Рэгіянальны каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора арыштаваны на трое сутак. На знак пратэсту палітык абвясьціў у зале суду сухую галадоўку.
Адміністрацыйную справу супраць Уладзімера Кацоры за так званы несанкцыянаваны пікет памяці Захаранкі судзьдзя разглядала апошняй. Яна адхіліла ўсе хадайніцтвы палітыка — на права мець у судзе свайго прадстаўніка, на прыпыненьне справы ў зьвязку з пісьмовым зваротам у Цэнтральны РАУС, пра недавер судзьдзі. Таму, не чакаючы прысуду — арышту на трое сутак, Уладзімер Кацора абвясьціў у залі суду сухую галадоўку:
“Гэта ня суд, а судзілішча. Вынік гэтага суду для мяне быў загадзя вядомы. Сухую галадоўку абвяшчаю таму, што ня бачу, як іншым чынам дамагчыся справядлівасьці. Я ня поўны аптымізму, што і ў гэтым выпадку можна нешта перайначыць. Але гэта ўжо мая грамадзянская пазыцыя, і я буду ісьці да канца”.
Працэсы займалі па 15 хвілінаў. Усе хадайніцтвы абвінавачаных судзьдзя Дамненка адхіляла. Усе выказалі недавер судзьдзі за тое, што толькі за апошнія тры гады яна жорстка пакарала буйнымі штрафамі й арыштамі каля двух дзясяткаў гомельскіх дэмакратычных актывістаў — за акцыю ў абарону роднай мовы, за распаўсюд улётак падчас прэзыдэнцкіх выбараў, за вывешаныя бел-чырвона-белыя сьцягі.
“Я заявіў шэсьць хадайніцтваў — і ўсе яны былі адхіленыя, нават права на абарону. Апошняе хадайніцтва было пра адвод судзьдзі. Судзьдзі Марыне Дамненцы няма ніякага даверу. Яна ўжо вынесла некалькі дзясяткаў палітычна матываваных выракаў і фігуруе ва ўсіх “чорных сьпісах”, якія толькі існуюць. Пасьля таго як былі адхіленыя ўсе хадайніцтвы, стала відавочна, што адбудзецца ня суд, а нейкае судзілішча, што нічога не зьмянілася. Гэта й было асноўнай матывацыяй, каб адмовіцца ад дачы нейкіх тлумачэньняў”, - заявіў пакараны штрафам лідэр стваранага руху “Гомельскі дэмакратычны форум” Пётра Кузьняцоў.
Падчас разгляду адміністрацыйных спраў актывісты ў хадайніцтвах зьвярталі ўвагу на пастанову старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2003 году па аналягічнай справе. Тады Вярхоўны суд апраўдаў актывіста за ўдзел у ланцугу памяці генэрала Захаранкі. Гэта стасавалася да сёньняшніх адміністрацыйных спраў супраць гомельскіх актывістаў тым больш, што ў міліцэйскіх пратаколах запісана: удзельнікі акцыі не парушалі грамадзкага парадку, не выходзілі па праежджую частку вуліцы, ня мелі лёзунгаў і плякатаў. Яны трымалі толькі партрэты Захаранкі і перадалі ў абласную міліцэйскую ўправу зварот з напамінам — не пакідаць без увагі дасьледаваньне крымінальнай справы пра гвалтоўна зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў.
Аштрафаваны на 350 тысячаў рублёў старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў лічыць, што сёньняшнія суды — сапраўднае палітычнае шоў для запалохваньня актывістаў:
“Сёньня суду не было. Было нейкае шоў — палітычнае шоў па запалохваньні грамадзкіх актывістаў дзеля таго, каб яны ня ўдзельнічалі ў акцыях, не нагадвалі ўладам пра зьніклых і каб нічога не рабілі для дэмакратызацыі грамадзтва. Але гэта ня дасьць ніякага выніку. Ня сёньня, дык заўтра ўлада зьменіцца. Мы верым у перамогу!”
Суды супраць актывістаў завяршыліся пад гучнае скандаваньне шматлікіх прысутных: “Ганьба!”
Пасьля суду на франтоне прыватнага дому на вуліцы Палескай, 52 паплечнікі Ўладзімера Кацоры на знак салідарнасьці зь ім вывесілі расьцяжку з надпісам “Галадоўка пратэсту”. Міліцыянты неўзабаве сарвалі яе, скінулі таксама нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг Эўразьвязу, якія былі прымацаваныя абапал расьцяжкі. На гаспадыню дому Зінаіду Шуміліну склалі пратакол.