Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь плаціць за газ паводле "вуснай дамоўленасьці"


“Газпром” накіраваў ліст “Белтрансгазу” з патрабаваньнем пагасіць запазычанасьць за газ, пастаўлены ў студзені-красавіку гэтага году, у памеры 230 мільёнаў даляраў. Беларускі бок заяўляе, што аплачвае паліва згодна з дамоўленасьцямі “ў вярхах”.

СЛУХАЦЬ:


Цяпер размова ідзе пра аплату ня толькі запазычанасьці ў 230 мільёнаў даляраў, але і ўсёй запазычанасьці, з улікам пяні і штрафаў за няпоўную выбарку газу. Пра гэта заявіў мэдыям дарадца па эканамічных пытаньнях амбасады Расеі ў Беларусі Андрэй Кузьняцоў. Беларускі бок павінен да 23 чэрвеня аплаціць у поўным аб’ёме газ, пастаўлены ў траўні.

Раней спадар Кузьняцоў заявіў, што Расея можа прад’явіць афіцыйнаму Менску рэгрэсіўны пазоў у зьвязку з разьлікамі за газ у першым квартале. Паводле вуснай дамоўленасьці кіраўнікоў краін, Беларусь плаціла за газ за гэты пэрыяд з разьліку сярэднегадавой цаны каля 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Аднак гэтая дамоўленасьць не была аформлена юрыдычна. Пры гэтым кантрактная цана газу складае 210 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Навошта вам задаваць правакацыйныя пытаньні? “Будзе Беларусь разьлічвацца па гэтым доўгу ці не”.


На пытаньне, ці сплоціць Беларусь доўг за газ, намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец адказаў:

“Навошта вам задаваць правакацыйныя пытаньні? “Будзе Беларусь разьлічвацца па гэтым доўгу ці не”. Няма чаго рабіць людзям, таму трэба займацца нейкімі пытаньнямі. Гэта пытаньні двух гаспадарчых суб’ектаў — “Белтрансгазу” і “Газпрому”.

Спадар Таўпянец дадаў:

“Вы ж цудоўна валодаеце ўсёй інфармацыяй. Былі дамоўленасьці на вышэйшым узроўні, як плаціць па гэтым годзе. Прэзыдэнты дзьвюх краінаў агаварылі, як будзем разьлічвацца. Мы трымаемся гэтых умоваў. Вось і ўсё, што я магу сказаць. Па ўсю бухгальтэрыю зьвяртайцеся ў “Белтрансгаз”.

У “Белтрансгазе” сытуацыю пакуль не камэнтуюць. Адмаўляюцца ад камэнтароў і ў “Газпроме”. Прадстаўніца прэс-службы Тацяна Галубовіч сказала:

“Так, я ведаю ўсе гэтыя навіны. Цяпер пазыцыя кампаніі заключаецца ў тым, што мы не камэнтуем гэтую сытуацыю. Ніякі з аспэктаў у дадзеным выпадку па беларускай тэматыцы мы не камэнтуем. Наагул нічога не гаворым па гэтай тэматыцы”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў ня лічыць, што цяперашнія патрабаваньні Расеі наконт газу можна называць “газавай вайной”:

“Дамовіліся, што будзем плаціць столькі. Яны і патрабуюць столькі. А дзе тая дамова, якая нібыта была вусная? Яе да справы не падшыеш”.

Расейскі прэм'ер Уладзімер Пуцін падчас візыту ў Менск 28 траўня заявіў, што па просьбе А.Лукашэнкі "Газпром" пайшоў на дадатковыя меры падтрымкі і аплаціў наперад на тры кварталы гэтага году кошт транзыту газу празь Беларусь. Таксама Ўладзімер Пуцін заявіў, што прынятае рашэньне аб аплаце беларускім бокам газу па сярэдняй цане за год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG