Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалезьнічэнка: Я ўсё вайсковае забыў


Зьміцер Жалезьнічэнка вяртаецца на тры месяцы ў войска
Зьміцер Жалезьнічэнка вяртаецца на тры месяцы ў войска
Сёньня надвячоркам салдат Зьміцер Жалезьчэнка пасьля 10-дзённага адпачынку ад’ехаў з Гомеля ў транспартную вайсковую частку ў Жлобіне. На чыгуначным вакзале яго праводзілі бацькі й знаёмыя. А 21-й гадзіне скончылася ягоная кароткатэрміновая пабыўка.

Як пачувалася адпускніку ў родным горадзе пасьля чатырнаццаці месяцаў разлукі?

“Спачатку я казаў пра вайсковыя рэфлексы, якія не адпускаюць, не даюць нармальна парадавацца. Але дома прайшло некалькі дзён, і я сапраўды адчуў сябе дома. І адразу пачаў займацца сваімі простымі справамі, якіх, натуральна, сабралася багата”.

Праз узмацняльнікі ўжо чуецца аб’ява: “Прыгарадны дызэль-цягнік знаходзіцца на 16-м шляху паўночнага боку вакзалу”.

Зьміцер расказаў, што падчас адпачынку сьцягваў з інтэрнэту патрэбныя падручнікі для сваёй прафэсійнай падрыхтоўкі як праграміста, сустракаўся зь сябрамі й гомельскімі дэмакратычнымі актывістамі. Парадаваўся пераменам:

“Падабаецца, што ёсьць шмат людзей. якія займаюцца канкрэтнымі справамі, і бачны вынік гэтых справаў. Зайшоў у інтэрнэт і пабачыў, колькі зьявілася, напрыклад, новых разнастайных сайтаў. І робяцца яны на высокім прафэсійным узроўні. Што датычна грамадзкай дзейнасьці, то яна, мне падаецца, атрымала больш высокі прафэсійны ўзровень. Гэта было важна для мяне, бо ў войску такіх людзей мала. У асноўнай масе людзі там думаюць, як пражыць сёньняшні дзень, ня думаюць, што будзе далей. І ня хочуць ствараць штосьці новае”.

Спадар Жалезьнічэнка не бяз долі гумару апавядае пра свае першыя захады пасьля вяртаньня ў вайсковую частку, дзе яму засталося служыць крыху больш як тры месяцы — да 25 ліпеня:

“Напэўна, першае, што зраблю пасьля прыезду — напішу камандзіру брыгады й папрашу зноўку правесьці мяне праз курс маладога байца. Мне падаецца цяпер, што я ўсё вайсковае забыў, нічога ў сьвядомасьці не засталося”.



Да прызыву ў войска Зьміцер Жалезьнічэнка вучыўся на трэцім курсе матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францыска Скарыны. Сярэдні бал у ягонай залікоўцы — 9,3. Зьміцер — сябра БНФ, быў намеснікам старшыні моладзевай культурніцкай суполкі “Талака”. Вёў актыўную грамадзкую працу сярод моладзі й студэнтаў. З надуманых абвінавачваньняў яго двойчы адлічвалі з унівэрсытэту.

25 студзеня 2008 году, пасьля другога адлічэньня, Зьмітра тэрмінова прызвалі ў войска. Зь яго, па сутнасьці, пачалася ізаляцыя праз войска маладых актывістаў апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG