Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва абвінавачвае беларускага ксяндза ў генацыдзе


Юозас Бульк
Юозас Бульк

Літоўская юстыцыя выдала эўрапейскі ордэр на арышт 83-гадовага сьвятара зь Беларусі Юозаса Булькі, які абвінавачваецца ў генацыдзе.


Паводле літоўскай пракуратуры, у 1950-я гады гэты сьвятар супрацоўнічаў з камуністычнымі ўладамі і дапамагаў ім адсочваць і забіваць партызанаў, так званых “лясных братоў”, якія змагаліся супраць Саветаў.
Пра гэта паведамляе экумэнічнае агенцтва ENI.

Як заявіў памочнік галоўнага пракурора Літвы, Булька можа быць арыштаваны ў любой краіне ЭЗ. Запыт таксама накіраваны і генэральнаму пракурору Беларусі, але ад яго Вільня пакуль не атрымала адказу.

Паводле літоўскіх законаў Бульку пагражае турэмнае зьняволеньне да 25 гадоў.
На яго сумленьні жыцьцё 56 чалавек, якіх ён выдаў спэцслужбам ...

Як заявіў у размове з ENI літоўскі гісторык Лаймонас Абарус, у 1950-я гг. Юозас Булька напачатку змагаўся на баку лясных братоў, а потым быў завэрбаваны органамі ГБ. У Булькі, паводле гісторыка, была мянушка “Бімба”. На яго сумленьні жыцьцё 56 чалавек, якіх ён выдаў спэцслужбам.

У Беларусі Булька карыстаецца вялікім аўтарытэтам. У вёсцы Мосар, дзе знаходзіцца яго прыход, сьвятар разгарнуў актыўную барацьбу з алькагалізмам. Зь ягонай ініцыятывы ў вёсцы быў адкрыты музэй барацьбы з п’янствам, а таксама помнік папу Яну Паўлу II і нават міні-заапарк.

У 2006 годзе беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў аднаго з найстарэйшых беларускіх ксяндзоў Бульку мэдалём Францыска Скарыны.

Сам Булька ўжо абверг інфармацыю ENI ды іншых мэдыяў.

“Я ўсё жыцьцё змагаўся з п’янствам, а цяпер мне “шыюць палітыку”, заявіў сьвятар у размове з Інтэрфаксам.

Булька адзначыў, што ў часе другой усясьветнай вайны ён зьнішчыў шмат самагону, бо былі людзі, якія яго рабілі і такім чынам спойвалі цывільнае насельніцтва Літвы ў гады вайны.

“Тыя людзі, якія паведамляюць пра “лясных братоў”, хочуць пазбавіцца ад мяне. Яны ня хочуць, каб Беларусь прыгажэла і квітнела, а таму і кажуць няпраўду”, — дадаў беларускі ксёндз.

Булька таксама абверг інфармацыю шэрагу СМІ пра тое, што ён быццам бы жанаты: “Гэта няпраўда. Я маю дакумэнты пра сваё рукапалажэньне ад літоўскага кардынала і блаславеньні”.

У размове з журналістамі прадстаўнікі пракуратуры Беларусі не камэнтуюць гэтую інфармацыю.

Тым часам супрацоўнікі пракуратуры Ігналінскага раёну Літвы паведамілі карэспандэнту Інтэрфакс-Захад, што ўжо атрымалі зь Менску адказ за подпісам намесьніка генпракурора. Зь яго вынікае, што запыт Літвы ня будзе выкананы, бо не адпавядае законам Беларусі.

Прадстаўнікі літоўскай юстыцыі, якія вядуць справу, пацьвердзілі, што яна распачатая паводле артыкулу “генацыд літоўскага народу”. Дзеяньні, якія інкрымінуюцца ксяндзу Бульку, адносяцца да 1950-х гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG