“Мне было балюча глядзець на бацьку, калі яго заводзілі ў пакой для спатканьняў, я нават заплюшчыла вочы”, — паведаміла дачка вязьня Юля Міхнюк. Паводле Юлі Міхнюк, яе бацька пачуваецца добра, ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня, а пра расьсьледаваньне кажа, што зь ягоным удзелам даўно не было ніякіх сьледчых дзеяньняў. “Бацька ведае пра кампанію салідарнасьці і ўдзячны ўсім, хто яго падтрымлівае. Ён ведае пра галадоўку Аўтуховіча, захапляецца ягонай мужнасьцю, але заклікае спыніць галадоўку, каб не рызыкаваць здароўем. Сваёй віны тата па-ранейшаму не прызнае і кажа, што ня зьменіць гэтай пазыцыі”, — сказала Юля Міхнюк.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч ужо 50-ты дзень галадуе на знак пратэсту ў ізалятары на вуліцы Валадарскага. Разам зь ягоным былым намесьнікам у фірме “Ніка-Транс” Юрыем Лявонавым і былым вайскоўцам Уладзімерам Асіпенкам яго падазраюць у падпале дома міліцыянта з Ваўкавыску. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а пацярпелы ня мае да Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі ніякіх прэтэнзій.