Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады парадкуюць толькі савецкія помнікі


Баранавіцкая талака ля крыжа ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў
Баранавіцкая талака ля крыжа ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў

Напярэдадні памінальнага сьвята актывісты недзяржаўных грамадзкіх арганізацый Баранавіч традыцыйна парадкуюць сквэр па вуліцы Пірагова. Тут усталяваны крыж — знак памяці пра ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій.


Больш як трыццаць актывістаў рознага ўзросту даглядаюць памятную мясьціну ў сквэры. Цяпер ля крыжа ўскапалі зямлю ды пасеялі кветкі. Гаворыць юнак Васіль Роўда:

“Хутка будзе Радаўніца. Мы павінны прыбірацца тут. Дзяржаўная ўлада гэтым не займаецца. Ніколі не было такога, каб яны чысьцілі. Прыйшло сюды шмат маладых людзей”.

У пачатку 1990-х прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці ў Баранавічах дамагліся ўсталяваньня крыжа ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Першапачаткова крыж стаяў у цэнтры гораду, але пазьней яго перанесьлі ў іншае месца — у маленькі сквэр на вуліцы Пірагова. Паводле старшыні баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы Віктара Сырыцы, мясцовыя ўлады зусім ня сочаць за гэтым помнікам. У выніку сюды часта выкідаюць сьмецьце, іншым разам зьяўляюцца правакацыйныя надпісы. Віктар Сырыца кажа:

“Мы цяпер штогод па два разы прыбіраем тут тэрыторыю, расказваем людзям пра падзеі, якія зьвязаны са сталінскімі рэпрэсіямі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Афіцыйная ўлада ў Баранавічах даглядае пераважна савецкія помнікі. А тыя, што зьвязаныя з нацыянальнай гісторыяй, улады фактычна ігнаруюць. Толькі калі мы зьбяром подпісы, то тады нешта робяць.

У Мілавідах стаіць капліца ў гонар паўстанцаў Каліноўскага. У мінулым годзе мы сабралі даволі вялікую колькасьць подпісаў, што мілавідзкі помнік знаходзіцца ў дрэнным стане, там усё пасыпалася. То вось улады паклапаціліся, каб помнік парамантавалі і нават пафарбавалі. А каб не зьвярталіся, то, напэўна, ніхто б і нічога не рабіў бы”.

Віктар Сырыца высноўвае, што ўвогуле да помнікаў беларускай нацыянальнай гісторыі няма належнай увагі:

“Увагі тут вельмі мала да гэтых помнікаў. Асабліва гістарычных. Таму я лічу, што трэба, каб грамадзкія арганізацыі ўзялі на сябе такую функцыю — падштурхоўваць улады да аднаўленьня гэтых помнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG