Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Шыла будзе здаваць экзамэн на атэстат


Салдаты-апазыцыянэры знаходзяцца ў сваіх вайсковых частках. Маладафронтаўцы, паплечнікі Івана Шылы, у рамках кампаніі “Школа для ўсіх” зьвярнуліся да міністраў абароны і адукацыі, каб тыя далі магчымасьць здаць Івану экзамэн і атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі. Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук нясуць службу і чакаюць матэрыялаў справы для абскарджаньня судовых рашэньняў у вышэйшых інстанцыях.

Салдаты-апазыцыянэры займаюцца звычайнай вайсковай працай. Маладафронтавец Іван Шыла капае акопы і ня скардзіцца на здароўе.

Іван Шыла
Хлопец зьвярнуўся да міністра адукацыі Польшчы, каб яму дапамаглі вырашыць пытаньне атрыманьня атэстату пра сярэднюю адукацыю. Летась Іван быў адлічаны са школы перад апошнім выпускным экзамэнам.

Тым часам маладафронтаўцы ў рамках кампаніі “Школа для ўсіх” зьвярнуліся да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова і міністра абароны Леаніда Мальцава, каб тыя далі магчымасьць хлопцу атрымаць атэстат у беларускай школе.

Уладзімер Шыла
Бацька Івана Ўладзімер Шыла: “Экзамэн па ангельскай мове прызначылі на 9 чэрвеня. Будзе здаваць экзамэн там, у Лепелі. Тут паралельна ўсплыла яшчэ адна нечаканасьць: у школе, дзе Іван будзе здаваць экзамэн, нас пачалі пераконваць, што яму трэба здаваць два экзамэны. Сёлета яны зьмянілі ўзор атэстату і там ёсьць графа «інфарматыка»”.

У вайсковай частцы пад Лепелем, дзе служыць Іван Шыла, карантын з-за вятранкі падоўжылі да 9 траўня. Салдатаў ня могуць да таго часу наведваць сваякі. Але пры гэтым на тэрыторыю часткі прывозяць школьнікаў на экскурсію.

Алесь Каліта
Разам з Іванам служыць Алесь Каліта, былы старшыня моладзі БНФ. 1 траўня яму споўніцца 25 гадоў. Павіншаваць сябра з юбілеем прыедуць ягоныя паплечнікі і жонка Наста Александровіч.

Зьміцер Хведарук сёньня пачынае несьці тэрміновую службу ў Жодзінскай вайсковай частцы. Да 24 красавіка ён знаходзіўся ў мэдычнай роце ў Барысаве. Яшчэ раней хлопец быў у санчастцы, а перад тым — у вайсковым шпіталі.

Зьміцер Хведарук
Зьміцер чакае, калі будуць падрыхтаваныя матэрыялы судовай справы, каб у вышэйшых інстанцыях дабіцца прызнаньня незаконнасьці ягонага гвалтоўнага прызыву ў войска.

Маці Зьмітра Ірына Хведарук:

“Ачуняў ужо. Судовы працэс нават таму, хто мае падтрымку сваякоў, цяжка даецца. А калі цябе адразу ж адвезьлі, — удвая цяжэй”.

Франак Вячорка
Старшыня моладзі БНФ Франак Вячорка піша артыкулы ў мясцовую газэту пра вайсковыя будні і гэта выклікае розную рэакцыю з боку салдат.

Кацярына Маркоўская бачылася з Франкам. Яна расказала, што знайшла яго бадзёрым:

“Працягвае пісаць у газэту “Гомельская праўда”. Напісаў чарговы артыкул пра вайсковыя будні з канкрэтнымі пэрсанажамі ў выглядзе сваіх саслужыўцаў.

Распавядаў, што некаторыя салдаты падыходзяць і просяць, каб напісаў пра іх нешта добрае, а іншыя, наадварот, падыходзяць і кажуць, каб толькі пра іх не пісаў нічога.

Весела назіраць, як ён адаптаваўся да новых умоваў. Раней ён жа быў вельмі прасунуты ў тэхнічных сродках. Цяпер, каб нешта зачытаць, доўга рыецца ў кішэні, выцягвае адтуль цыдулку і зачытвае зь яе нейкі свой твор — артыкул ці нарыс, які напісаў“.

Зьміцер Хведарук, Іван Шыла, Франак Вячорка, Алесь Каліта і Зьміцер Жалезьнічэнка атрымліваюць шмат лістоў падтрымкі. Яны кажуць, што такое ліставаньне ёсьць ня толькі маральнай падтрымкай, але й узьдзейнічае на камандаваньне частак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG