Губарэвіч: “Улады шукаюць “сумнеўныя” справы”
Юры Губарэвіч — намесьнік кіраўніка руху “За свабоду”
“У гэты момант я якраз выяжджаю з Бабруйску, куды езьдзіў, каб разам з адвакатам наведаць Арцёма Дубскага. Сам я непасрэдна ня ўдзельнічаў у сустрэчы, але мы разам з калегамі перадалі яму прадуктовую перадачу.
Некаторыя людзі, якія зьяўляюцца актыўнымі палітычнымі дзеячамі, знаходзяцца ў вязьніцах. Гэта і той жа Арцём, і людзі, якія адстойвалі свае эканамічныя правы, як ваўкавыскія прадпрымальнікі.
Цяпер мы сталі сьведкамі новага пэрыяду зьяўленьня людзей з актыўнай палітычнай пазыцыяй у вязьніцах. І ён характэрны, на маю думку, адным цікавым момантам. Улада спрабуе шукаць і раскручваць менавіта тыя справы, у якіх, на яе думку, ёсьць пэўныя сумнеўныя моманты. То бок, зноў жа з пункту гледжаньня ўлады, гэтых людзей нельга адназначна лічыць палітычнымі вязьнямі. Нібыта за імі ёсьць рэальныя парушэньні. І менавіта так гэта будзе падавацца беларускаму грамадзтву”.
Бяляцкі: “Баімся, што суд над Аўтуховічам будзе закрыты”
Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі так гаворыць пра справы некаторых вядомых вязьняў:
“Што датычыцца Арцёма Дубскага, то тут наша меркаваньне і меркаваньне міжнародных арганізацыяў – аднолькавае: ён з’яўляецца палітычным зьняволеным, палітычным вязьнем. Адна з самых вялікіх праваабарончых арганізацыяў у сьвеце “Міжнародная амністыя” заявіла публічна пра гэта. І была іхная заява пра ўсіх 11 чалавек, асуджаных за ўдзел у мірных маніфэстацыях прадпрымальнікаў летась. Усе яны, у тым ліку і Арцём Дубскі, былі прызнаныя палітычнымі вязьнямі. А да думкі “Міжнароднай амністыі” адназначна прыслухоўваюцца розныя міжнародныя структуры: прыкладам, і Эўразьвяз, і Рада Эўропы.
Што датычыцца Мікалая Аўтуховіча, то мы гаворым пра тое, што справа вядзецца закрыта, непразрыста. З адвакатаў узятая падпіска аб неразгалошаньні, як быццам там нейкія таямніцы. Мы вельмі баімся, што гэта будзе закрыты суд. І ён пераўтворыцца ў расправу, дзе вельмі цяжка будзе даваць ацэнкі – што ж там адбылося насамрэч”.
Вячорка: Аўтуховіч даваў працу дэмактывістам
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка ўпэўнены: вязьні беларускага рэжыму насамрэч ёсьць палітвязьні:
“З кожным днём становіцца ясьней – сапраўдная прычына іх заняволеньня ёсьць помста за іх палітычную пазыцыю і страх перад іхнымі палітычнымі паводзінамі. Гэта датычыцца і Арцёма Дубскага, і іншых фігурантаў “справы 14-ці”, Антона Кішкурны, які дагэтуль так і не дачакаўся амністыі, і ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.
Для мяне не падлягае сумневу актыўная палітычная пазыцыя Аўтуховіча. Ён жа падтрымліваў незалежную прэсу, падтрымліваў дэмакратычныя структуры, даваў працу актывістам дэмпартыяў, якіх больш ніхто не браў на працу. Гэта ж ён уладкаваў Мікалая Аксаміта – удзельніка легендарнай апазыцыі дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Дарэчы, чарговая хваля рэпрэсіяў супраць Аўтуховіча пачалася тады, калі ён узяўся фармаваць альтэрнатыўную арганізацыю аўганцаў – тых самых аўганцаў, якіх традыцыйна лічыў сваім апірышчам лукашэнкаўскі рэжым”.