Як піша Neue Zuercher Zeitung, тое, што традыцыйна прызвычаіліся лічыць “гульнёй братоў”, тоіць у сабе шмат магчымых сюрпрызаў. “Расея — пакуль адзіная каманда, якая не атрымала аніводнай паразы ў папярэдніх прамежкавых гульнях. Але і беларусы, чыя зборная падмацаваная Русланам Салеем і Міхаілам Грабоўскім з НХЛ, сёньня моцныя як ніколі”.
Паводле нямецкіх аглядальнікаў, “беларуская зборная пасьля перамогаў над Славаччынай і Фінляндыяй захавала вялікую ўпэўненасьць у сабе і, зразумела, хоча падставіць падножку “старэйшаму брату”. Калі беларускія хакеісты на чале са сваім канадзкім настаўнікам працягнуць абраную імі манеру гульні, магчымыя ўсялякія сюрпрызы”.
Паводле трэнэра беларускай зборнай Глэна Хэнлана, у камандзе ня лічаць выхад у чвэрцьфінал выкананьнем пастаўленай задачы.
За некалькі гадзін да гульні галкіпэр беларускай зборнай Андрэй Мезін заявіў журналістам, што яго сябры гатовыя да бою зь дзеючым чэмпіёнам сьвету — Расеяй.
“Мы разальём перад супернікам беларускае балота, а калі будзе патрэба, яшчэ і падпалім яго”, — сказаў Мезін у размове з карэспандэнтам “Прэсболу”.
Вялікі артыкул у спартовым інтэрнэт-выданьні sportalplus называецца “Даўгая грыва, злосны позірк і… страх расейцаў?” Ён прысьвечаны форварду Міхаілу Грабоўскаму — гульцу НХЛ і аднаму зь лідэраў беларускай нацыянальнай зборнай.
Паводле sportalplus, цяперашні сэзон — найлепшы для “Grabby”. Так клічуць гульца “Таронта” ў Канадзе. Міхаіл Грабоўскі нарадзіўся ў 1984 годзе ў ГДР у сям’і беларускага будаўніка. Потым сям’я пераехала ў Менск, дзе прайшло дзяцінства Міхаіла, далей — у Расею. Хакейная кар’ера будучага форварда НХЛ (у Таронта ён цяпер атрымлівае 850 тысяч даляраў за сэзон) пачалася ў маскоўскім клюбе “Дынама”. Потым былі два напружаныя сэзоны ў “Манрэалі”.
Як пішуць аглядальнікі, Грабоўскі адразу кідаецца ў вочы, і ня толькі дзякуючы сваім шыкоўным сьветлым валасам, а і таму, што добра забівае шайбы. Пасьля гульні зь фінамі на цяперашнім чэмпіянаце Грабоўскі сказаў: “Буду спадзявацца, што і наступныя мае шайбы будуць такімі ж вырашальнымі. У мяне цудоўныя напарнікі ў беларускай зборнай. Яны выдатна выводзяць мяне на пазыцыю”.