Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме рабочым прапанавалі выбіраць з двух зол


На прадпрыемстве “Слоніммэбля” адміністрацыя вырашыла скараціць з-за крызісу 24 чалавекі. Але іншыя працаўнікі заступіліся за сваіх таварышаў.

У мінулым пасьпяховае мэблевае прадпрыемства “Слоніммэбля” адчула на сабе наступствы крызісу. Са слоў загадчыцы аддзелу маркетынгу, спадарыні Галіны, за першы квартал аб’ёмы экспартных паставак скараціліся на 10%, а на ўнутраны рынак — да 30%.

Спадарыня Галіна лічыць, што гэта ня вельмі добры знак, бо менш пачалі купляць іх мэблю амаль усе партнэры з краінаў СНД, куды фабрыка накіроўвала болей за 60% сваёй прадукцыі.

Спадарыня Галіна: “Усе пачалі меней купляць: і Казахстан, і Душанбэ, і Расея — усе патроху сталі браць менш. Ну, а далей ня ведаю, што будзе…”

Рабочыя распавялі, што адміністрацыя фабрыкі сабрала агульны сход, на якім, апавёўшы пра рэальнае становішча, рабочым прапанавалі выбіраць самім: альбо скараціць 24 чалавекі, альбо зьнізіць заробкі.

Вось што сказала мне старшыня прафкаму прадпрыемства Натальля Лаўрыновіч:

“Пакуль першы квартал мы адпрацавалі безь вялікіх стратаў, але ў наступным квартале плянуецца зьніжэньне прэміяльных. Мы зьбіралі агульны сход калектыву й вырашылі разам, каб нікога не скарачаць, а каб усе засталіся на сваіх працоўных месцах”.

На прадпрыемстве “Слоніммэбля” працуе больш за 400 чалавек, рабочыя зарабляюць прыкладна ад 600 тысяч да мільёна рублёў. Пераважна на прадпрыемстве вырабляюць мяккую мэблю для кватэраў. Плянуецца, што за кошт зьніжэньня прэміяльных заробак зьменшыцца на 10%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG