Першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман нарадзіўся ў Моталі ў 1874 годзе ў сям’і гандляра лесам. Кажуць, што якраз бацьку Хаіма, Эзэру Вэйцману, і належала ідэя гэтай будоўлі. Гаспадар хацеў, каб хата была высокая, прасторная. Акрамя будучага ізраільскага прэзыдэнта, у сям’і расьлі яшчэ 14 дзяцей.
Як і Хаім, усе яны атрымалі выдатную адукацыю ў Эўропе. Сам Вэйцман пасьля сканчэньня Пінскай гімназіі вучыўся ў Нямеччыне і Швайцарыі, быў прафэсарам хіміі ў Ангельшчыне.
У 1894 годзе сям’я Вэйцманаў зьехала з Моталя. Пазьней гаспадары ў іхным доме мяняліся неаднойчы. Пасьля Другой усясьветнай вайны тут месьціліся розныя савецкія ўстановы. Дом неаднойчы перарабляўся, пры канцы 1970-х драўляны будынак перанесьлі з цэнтральнай вуліцы. Потым дом ізноў перавялі ў прыватны сэктар. Цяпер у ім шэсьць пакояў. Пры Вэйцманах было восем. Зьмянілася месца ўваходу, іншым стаў дах. Аднак тое-сёе засталося. Напрыклад, знадворныя шаляваныя сьцены, аздобленыя разьбою вокны...
Цяперашняя ўладальніца дому, пэнсіянэрка Алена Пташыц жыве ў хаце разам з маці. Дарослыя дзеці Алены разьехаліся па краіне. Яна практычна ня ў стане ўтрымліваць гэтае вялікае збудаваньне.
Цана, якую называе Алена Пташыц, даволі звыклая, як на Моталь —15 тысяч даляраў. Ахвотных набыць хату пакуль так і не знайшлося. Аднак Алена ня траціць надзеі і верыць у добрага пакупніка. Тым больш што ў Моталь апошнім часам прыяжджае нямала гасьцей з Ізраілю.
“Калі, можа, дадуць болей за 15 тысяч, дык я вазьму і болей, — кажа Алена. — Вялікая хата. Мы яе падтрымліваем у парадку, бо жывем тут. А сюды едуць і едуць экскурсіі. Як габрэі, так і не габрэі”.
Ці ёсьць шанец на музэй?
Тым часам дырэктарка мясцовага музэю Вольга Мацукевіч перакананая, што дзяржава пры жаданьні змагла б зрабіць з гэтага дома сапраўдную прынаду для турыстаў.
“Добра было б стварыць у ім цэнтар габрэйскай культуры імя Вэйцмана. У Моталі ёсьць некалькі хатаў знакамітых габрэяў. Архітэктура гэтых дамоў нейкая асаблівая. У адным з такіх дамоў можна было б зрабіць гатэлік, у другім — сынагогу невялічкую, таксама невялічкую рэстарацыю габрэйскай кухні. Сядзіба знаходзіцца ў прыгожым месцы, над возерам. І гэта такі цудоўны куток для адпачынку і для таго, каб за адным разам абабегчы ўсе габрэйскія куткі”.
Тым больш што мясцовы музэй мае неабходныя для гэтага габрэйскія экспанаты — мэблю, хатнія рэчы, фота, успаміны самога Хаіма Вэйцмана на мове ідыш...
У тым, што дом Вэйцманаў павінен стаць домам-музэем першага ізраільскага прэзыдэнта, перакананы і кіраўнік пінскай габрэйскай суполкі Ёсіф Лібэрман.
“Вядома ж, музэй трэба зрабіць. Калі б толькі фінансы хтосьці выдаткаваў. Плюс зрабіў добрую рэканструкцыю ды рамонт будынку. Размаўляў з ізраільскай амбасадай, дык у іх грошай няма. А я ... Дзе я і што знайду?”
Прадстаўнікі мотальскай грамадзкасьці ня ўпэўненыя, што ў раённым бюджэце знойдуцца сродкі на набыцьцё дома, а тым больш на яго рэстаўрацыю.
Тым часам па Моталі папаўзьлі чуткі, што на хату нібыта знайшліся габрэйскія пакупнікі. Мы спрабавалі спраўдзіць гэта ў прадстаўнікоў мясцовай улады — у Іванаўскім райвыканкаме, аднак нас некалькі разоў прасілі патэлефанаваць пазьней:
“Справа ў тым, што няма ў мяне зараз такой канкрэтнай інфармацыі для вас. Тым больш што мяне выклікае старшыня ў кабінэт па важных справах”.