Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кірын: Там, дзе заканчваецца асфальт


Ігар Кірын
Ігар Кірын

У гэтым месяцы чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ігар Кірын з Глуску адзначае 55-годзьдзе. Пасьля БДУ выкладаў фізыку, узначальваў раённы Дом піянэраў і школьнікаў. За актыўнасьць падчас кіраваньня Глускім камітэтам грамадзкага самакіраваньня быў звольнены, арганізаваў раённы клюб выбарцаў. Цяпер кіруе мясцовым прадстаўніцтвам БХК, зьяўляецца рэдактарам вэб-сайту gluskonline.net, створанага разам з Уладзімірам Мельнікавым (Эстонія). Аўтар шэрагу публікацыяў у нацыянальным друку. Два гады таму стаў першым афіцыйна зарэгістраваным у раёне рэпэтытарам.

Пэрыядычна ў райвыканкамаўскай газэце “Радзіма” друкуюцца ўражаньні гасьцей Глуску. Часьцей усё зводзіцца да наступнага: гарадок невялічкі, аднак прыгожы і добраўпарадкаваны, людзі тут душэўныя…

Ну а што думаюць пра свой горад самі глусчане?

Неяк у гасьцявой кнізе сайту УКП “Жылкамгас” зьявілася выказваньне: "Глуск улица Шваякова !!! До холодильника улицу ме-тут, чуть ли не языками вылизывают, а дальше поворот на бывшую СТО ямы и лужи по колено!!! Что же это за показуха, пускай бы председатель райисполкома попробовал своим МЕРСОМ пробраться!!!"

У афіцыйным адказе былі пералічаныя ўсе адрамантаваныя за апошні год вуліцы з падрабязным пералічэньнем выкананых пры гэтым работ.

Сапраўды, жыхары пяціпавярховікаў на вуліцы Гагарына могуць радавацца таму, як клясна выглядае зараз дарога каля іхных пад’ездаў пасьля нядаўняга рамонту – можна нават без засьцярогі пад’ехаць на машыне і не баяцца за падвеску, як раней.

Вул. Гагарына

Вул. Гагарына

Вул. Гагарына

Аднак новы асфальт і шыкоўныя ліхтары пакуль застаюцца марай для тых, хто жыве за дзіцячым садком нумар чатыры.

Гэта – на ўскрайку пасёлку. Мо ў цэнтры іншая сытуацыя?

Сапраўды, каля райвыканкаму ляжыць выдатны асфальт. І дарожкі да рэзыдэнцыі выдатныя. Пашчыравалі будаўнікі да візыту Лукашэнкі ў 2005 годзе. Новыя дарожкі зь ліхтарамі зьявіліся тады і ў парку, хоць і старыя выглядалі няблага.

А вось побач зь ім якраз за рэстаранам вуліца Першамайская, якая ідзе далей міма дзіцячага садку нумар тры і будынку суду й пракуратуры, з хайвэя ператвараецца ў сапраўдны прасёлак, па якім лепей езьдзіць на трактары.

Вул.Першамайская

І вуліца Пралетарская, якая пачынаецца тут з экзатычнай хаткі, што выконвае ў Глуску нешта накшталт ролі Пізанскай вежы, выглядае не нашмат лепей. Аднак да рэстарана ад райвыканкаму ідзе проста выдатная траса.



А з другога боку парка ўражвае тратуар перад начной крамай. Калі ў нас выключаюць ліхтары (гэта звычайна бывае пасьля гадзіны ночы), ісьці там проста рызыкоўна. Больш бясьпечна па праежджай частцы…

Ня лепшы і тратуар на вуліцы Сацыялістычнай ад унівэрмагу да крамы “1000 дробязяў”. Ён выкладзены бэтоннымі пліткамі, аднак іх даўно пара замяніць не нешта больш роўнае. Тым болей, дарога вядзе да шпіталя, куды людзі ідуць ня ў лепшай сваёй форме. Жыхары дому нумар 21, які месьціцца ля гэтай дарогі, не аднойчы зьвярталіся да ўладаў з просьбай наконт рамонту, аднак, на жаль, усё застаецца, як было.


Асфальтавая дарожка ля дому нумар 43 па вуліцы Кірава, што ў двух кварталах ад райвыканкаму, таксама даўно вычарпала свой рэсурс. Яно й ня дзіва: трэці дзясятак гадоў карыстаюцца гэтым шляхам. Асабліва моцна праваліўся асфальт ля тарца дому, што выходзіць у бок цэнтру. Рэдкая машына праяжджала тут, каб ня грукнуцца кузавам аб дарогу. Асабліва небясьпечна было пад’яжджаць сюды з заходам сонца – там няма ліхтароў. Пасьля настойлівых зваротаў у жылкамунгас і да старшыні райвыканкаму самыя глыбокія яміны залілі асфальтам. Ну а калі заасфальтуюць усё цалкам – невядома.

Вул. Кірава, 43

Вул. Кірава

Вул.Кірава

Мабыць, трэба запрасіць у госьці Аляксандра Рыгоравіча. Кажуць, пасьля таго, як ён пусьціў газ у Глуск у 2005 годзе, картэж незаплянавана паехаў ад райвыканкаму да шпіталя і ўляцеў у нейкую яміну на гэтай дарозе, пасьля чаго яе хуценька заасфальтавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG