Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Марцалеў. Партрэт на фоне кратаў





Сяргей палюбіў чытаць адразу, зь пяці гадоў. Сябры заўсёды дзівяцца яго абазнанасьці, нават энцыкляпэдычным ведам у цікавых яму сфэрах. Улюбёныя аўтары — Набокаў, Купрын, Даўлатаў, Ліпскераў. Мары — наведаць горад Порту ў Партугаліі і возера Байкал. Улюбёны краявід — горы Абхазіі. Жыцьцёвае крэда: "Будзь рэалістам, імкніся да неверагоднага!".

Сяргей вучыўся на факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржунівэрсытэту. У студэнцтве стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", а потым — лідэрам "Маладой Грамады". Той час адзначаўся яркімі акцыямі дэмакратычна скіраванай моладзі. Адной зь іх стаўся пікет каля будынка Нацбанку ў дзень адкрыцьця першага ў Менску "Макдональдса".

"Гэта быў Дзень правоў чалавека, 10 сьнежня 1996 году. У той час гучнай палітычнай справай быў арышт Славаміра Адамовіча за верш "Забі прэзыдэнта!" Гэта і сталася лейтматывам нашага пікету", — згадвае паплечнік і сябра Сяргея Мікола Прыварнікаў. — "Пікет выйшаў шматлюдны, чалавек 200—300… Мы трымалі плякаты, раздавалі ўлёткі з Дэклярацыяй правоў чалавека. На адным з плякатаў быў партрэт Адамовіча і надпіс "Ён ня есьць гамбургераў". Шмат было журналістаў, прысутнічалі ўсе расейскія тэлеканалы". Завяршылася ўсё прадказальна — затрыманьнямі і дастаўкай у РУУСы.

Яшчэ адна яркая акцыя сацыял-дэмакратычнай моладзі — пікет супраць прымусовага разьмеркаваньня ў сакавіку 1997-га — скончылася для Сяргея ўжо 10 суткамі адміністратыўнага арышту. Патрапіўшы на Акрэсьціна, Марцалеў адразу абвясьціў сухую галадоўку. "У той час само паняцьце палітычнай галадоўкі было нейкім яркім дзеяньнем", — узгадваў ён пазьней. Абвешчаная студэнтам акцыя пратэсту прыцягнула ўвагу журналістаў, выклікала шырокі рэзананс, а яго самога давяла да рэанімацыі.

Сярод лёзунгаў, якімі запомніўся харызматычны вобраз Сяргея, быў гішпанскі, вельмі актуальны для Беларусі сёньняшняй: "El pueblo unido jamás será vencido", — "Народ зьяднаны — народ непераможны"
Але той рэзананс меў наступствы. Скончыўшы 3-ці курс без прэтэнзій з боку выкладчыкаў, Сяргей Марцалеў і яго аднакурсьнік Мікола Прыварнікаў былі адлічаныя за няздачу факультатыву — мэдычнай падрыхтоўкі. Рэктарам БДУ ў той час быў Аляксандар Казулін. "Уколы я дагэтуль рабіць умею добра — ніхто ня скардзіўся", — распавядаў пра карысьці нібыта няздадзенага факультатыву Сяргей.

Пэўны час Сяргей актыўна займаўся кіраўніцтвам "Маладой Грамадой". Удзел маладых сацыял-дэмакратаў у вулічных акцыях заўсёды быў яркім і гучным. Сярод лёзунгаў, якімі запомніўся харызматычны вобраз Сяргея, быў гішпанскі, вельмі актуальны для Беларусі сёньняшняй: "El pueblo unido jamás será vencido", — "Народ зьяднаны — народ непераможны". Цяпер цяжка ў гэта паверыць, але нават дзяржаўная газэта "Вячэрні Мінск" зьвярнула на моладзевага актывіста ўвагу і надрукавала яго інтэрвію:

Пэўны час Сяргей вучыўся ў Расейскім гуманітарным унівэрсытэце. Пры падтрымцы польскага ўраду працягнуў навучаньне на факультэце паліталёгіі Познанскага ўнівэрсытэту. Адначасова супрацоўнічаў з польскім фондам Стэфана Акшэі сумесна з моладзевым крылом Уніі Працы, быў каардынатарам шэрагу адукацыйных палітычных сэмінараў для беларускай моладзі.



Вярнуўся ў Беларусь падчас выбараў 2006-га году. Працаваў прэс-сакратаром Аляксандра Казуліна, мадэратарам і рэдактарам сайту kozulin.org, пісаў публіцыстычныя матэрыялы для сайтаў naviny.by і eurobelarus.info.

На выбарах-2010 стаў кіраўніком выбарчага штабу Міколы Статкевіча. 23-га сьнежня быў затрыманы ў цягніку Менск — Варшава, калі ехаў на здымкі праграмы тэлеканалу БелСАТ. Спачатку абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў паводле артыкула 293, ч.1. Потым было выстаўлена іншае абвінавачаньне — ч.1 артыкула 342: удзел у дзеяньнях альбо арганізацыя дзеяньняў, якія парушалі грамадзкі парадак. Адваката за час утрыманьня ў СІЗА бачыў два разы, зь перапынкам амаль у тры месяцы.

Сябры Сяргея адзначаюць, што схільнасьць да літаратурнай дзейнасьці адбіваецца нават на стылістыцы нешматлікіх лістоў, якія ён дасылае зь СІЗА КДБ.


Зь ліста Сяргея з-за кратаў


"Пісалі мы з сукамэрнікамі адміністрацыі СІЗА аб нашым жаданьні здаць кроў для ахвяраў тэракту. Доўга не было адказу. Я думаў, што ўжо і ня будзе. І вось ўчора, у панядзелак, прыйшла папера, - што вазіць нас у грамадзянскія бальніцы для здачы крыві эканамічна немэтазгодна, а правядзеньне Дня донара ў рамках ўстановы плянуецца ў штатным графіку. Калі, праўда, невядома ".


Сяргей вельмі любіць рабіць блізкім сюрпрызы. На дзень народзінаў ён заўсёды дарыў тое, пра што сябар марыў, аднойчы між словаў згадаў і забыўся. Яму падабаецца быць чараўніком там, дзе ён здольны зрабіць цуд.

Таму ўсе мы марым і спадзяемся, што зьдзейсьніцца і мара Сяргея Марцалева — прыехаць у Порту, патрапіць на пляж, дзе можна начаваць, схаваўшыся за валунамі, якія аберагуць ад начнога салёнага ветру з акіяну.

Юлія Рымашэўская, прэсавы сакратар кампаніі "Гавары праўду".


Сяргей Марцалеў нарадзіўся 29 красавіка 1977 году ў Менску. Унук Станіслава Марцэлева, былога кіраўніка Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук. Таксама ўнук члена-карэспандэнта АН Леаніда Яўменава.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 г. кіраваў перадвыбарчым штабам Міколы Статкевіча. Уначы 23 сьнежня яго зьнялі зь цягніка, на якім ехаў у Варшаву. Арыштавалі, зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.



Усе партрэты на фоне кратаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG