Шэраг эўрапейскіх краінаў наклалі забарону на ўвоз мясных прадуктаў з-за акіяну. На тле магчымай пандэміі Сусьветны банк прагназуе падзеньне міжнароднага валавога ўнутранага прадукту на 5%. Якія захады дзеля лякалізацыі вірусу плянуюцца ў Беларусі?
Паводле Міністэрства аховы здароўя Мэксыкі, з сымптомамі сьвінога грыпу шпіталізаваныя блізу дзьвюх тысяч чалавек. Факты заражэньня таксама зафіксаваныя ў ЗША і Канадзе.
У бальшыні эўрапейскіх краінаў з-за выбуху захворваньня ўведзеная забарона на ўвоз мясных прадуктаў у багажы авіяпасажыраў з заражаных раёнаў. Суседняя Расея ад 26 красавіка забараніла ўвоз мяса і прадуктаў яго перапрацоўкі, атрыманых ад любой жывёлы, у багажы пасажыраў і харчаваньні экіпажаў марскіх і паветраных суднаў. Забарона тычыцца Мэксыкі, краінаў Цэнтральнай Амэрыкі і дзевяці штатаў ЗША.
Афіцыйная пазыцыя беларускіх уладаў адносна пагрозы эпідэміі пакуль не агучаная — у Беларусі працяглыя выходныя, чыноўнікаў на працоўных месцах няма. І толькі ў службе санітарнага кантролю нацыянальнага аэрапорту “Мінск” далі зразумець, што ў Беларусі адсачыць перасоўваньне праблемных пасажыраў прасьцей — зь Менску няма наўпроставай паветранай сувязі з амэрыканскім кантынэнтам. А ў выпадку, калі чалавек вяртаецца, прыкладам, з ЗША праз эўрапейскія аэрапорты, яго правераць двойчы — у месцы перасадкі і па прылёце ў Менск:
“Мы зараз надзвычай загружаныя. Цяпер мы на пастаяннай сувязі з усімі авіялініямі, каб мець інфармацыю, ці ёсьць пасажыры з праблемных рэгіёнаў — што да гэтага захворваньня. Таму ў нас вялікая напружанасьць”.
Карэспандэнт: “Дык нагода для хваляваньня ёсьць?”
“Пакуль я вам нічога не магу сказаць. Але сытуацыя на поўным кантролі, усё пад кантролем”.
Навукоўцы сыходзяцца на думцы, што сьвіны варыянт віруса грыпу H1N1 у Мэксыцы мае патэнцыял, каб стаць прычынай пандэміі. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае: за 6 гадоў птушыны вірус H5N1, які таксама разглядаўся як кандыдат у пандэмічныя вірусы, забіў 250 чалавек з паўтысячы хворых. А вірус H1N1, толькі зьявіўшыся, за некалькі дзён заразіў блізу дзьвюх тысяч чалавек. Найгоршым варыянтам можа быць падабенства сьвінога грыпу да так званай “гішпанкі” ўзору 90-гадовай даўніны, якая забіла мільёны людзей. Цяпер структурныя адметнасьці вывучаюцца, аднак ужо цяпер навукоўцы згодныя ў тым, што хвароба мае патэнцыял для распаўсюджваньня.
Найлепшы спосаб застрахавацца ад непажаданай рызыкі — устрымацца ад паездак у Мэксыку і ад спажываньня тамтэйшай заражанай прадукцыі. Паводле зьвестак з Расеі, “Рассельгаснагляд” цалкам перакрыў крыніцу паступленьня сьвінога грыпу з жывёламі, мясам і прадуктамі, якія не прайшлі тэрмічную перапрацоўку. Такім чынам, беларусы, якія маглі на тэрыторыі Расеі альбо пакаштаваць заражанае мяса, альбо прывезьці яго дадому, больш-менш застрахаваныя ад такой магчымасьці. Дарэчы, пастаўкі мяса з амэрыканскага кантынэнту ў Беларусь ужо некалі гадоў як спыненыя.
Аднак па-ранейшаму актуальным застаецца чалавечы фактар. Мэксыка славіцца сваёй багатай гісторыяй, якая прываблівае шматлікіх турыстаў з усяго сьвету. Апошнім часам краіну проста апанавалі расейцы, якія, словамі мэнэджэра менскай турфірмы “Трэвэл Даміно”, у крызіс масава скупляюць усе дарагія туры, такім чынам ратуючы свае грошы ад абясцэньваньня. А вось беларусы ад такой тэндэнцыі ўбаку: найперш — дорага, па-другое, візавыя ўмовы практычна невыканальныя:
“Ёсьць адмысловыя авіяпраграмы з вылетам з Масквы. Але цяпер трэба мець на ўвазе, па-першае, папярэджаньне расейскага МЗС наконт сьвінога грыпу. Па-другое, каб адкрыць мэксыканскую візу, то гэта запатрабуе надзвычай шмат высілкаў. Справа ў тым, што адкрываюць яе не ў кансуляце ў Маскве, а непасрэдна ў самой Мэксыцы. Атрымліваецца, што беларускія пашпарты павінны прыехаць спачатку ў Маскву агульным парадкам, затым ляцець у Мэксыку і ўжо потым вярнуцца назад альбо з адмовай, альбо зь візай. Таму гэтым ніхто фактычна і не займаецца. Тым больш — сьвіны грып, і ахвотных туды ехаць зараз няма. Таму менавіта ў гэтым сэнсе грып нам не пагражае, бо нават такіх заявак няма”.
У Мэхіка пачалася масавая вакцынацыя жыхароў. Ужо даказана, што вірус перажыў мутацыю і ад сьвіней перадаўся людзям. Амэрыканскія эпідэміёлягі высьветлілі, што ахвяры сьвінога грыпу ў Мэксыцы заразіліся тым жа вірусам, на які раней перахварэлі восем чалавек у Тэхасе і Каліфорніі.
Мэдыкаў найбольш хвалюе, што вірус зможа выйсьці за межы 20-мільённага мэгаполісу і выклікаць глябальную эпідэмію. Цяпер для барацьбы з новым штамам грыпу распрацоўваецца спэцыяльны прэпарат “Tamiflu”.