Каля яго магілы сабраліся больш за 50 чалавек. Сярод іх дэпутаты Вярхоўнага савету 12-га і 13-га скліканьняў, зь якімі працаваў разам Генадзь Карпенка — Мечыслаў Грыб, Віктар Алампіеў, Лявон Дзейка, Аляксандар Дабравольскі, Людміла Гразнова, Станіслаў Багданкевіч і іншыя.
Жалобную цырымонію адкрыў былы памочнік Генадзя Карпенкі Валер Костка. Людміла Гразнова pаcпавяла, якім ураўнаважаным і інтэлігентным быў Генадзь Карпенка. Прафсаюзны дзеяч Генадзь Быкаў згадаў пра сумесную працу на пачатку 90-х гадоў. А прафэсар Юрась Хадыка сказаў, што Генадзь Карпенка быў ня толькі цудоўны палітык і навуковец, але і добры хрысьціянін, і прачытаў малітву. На цырымонію прыехала дэлегацыя зь нямецкага гораду Эсьлінгену, пабраціма Маладэчна. Мэрам Маладэчна быў Генадзь Карпенка. Афіцыйнай дэлегацыі зь беларускага боку не было, хоць некаторыя былыя супрацоўнікі маладэчанскага гарвыканкаму прыехалі на імпрэзу самастойна.
Пасьля цырымоніі яе ўдзельнікі накіраваліся ў беларуска-нямецкі адукацыйны цэнтар, дзе адбудзецца канцэрт-рэквіем памяці Генадзя Карпенкі.