Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч за тыдзень набраў 3 кіляграмы


Як пачуваецца вязень “Валадаркі” Мікалай Аўтуховіч, які два тыдні таму спыніў галадоўку працягласьцю 91 дзень? Што новага ў актывіста Арцёма Дубскага, якога трымаюць у Бабруйскай фартэцыі?

СЛУХАЦЬ:


Каб даведацца пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча, я прыйшоў на прыём, які кожную сераду ладзяць на “Валадарцы” для сваякоў вязьняў. Загадчыца мэдычнай часткі менскага сьледчага ізалятара Ала Міхеева адразу заявіла: “Выдатна выходзіць з галадоўкі. Пачуваецца ўсё лепш”.

Таксама лекарка “Валадаркі” паведаміла, што за мінулы тыдзень Мікалай Аўтуховіч набраў 3 кіляграмы вагі і пачаў спажываць адмысловую ежу, якую гатуюць у ізалятары для тых, хто выходзіць з галадоўкі.

Сёньня возьмем у яго аналізы і будзем вырашаць, ці можна яго пераводзіць у агульную камэру.
“Сёньня возьмем у яго аналізы і будзем вырашаць, ці можна яго пераводзіць у агульную камэру”, — сказала Ала Міхеева. Паводле лекаркі, Аўтуховіч выходзіць на прагулкі і ўвогуле вядзе ўсё болей актыўнае жыцьцё. “Наколькі гэта дазваляе рэжым сьледчага ізалятара”, — заўважыла лекарка “Валадаркі”.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч галадаваў на знак пратэсту з 16 красавіка па 16 ліпеня. За час галадоўкі, паводле адваката Паўла Сапелкі, Аўтуховіч схуднеў больш як на 35 кіляграмаў і быў у “надзвычай рызыкоўным стане”.

Разам зь Мікалаем Аўтуховічам у падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску абвінавачваюць Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку, таксама жыхароў Ваўкавыску. Як і Аўтуховіча, іх з 8 лютага трымаюць на “Валадарцы”. Дачка Лявонава Юля Міхнюк кажа, што апошнім часам настроі жыхароў Ваўкавыску адносна арыштаваных зьмяніліся:

Юля Міхнюк
“Неяк да людзей стала даходзіць праўдзівая інфармацыя пра гэтую справу. Здаецца, людзі ў Ваўкавыску пачалі разумець, што Аўтуховіч, мой бацька і Асіпенка сядзяць ні за што. Ва ўсякім разе, калі раней я магла пачуць у сьпіну, што вось дачка Лявонава, якога пасадзілі разам з Аўтуховічам і пасадзілі за справу, то цяпер, дзякуй Богу, я чую адваротнае”.

Юля Міхнюк паведаміла, што ёй ужо больш за месяц не ўдаецца сустрэцца з адвакатам, які павінен абараняць яе тату, Юрыя Лявонава.

Людміла Асіпенка
Дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла кажа, што за паўгода, праведзеныя за кратамі, яе тата значна схуднеў і ў яго рэзка пагоршыўся зрок.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць ня толькі ў падпале дома міліцыянта, але, паводле зьвестак МУС, падазраюць у падрыхтоўцы тэракту. Прадпрымальнік сваёй віны не прызнае і дамагаецца, каб ягоную справу як найхутчэй перадалі ў суд, дзе спадзяецца даказаць сваю невінаватасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG