справу”.

Карэспандэнт: “А якія-небудзь вострыя пытаньні задавалі яму?”

Настаўнік:
Прэзыдэнт адказаў, што дзяржава ніколі не дапусьціць, каб быў абвал рубля.
“Вострых не задавалі. Я, праўда, задаў адно пытаньне. Што наш беларускі рубель за апошні час стаў стабільным. Умацаваўся. Насельніцтва, у якога лішнія грошы, ахвотна панесла ў банкі. Ці будзе надалей такая дынаміка? Прэзыдэнт адказаў, што гэта для дзяржавы галоўнае пытаньне. І што дзяржава ніколі не дапусьціць, каб быў абвал рубля”.

Ці ня праўда, сёньня слухаць пра тое, што дзяржава не дапусьціць абвалу рубля, прынамсі забаўна.

Далей мне быў аказаны рэдкі гонар. Мною асабіста заапекаваўся сам старшыня сельсавету Міхаіл Шульгін. Ён ласкава пагадзіўся скласьці мне кампанію і асабіста выступіць у ролі гіда па сваім аграгарадку. Я не знайшоў у сабе сілаў адмовіцца ад такой шляхетнай прапановы. Зусім не западозрыўшы падвоху.



Шульгін: “Гэта ж некалькі мільёнаў пайшло, каб выкапаць гэтую сажалку. Да гэтай сажалкі будзе сьцягвацца, дэндрарый сыходзіць. У нас, атрымліваецца, расьцягваецца прыгажосьць гэтая ўсё болей. Мы будзем ачагі, куткі прыгожыя рабіць. Насупраць клюбу ў нас дрэвы пасаджаныя. Прыгожа, добра. Касьцёл у нас зьяўляецца цэнтрам духоўнасьці. Але мы хочам яе расьцягнуць. Далей, далей, далей, далей…”

Засмучаны тым, што не ўдалося даслухаць пра ўсе пляны спадара Шульгіна, я паехаў плаціць штраф.
Распавядаючы пра “красату”, якую “ўсё дальшэ і дальшэ” трэба “расьцягіваць”, спадар Шульгін усё далей і далей вадзіў мяне па мястэчку. Ад школы да крамы, ад аптэкі да пошты. Быццам іншых справаў у яго не было. Пакуль нарэшце не пад’ехала машына з памежнікамі. І ласкавы старшыня перадаў мяне ў рукі правасудзьдзя. Клянуся, я ня ведаў, што Гервяты, якія знаходзяцца за 30 кілямэтраў ад мяжы, — памежная зона. Засмучаны тым, што не ўдалося даслухаць пра ўсе пляны спадара Шульгіна, я паехаў плаціць штраф. З надзеяй абавязкова сюды вярнуцца.



Сёлета здаровага сэнсу ў Беларусі паболела. Прынамсі што да дзяржаўнай мяжы. Бо Гервяты ўжо больш не памежная зона. І жыхары Гервятаў ужо больш адкрыта ўспамінаюць падзеі двухгадовай даўніны. 80-гадовы Мар’ян — літовец. Усё жыцьцё жыве ў родным мястэчку. З кожным годам усе менее тых, з кім можна пагаварыць на роднай мове. Хіба што песьню запяяць.

Мар’ян: (Сьпявае па-літоўску.)

Карэспандэнт: “А пра што гэта?”

Мар’ян: “Гэта пра радню песьня”.

Карэспандэнт: “Ці многа тут літоўцаў, у Гервятах?”

Мар’ян: “Раней усе, лічы, літоўцы былі. А цяпер тут наежджыя. І ўкраінцы, і расіяне, усякія панаяжджаўшы. А адны літоўцы былі. Шэсьць вёсак літоўскіх”.

Карэспандэнт: “А вы не шкадуеце, што тут Беларусь, а не Літва?”

Мар’ян: “А што мне за розьніца? Я на пэнсіі. Мне розьніцы няма ніякай”.

Карэспандэнт: “А калі Лукашэнка прыяжджаў, вы хадзілі на яго глядзець ці не?”

Мар’ян: “А хто выпусьціць?”

Карэспандэнт: “Не выпускалі? А якім чынам не выпускалі? Што, паставілі аўтаматчыка перад хатай?”

Мар’ян: “Так”.

Карэспандэнт: “Як у сорак першым…”

Мар’ян: “Выйшаў на вуліцу, міліцыя стаяла каля мяне. “Ідзі сядзі”.

Другі гервяцец, вясёлы спадар сярэдняга веку, таксама правёў некалькі гадзін Лукашэнкавага візыту пад хатнім арыштам. Штопраўда, з выпіўкай і закускай, якую ахоўнікі прынесьлі з сабой. Зь людзьмі органы працуюць гуманна.

Спадар:
Баяцца за Лукашэнку. Прыйшлі ў хату да мяне. Селі. „Ці можна чаю папіць?“ Я паставіў чайнік. Яны бутэльку дасталі. І мне сто грам налілі. Ну як я з пахам пайду?
“Мяне з хаты ня выпусьцілі”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Спадар: “Чаму? Закрылі ў цахе. Прыйшлі два. „Мы, — гавораць, — зь пяці раніцы па вашай вуліцы ўсё ходзім“. Пад выглядам таго, што яны ўсё кантралююць. Баяцца за Лукашэнку. Прыйшлі ў хату да мяне. Селі. „Ці можна чаю папіць?“ Я паставіў чайнік. Яны бутэльку дасталі. І мне сто грам налілі. Ну як я з пахам пайду?”

Карэспандэнт: “А чаму яны так вамі апекаваліся?”

Спадар: “Апекавалі, каб ня ляпнуў чаго-небудзь. Пры камуністах я тры разы ў ЦК на прыёме быў. І мог сказаць такое, што не дазволена. І мяне не пусьцілі з хаты”.

Карэспандэнт: “А многа яшчэ каго не пусьцілі?”

Спадар: “Усе зьдзіўляліся, казалі: “А чаму цябе там няма?”

Карэспандэнт: “А па вуліцах можна было хадзіць ці ўсе па хатах сядзелі?”

Спадар: “Не. Пускалі. Хадзілі людзі. Жонка прыйшла. У званок пазваніла. „Адпускайце ўжо. Ужо паехаў прэзыдэнт. Ужо нічога ня скажа дурнога“. Але тут было настолькі. На дахах ляжалі. Нашто гэтулькі аховы? Я знаю, як Машэраў прыяжджаў. Столькі не было”.

Карэспандэнт: “Такога шмону?”

Спадар: “Хто яго парухае, нашага прэзыдэнта? Мы ваявалі ў апазыцыі. Мы супраць Кебіча былі”.

А зараз дамо слова яшчэ аднаму гервятцу.



Селянін: “Магазын. Жалезнага няма. Гаспадарчых тавараў. Прывезьлі ў школу. Абсталявалі за адну ноч. Усё там. Косы, то-сё. А мужыкі езьдзяць па косы ў Варняны, аж за 14 кілямэтраў, купляць. Прыйшлі. „Не. Магазын закрыты пакуль“. Прыехаў бацька, зайшоў. Магазын адкрыты. Выйшаў. Рванулі ўсе людзі. Глядзяць — косы і сякеры ўсе выносяць. Кажуць, дзе куплялі, туды і едзьце. Гэта проста часова”.

Карэспандэнт: “Выстаўка дасягненьняў народнай гаспадаркі”.

Селянін: “Во, во”.

Карэспандэнт: “А хоць аднаго гервяцкага пусьцілі паглядзець на…”

Селянін: “Нікаго.
Старшыню калгаса паклалі ў бальніцу. Быццам ён хворы. Быццам бальніца. А там бальніцы ўвогуле няма.
Старшыню калгаса паклалі ў бальніцу. Быццам ён хворы. Ага. Зама таксама. З Астраўца ўрач уколы дае. Быццам бальніца. А там бальніцы ўвогуле няма. Амбуляторыя. Праляжалі і ўсё”.

Карэспандэнт: “Яны гралі ў хворых. Як артысты”.

Селянін: “Як артысты. Што бальніца ёсьць. Прывезьлі з Ашмян, прывезьлі з Астраўца, з райспажыўсаюза, з райвыканкама. Усе людзі. Гэта калгасьнікі, аказваецца. Трактары павыганялі ў лес. Увесь лес быў трактарамі застаўлены. Прыгналі новыя трактары са Смаргоні. Новыя трактары прыгналі з Ашмян. Паставілі на палі. Як толькі едзе, значыць, заводзіцца і кранаецца. А тамака ўвогуле. У майстэрні стаялі машыны на рамонце, і ўсё. Усё павыцягвалі ў кусты”.

Якая нястомная фантазія ў раённага начальства. Ілжэкрама зь сякерамі, ілжэбальніца з ілжэхворымі, ілжэшчасьлівыя ілжэкалгасьнікі з ілжэтрактарамі. І сапраўдныя снайпэры на дахах з сапраўднымі вінтоўкамі. Міжволі дзіўлюся. Няўжо Аляксандар Рыгоравіч такі наіўны, што не заўважыў усю фальш гэтага фарсу? Няўжо не прасёк танную гульню гэтых камэдыянтаў? Калі так, дык сьвяты ён чалавек. Але тады ўзьнікае другое пытаньне. Хто ў Беларусі галоўны начальнік — Лукашэнка ці Шульгін? Напэўна, на Карла Маркса, 38 — Лукашэнка. А вось на месцах… Моцна сумняюся. Прынамсі, у Гервятах яшчэ доўга будуць узгадваць дэталі той паездкі.

Мужык: “Былы сакратар партыйнай арганізацыі. Пад капельніцай чакалі. Як людзі, зь якімі можна гаварыць. Каб маглі адказаць Лукашэнку нешта разумнае. А ён не зайшоў у бальніцу. Пастаяў, і хуценька на верталёт”.

Карэспандэнт: “Ролю вучылі дарэмна. Спэктакль не атрымаўся”.

Мужык: “Не зайшоў у бальніцу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG