Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская анамалія надвор’я з амэрыканскімі рысамі


Першы летні месяц спэцыялісты небеспадстаўна называюць анамальным. Колькасьць ападкаў за чэрвень перавысіла ўсе рэкорды ад пачатку кліматычных назіраньняў у Беларусі – а гэта больш чым стогадовая гісторыя.

Навальніцы, маланкі, град, трапічныя ліўні, шквалісты вецер — усё гэта ледзьве не штодзённая прыкмета сёлетняга чэрвеня. На поўдні краіны нават зафіксавана рэдкая для беларускіх шыротаў прыродная зьява, так званы “тарнада” — магутны сьмерч, характэрны для амэрыканскага кантынэнту. Якія нязручнасьці для людзей і гаспадаркі нясуць кліматычныя катаклізмы?

Практычна змарнаваным стаўся чэрвень для тых, хто вырашыў правесьці адпачынак у Беларусі. Замест ваяжу да возера ці падарожжа з намётам даводзіцца змагацца з суцэльнымі залевамі.

Не дадае аптымізму мокры чэрвень камунальным і рамонтным службам. На Гомельшчыне парывы ветру зрывалі дахі, на Меншчыне зафіксавана блізу дзясятка выпадкаў, калі маланка трапляла ў жылыя дамы, пачыналіся пажары. А жыхары Берасьцейшчыны здымалі на мабільныя тэлефоны абсалютную анамалію для Беларусі — сьмерч, больш характэрны для Паўночнай Амэрыкі. Паваленыя дрэвы пашкодзілі дзясяткі будынкаў і аўтамабіляў. У гарадах вада залівае галоўныя магістралі, у імправізаваных вадаёмах загразаюць машыны, трамваі, тралейбусы.

Ці можна лічыць чэрвень анамальным для традыцыйна спакойнай у мэтэаралягічным сэнсе Беларусі? Гаворыць кліматоляг, сябра групы экспэртаў міжнароднай Канвэнцыі барацьбы з апустыньваньнем і дэградацыяй зямель Валянцін Яцухна:

“У прынцыпе, гэта так. З той прычыны, што вельмі вялікая колькасьць ападкаў выпала ў гэтым месяцы. І гэта ўжо характэрна ў цэлым для Беларусі, а ня толькі для Палесься ці паўночнай часткі краіны. Усё гэта зьвязана з глябальнай зьменай клімату, якая абумоўлівае пачашчэньне экстрэмальных зьяваў надвор’я”.
Мы лічым, што гэтак праяўляецца глябальнае зьмяненьне клімату

Карэспандэнт: “То бок раней пра такія анамаліі гаварыць не даводзілася?”

“Раней — не. І галоўная прычына — гэта, канечне, глябальныя кліматычныя зьмены, якія адбіваюцца на рэгіянальных асаблівасьцях клімату. Беларусь — умераная кліматычная зона, таму можна казаць, што пачасьціліся анамальныя ўмовы надвор’я. Па-першае, павялічылася колькасьць ападкаў, ураганы, град і іншыя мэтэаралягічныя зьявы. То бок вялікая хуткасьць вятроў, штормы, пры якіх вецер дасягае 35 мэтраў за сэкунду — гэта ўсё магчыма. І гэта ўсё часьцей і часьцей назіраецца на тэрыторыі нашай краіны. Мы лічым, што гэтак праяўляецца глябальнае зьмяненьне клімату. Пра гэта ўсё больш гавораць ня толькі навукоўцы, але і простыя грамадзяне, якія залежаць ад гэтых умоваў. Перш за ўсё гэта тычыцца сельскай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, транспарту, энэргетыкі ды г.д.”

Ад стыхіі ці не найбольш пакутуюць сяляне. Нарыхтоўка сена практычна сарваная. Траву немагчыма ня тое што сушыць, а нават скасіць. Скардзіцца фэрмэрка Алена зь вёскі Будча Ганцавіцкага раёну:

“Летась мы нарыхтавалі сена на свае пяць кароў, на бацькаву карову і яшчэ здалі ў калгас не адну тону сена. І ўсё таму, што лета было добрае. У нас ёсьць касілка, самі косім, і як спрыяльнае лета, дык што тое сена прыбраць? Я ж і кажу, што ў мінулым годзе яшчэ і дзяржаве здалі, падтрымалі вясной калгас. А зараз самім няма, ламаем галаву, як і дзе тое сена здабыць”.

Міхаіл Шруб мае багаты досьвед працы на палетках пры любым надвор’і. Ягоную фэрмэрскую гаспадарку ў Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня неаднаразова прызнавала найлепшай у краіне. Але сёньня спадар Шруб займаецца пераважна тым, што адпампоўвае ваду з залітых дажджом палёў:
Гэта фактычна экстрэмальныя ўмовы

“Вельмі шмат дажджоў, вільгаці, немагчыма апрацаваць культуры, буяе пустазельле. Праблемы, бо гэта фактычна экстрэмальныя ўмовы. Учора быў такі моцны лівень, што сёньня па палях ваду спускаем. Таму насамрэч справы ня вельмі добрыя. Страты будуць, натуральна, асабліва для збожжавых. Для бульбы будуць праблемы, перадусім на нізінных участках. З кукурузай паніжаныя ўчасткі стаяць у вадзе. Катастрофы няма, але, канечне, непрыемнасьці існуюць. Як яно ўрэшце будзе — сказаць цяжка: усё будзе залежаць ад таго, як доўга гэта працягнецца”.

Прагнозы сыноптыкаў на бліжэйшую пэрспэктыву несуцяшальныя. Да канца чэрвеня дажджы з навальніцамі ня спыняцца. Большая частка эўрапейскай тэрыторыі знаходзіцца на мяжы падзелу гарачага трапічнага паветра і халодных паветраных масаў. У выніку сутыкненьня рознатэмпэратурных плыняў узьнікаюць навальніцы зь ветравымі віхурамі.

Доўгатэрміновыя прагнозы на ліпень сыноптыкі робяць асьцярожна. Аднак агульныя тэндэнцыі, хутчэй за ўсё, захаваюцца. Так, на дзяржаўнае сьвята ў дзень Незалежнасьці 3 ліпеня навальніцы прагназуюцца і ўдзень, і ўначы, прычым вільготнасьць у ноч на 4-га дасягне 98%. Таму ня выключана, што да разгону хмараў, як гэта ўжо здаралася ня раз, будзе далучаная ваенная артылерыя.

Падобна, што, каб утаймаваць прыроду, неўзабаве давядзецца зьвяртацца да Аляксандра Лукашэнкі. Шмат хто памятае, як на зары свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка абураўся інэртнасьцю аграрыяў. Маўляў, усе ўмовы створаныя, а тыя не варушацца: “Вы прасілі дождж — я даў вам дождж”. Цяпер дажджу ўжо залішне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG