Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кобрын: у падлеткаў бяруць адбіткі пальцаў


Ва ўсіх навучэнцаў Кобрынскага прафэсійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў № 102 былі ўзяты адбіткі пальцаў. Гэта падзея атрымала шырокі розгалас сярод месьцічаў.

У кобрынскім каледжы № 102 больш як паўтысячы навучэнцаў. Каб спраўдзіць інфармацыю пра пагалоўную дактыляскапію, зьвяртаюся да намесьніка дырэктара па навучальна-выхаваўчай працы каледжа Алены Навумчык. Тая прызнаецца, што ня бачыць у гэтым нічога дзіўнага:

“Па ўсім Кобрыне бяруць адбіткі пальцаў. Я ж гэтага рашэньня не прымала, не давала ўказаньняў”.

Таксама Алена Навумчык не хавае, што каледж цяпер рыхтуецца да ўдзелу ў фэсьце “Дажынкі-2009”. Чыноўніца нават не сумняваецца, што органам бясьпекі патрэбныя дадзеныя дактыляскапіі і на дзяцей.

“Горад Кобрын рыхтуецца да дажынак. У нас ёсьць інтэрнат, будзе пражываць цэлая дэлегацыя. Мы ж ня проста так — у цэнтры Кобрына”.

Сваякі некаторых навучэнцаў кобрынскага каледжа зьвярнуліся да праваабаронцаў. Яны ўдакладнілі, што міліцыянты забіралі дзяцей з заняткаў і змушалі здаваць адбіткі пальцаў.

Юрыст незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі “Берасьцейская вясна” Ўладзімер Вялічкін камэнтуе:

Уладзімер Вялічкін
“Натуральна, у сваякоў узьніклі законныя пытаньні, на якой падставе гэта адбываецца. Мы, праваабаронцы, таксама лічым, што гэта незаконна. Там дзеці непаўналетнія, і каб такія рэчы рабіць, трэба абавязкова папярэдзіць бацькоў”.

Многія бацькі адкрыта выказваюцца супраць таго, што дзяцей бязь іхнага ведама змушаюць даваць адбіткі пальцаў.

“Я адмоўна стаўлюся. Рабіць бязь ведама бацькоў. Мусіць, нейкая база дадзеных зьбіраецца. Што вы тут параіце?” — кажа Тамара Васілеўна, маці аднаго з навучэнцаў.

Уладзімер Вялічкін такі прымус зьвязвае таксама з падрыхтоўкай да прэзыдэнцкіх дажынак:

“Менавіта напярэдадні гэтага дзяржаўнага мерапрыемства ўлада і праводзіць гэтую кампанію па ўзяцьці адбіткаў — для таго каб напалохаць нейкім чынам моладзь і адхіліць яе ад удзелу ў нейкіх мерапрыемствах, што могуць зашкодзіць правядзеньню гэтых дажынак”, — разважае Ўладзімер Вялічкін.

Грамадзкі актывіст з Кобрына Аляксандар Мех бачыць у гэтай падзеі шырэйшы кантэкст:

“Тут бяруць адбіткі пальцаў ва ўсіх. У дырэктараў школ таксама. У вёсках бяруць адбіткі пальцаў. Каб кантраляваць усё грамадзтва. Дыктатура паводзіць сябе, як звычайная дыктатура”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG