Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што ні мужык у вёсцы — то ці алькаголік, ці нямоглы стары ды хворы”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 10 чэрвеня 2009 году


Як наступствы эканамічнага крызісу могуць паўплываць на палітычную будучыню Беларусі, на прэзыдэнцкія выбары, падрыхтоўку да якіх ужо фактычна распачалі і апазыцыя, і ўлада? Адказы на гэтыя пытаньні спрабуюць шукаць многія нашы слухачы — аўтары лістоў на “Свабоду”. З аднаго такога допісу і пачну сёньняшнюю размову.

Наш даўні аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў лічыць, што дэмакратычная апазыцыя ня здолее выкарыстаць новыя магчымасьці, якія адкрываюць перад ёю наступствы крызісу. Слухач піша:

“Да пачатку лета 2009-га году стала зразумела, што крызіс ня стаў для беларускай апазыцыі “ўдачай стагодзьдзя”. Вядома, нельга на 100 працэнтаў загадваць, што здарыцца ў жніўні ці верасьні, але вельмі падобна да таго, што будзе ўсё, як і раней. Бунту, рэвалюцыі і татальнай пераацэнкі каштоўнасьцяў у галовах беларусаў не прадбачыцца. Спажыўнай глебы для ажыцьцяўленьня славутых плянаў Міколы Статкевіча абсалютна няма. Адсюль выснова: палітыкам з апазыцыі ня варта асабліва разьлічваць на рэзкія грамадзкія ўзрушэньні падчас чацьвёртых па ліку прэзыдэнцкіх выбараў. Па вялікім рахунку, крызіс стаў сымбалем не лукашызму і сацыялізму, а лібэрал-капіталізму. І для супэрабурэньня ў беларускім грамадзтве няма энэргетыкі”.

Ня думаю, спадар Марціновіч, што ўжо сёньня можна з пэўнасьцю меркаваць пра тое, ці будзе ў беларускім грамадзтве, як вы пішаце, “энэргетыка абурэньня” праз паўтара ці два гады. Беларускае насельніцтва толькі пачало адчуваць на сабе наступствы эканамічнага крызісу, а найбольш складаны час — наперадзе. Улада яшчэ нядаўна сьцьвярджала, што ніякага крызісу ў Беларусі няма, і ў якасьці доказу прыводзіла тое, што амаль усе беларускія прадпрыемствы працуюць, а людзі атрымліваюць заробкі. Зь цягам часу, праўда, выявілася, што многія заводы працуюць пераважна на склад, што рабочыя занятыя няпоўны працоўны тыдзень і што рэальныя заробкі амаль ва ўсіх скарачаюцца.

Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну разважае пра тое, чаму людзі на вёсцы мала цікавяцца грамадзкімі справамі, пазьбягаюць удзелу ў палітыцы. Слухач піша:

“Народ наш абыякава ставіцца да таго, што адбываецца ў дзяржаве. Галоўны прынцып: “Мая хата з краю — я нічога ня знаю”. Ведаю, што раней, у даваенны час, у нашай вёсцы ўсё было па-іншаму. Асавая мела сярод сваіх жыхароў 7 камуністаў, 7 камсамольцаў, 10 сяброў культурна-асьветніцкай арганізацыі “Просвіта”. І гэта — толькі ў адной вёсцы. Што ўжо казаць пра ўсю Заходнюю Беларусь! Цяпер усё зусім інакш. Інтарэсы вясковага люду ляжаць у іншых кірунках. Што ні мужык — то ці алькаголік, ці нямоглы стары ды хворы, ці наркаман са стажам. Такая вось рэальнасьць. Каго возьмеш у партыю ці грамадзкую арганізацыю? Няма надзейных людзей”.

Што казаць, спадар Сац: цяжка параўноўваць зь сёньняшнімі тыя шматлюдныя даваенныя заходнебеларускія вёскі, дзе пяцёра ці шасьцёра дзяцей у сям’і былі звыклай зьявай, дзе на п’яніцу глядзелі як на дзіва, а праца ад цямна да цямна на ўласнай зямлі лічылася нормай.

Дарэчы, старыя людзі ў вёсках Заходняй Беларусі памятаюць ня толькі тое, якую актыўнасьць выяўлялі ў даваенны час камуністы ды камсамольцы, але і незайздросны лёс, які напаткаў потым тых актывістаў. Многія за сваю адданую службу атрымалі ад камуністычнага рэжыму “бестэрміновыя пуцёўкі” ў ГУЛАГ, адкуль большасьць не вярнулася. Той досьвед таксама застаўся ў народнай памяці і, відавочна, уплывае на грамадзкую актыўнасьць новых пакаленьняў вяскоўцаў.

Даўні сябар “Свабоды” зь Менску Юрась Шпак-Рыжкаў быў устрывожаны, атрымаўшы нядаўна позву з ваенкамату за подпісам супрацоўніка гэтай установы Хаелцэвіча і зь пячаткаю Ленінскага райаддзелу міліцыі. Спадара Юрася ня зьдзівіла, што “кампэтэнтныя органы” назвалі яго ў позьве “Суховицким Вадимом Довидовичем”. Больш заклапацілі іншыя абставіны. Слухач піша:

“Мяне і жонку напалохаў той факт, што нам прапануецца 8-га чэрвеня “зьявіцца ў мабілізацыйнае аддзяленьне раённага ваеннага камісарыяту па адрасе вуліца Сямёнава, 10”. Паколькі тэлефон для даведак у позьве нечытэльны, прашу вас па радыё адказаць, ці дазваляе дзейнае беларускае заканадаўства мабілізаваць грамадзян прымусова? Альбо, можа, што чуваць наконт хуткай вайны? Мы ўжо сталыя людзі, нам з жонкай па 48 гадоў. Па дзяржаўных СМІ чулі пра вялікі недахоп міліцыянтаў. Дык, можа, ужо прымусова запісваюць у міліцыю? Па горадзе цяпер разьвешана вялікая колькасьць плякатаў з заклікам ісьці туды служыць. А пра вайну зьвесткі цьмяныя, хоць, можа, яна і рыхтуецца. Толькі з кім будзем ваяваць?”

Радыё Свабода ўжо ня раз паведамляла, што такім няхітрым спосабам, з дапамогай ваенкаматаў, беларуская міліцыя спрабуе правесьці пагалоўную дактыляскапію ўсяго ваеннаабавязанага мужчынскага насельніцтва. Паводле беларускага заканадаўства, зьяўляцца на выклік ваенкамату вайскоўцы запасу павінны, а вось здаваць адбіткі пальцаў у ваенкамаце грамадзяніна прымусіць ня могуць. Дзеля гэтага ёсьць асаблівая працэдура, і займацца ёй павінны міліцыя і сьледчыя.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў падчас нядаўняй онлайн-канфэрэнцыі зь лідэрам апазыцыйных камуністаў Сяргеем Калякіным задаў пытаньне, адказваючы на якое, спадар Калякін параіў слухачу заняцца вывучэньнем марксізму. У сувязі з гэтым Кастусь Сырэль піша:

“Гадоў 30 таму давялося мне трапіць на гарышча старой вясковай хаціны, што ішла пад знос. Яно было завалена ўсякім рызьзём, іржавай рамай ад ровара, падранымі мяхамі, гумовымі галёшамі, фанэрнай валізкай, паламаным калаўротам... Там-сям былі раскіданыя зжаўцелыя газэты, паточаныя мышамі кнігі — яны зацікавілі мяне. Вось, напрыклад, Гісторыя ВКП(б), кароткі курс, 1945 году выданьня. Праўда, ня цалкам, а толькі з 33 па 188 старонку. Сацыялістычныя абавязацельствы працаўнікоў сяла БССР, 1952 год. Усе калгасы дружна абяцаюць сабраць зерневых па 100 пудоў з гектара. У валізе сярод нейкага рызьзя тры тамы твораў Сталіна — усе ў добрым стане. Ого, бібліятэчныя, стаяць штампы Рамаданаўскай сельскай бібліятэкі (нават ня ведаю, дзе гэта). На першы погляд, у іх нічога незвычайнага. Але, прыгледзеўшыся, заўважаю, што 6 і 7 тамы — 1947-га году выданьня, а першы — чамусьці 1951-га.

Хай прабачае Сяргей Іванавіч, але асабіста мне ўсе гэтыя камуністычныя ідэі нагадваюць тое старое гарышча і яго зьмесьціва — пакрытыя пылам старыя галёшы, тры тамы Сталіна, выдадзеныя ў адваротным храналягічным парадку і ня вернутыя невядомым чытачом у бібліятэку, сацыялістычныя абавязацельствы працаўнікоў сяла і “Гісторыю ВКП(б)”.

У адказ на прапанову Сяргея Іванавіча вывучаць Маркса мне спачатку вельмі хацелася даць вялікі сьпіс кніг, якія трэба было б уважліва пачытаць яму. Але потым я падумаў, што да гэтага сьпісу трэба дайсьці самому, толькі самому, нічыя парада тут не дапаможа.

А Маркса, Сяргей Іванавіч, я чытаў, і ня толькі “Маніфэст камуністычнай партыі”
.

Пра тое, што няблага было б навесьці парадак на сваім гарышчы ды павыкідаць рознае састарэлае і непатрэбнае ламачча, сучасныя беларускія камуністы, відаць, і самі здагадваюцца. Нездарма ж заявілі пра цьвёрды намер перайменаваць сваю ПКБ, даць ёй больш людзкую і сучасную назву. У Партыю камуністаў састарэлымі дыскрэдытаванымі ідэямі ды ідаламі моладзь цяпер ня надта завабіш.

На заканчэньне — кароткі ліст-просьба ад нашага даўняга сябра Уладзіслава Хархадзіна зь Верхнядзьвінску. Ён піша:

“Слухаю Свабоду з дапамогай свайго старэнькага “ВЭФ-202”. Кампутара ці лічбавага прыймача ня маю. Мне ўжо споўнілася 70 гадоў. Магчыма, такія старыя, несучасныя слухачы вам і не патрэбны?

Жыву я, як кажуць, у “глыбінцы”. Радыё Свабода ды яшчэ газэта “Наша Ніва” — адзіныя для мяне сродкі сувязі са сьветам.

Набыць кнігі, якія мяне цікавяць, у нас немагчыма. Кнігарню ў пасёлку ўвогуле зачынілі: засталася ад яе толькі кніжная палічка ў магазіне “Культтавары”. Да гэтага часу не магу набыць успаміны Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, а кнігі, выдадзеныя ў “Бібліятэцы Свабоды”, у мяне толькі тыя, што падаравалі вы. Таму атрымліваецца, што Радыё Свабода для мяне — найлепшы сябар.

Дзякуй і за каляндарыкі. Частку іх я раздаў сябрам, а частку захаваў сабе. Дзякуючы вам, з выдадзеных Свабодай у розны час каляндарыкаў у мяне сабралася цэлая мастацкая галерэя рэпрадукцый твораў, якіх ня ўбачыш у іншых выданьнях”
.

Якраз у гэтыя дні, спадар Уладзіслаў, да 85-годзьдзя Васіля Быкава ягоныя ўспаміны, якія склалі кнігу “Доўгая дарога дадому”, штодня гучаць у нашым эфіры ў аўтарскім чытаньні. (У 2002 годзе пісьменьнік начытаў іх у студыі “Свабоды”). Пазьней быкаўскія творы прагучаць на хвалях нашага радыё ў выкананьні вядомых асобаў Беларусі.

Што да кніг, якія выдаюцца ў Бібліятэцы Свабоды, то мы і надалей будзем заахвочваць імі нашых найбольш актыўных аўтараў — удзельнікаў Клюбу сяброў. Апошнюю з такіх кніг, якая нядаўна ўбачыла сьвет — “Адзін дзень палітвязьня” — вы, спадар Уладзіслаў, неўзабаве ад нас атрымаеце.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG