Не, гэта не ваенны пераварот і не мабілізацыя – проста Віцебск адзначае дзень паветрана-дэсантных войскаў.
Ня дзіва, што дэсантнікі карыстаюцца ў віцяблян ня меншай папулярнасьцю, чым Пугачова ці Кіркораў. За савецкімі часамі ў горадзе і яго ваколіцах базіравалася 103-я Гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія. Гэтай дывізіі ў 1979 годзе было даручана ўзяць пад кантроль Кабул і кабульскі аэрадром пры ўводзе савецкіх войскаў у Аўганістан. У студзені 1990 году дывізія была перададзеная ў апэратыўнае падпарадкаваньне КДБ СССР, зноў вернутая ў падпарадкаваньне міністэрства абароны пасьля правалу путчу ГКЧП у жніўні 1991 году.
Дэсантныя традыцыі знакамітай дывізіі зараз нясе 103-я асобная Гвардзейская мабільная брыгада. З-за таго, што шмат хто зь віцяблян прайшоў службу ў гэтай частцы сьвята дэсантнікаў ператвараецца ў сьвята гораду. Звычайна распачынаецца ўсё ўрачыстасьцямі на тэрыторыі вайскоўцаў, дзе адбываецца парад, паказальныя выступленьні па рукапашнаму бою і вучэбны бой. Пад час “паказухі” віцебскія Рэмбы аб свае галовы б’юць шклотару розных памераў і ламаюць дэфіцытныя будматэрыялы – жывых лягушак, што праўда, ужо не ядуць. Вэтэраны ПДВ дакараюць гэтым моладзь: “Што ты, маўляў, за дэсантнік, калі зь Іл-76 не скакаў і лягушку жыўцом не еў!”
Другая частка сьвята праходзіць менш афіцыйна. Віцебск пачынае стракацець ад перапялёсых цяльняшак і блакітных барэтаў “дэсантуры”, якая тут і там куляе келіхі “За ВДВ”. Пасьля пэўнай дозы, падобна, дэсантнікі ўжо губляюць усялякае адрозьненьне ад марской пяхоты і пачынаюць штурмаваць гарадзкія фантаны, адкуль іх прыходзіцца вылаўліваць АМАПу.
Засынае пасьля гэтага сьвята жнівеньскім вечарам горад звычайна пад матыў “Каскадаўскай” “Расплескалась синева, расплескалась, По тельняшкам разлилась, по беретам”, якую ня дужа мілагучна, але натхнёна гарланяць на разьвітаньне колішнія байцы слаўных паветрана-дэсантных войскаў.
Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня нарадзіўся ў 1975 годзе ў вёсцы Баяры Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці ў сям’і вясковага настаўніка. Журналісцкую працу пачаў у 1995 г. у газэце “Выбар”, якую рэдагаваў вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ад 1999 году — кіраўнік выдавецкіх праграмаў ГА “Цэнтар моладзевых ініцыятываў “Контур”, а ў 2001 годзе стаў галоўным рэдактарам заснаванай “Контурам” абласной газэты “Віцебская трыбуна”. На жаль, у 2004 годзе газэту пазбавілі ліцэнзіі. У якасьці фотажурналіста супрацоўнічаў зь “Віцебскім кур’ерам”. У 2006 годзе стварыў уласную інтэрнэт-газэту “Народныя навіны Віцебска”, якую на сёньняшні момант штодня наведваюць каля 600 чалавек. Вядзе блог у Жывым Журнале.